навіны

Ціханоўская – NATO: Дапамога Беларусі – не дабрачыннасць, а інвестыцыя

Святлана Ціханоўская выступае перад Парламенцкай асамблеяй NATO ў канадскім Манрэалі. Фота: Офіс Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская выступае перад Парламенцкай асамблеяй NATO ў канадскім Манрэалі. Фота: Офіс Ціханоўскай
podpis źródła zdjęcia

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла перад Парламенцкай асамблеяй NATO ў канадскім Манрэалі, што сабрала больш як 260 парламентарыяў з краінаў чальцоў Альянсу і партнёрскіх дзяржаваў. У тым ліку ўпершыню ў рабоце асамблеі ўзяла ўдзел дэлегацыя Новай Зеландыі.

Асноўныя тэмы асамблеі вайна ва Украіне, трансфармацыя NATO ва ўмовах пагрозаў з боку Расеі і іншых аўтарытарных рэжымаў, а таксама шырокі спектр пытанняў бяспекі, з якімі сутыкаецца Альянс. З ліку запрошаных гасцей перад удзельнікамі выступілі старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская.

У сваім выступе яна падкрэсліла важнасць пераменаў у Беларусі і заклікала не баяцца «змены рэжыму».

,,

«Рэжым сам сябе не зменіць, дыктатуру трэба замяніць дэмакратыяй, бо без гэтага палітвязні не будуць вызваленыя, правакацыі на мяжы не спыняцца і [Аляксандр] Лукашэнка застанецца пагрозаю для ўсяго рэгіёну», – сказала яна.


Ціханоўская заклікала разглядаць дапамогу Беларусі не як дабрачыннасць, а як інвестыцыю ў бяспеку і стабільнасць рэгіёну, бо «ніхто не гарантуе большай бяспекі, чым дэмакратычны ўрад».

Палітык падкрэсліла ўзаемазвязанасць лёсаў Украіны і Беларусі, бо «перамога Украіны – гэта крок да свабоды Беларусі і ўмацавання еўрапейскай бяспекі». Паводле яе, нягледзячы на рэпрэсіі, беларусы працягваюць змагацца за перамены.

Таксама Ціханоўская нагадала, што аўтарытарныя рэжымы не вечныя і могуць знікаць нечакана. Яна папрасіла міжнародную супольнасць адназначна асудзіць «выбары ў Беларусі, запланаваныя рэжымам Лукашэнкі», і падтрымаць ініцыятывы ў прыцягненні яго да адказнасці, уключаючы міжнародныя суды.

,,

«Беларусь не павінна зрабіцца суцяшальным прызам для [Уладзіміра] Пуціна. Давайце змагацца за будучыню, дзе Беларусь і Украіна – свабодныя, а Еўропа – аб’яднаная», – завяршыла Ціханоўская.


Таксама ў Манрэалі Ціханоўская наведала сустрэчу, арганізаваную «Згуртаваннем беларусаў Канады». Размова датычыла планаў на «бязвыбары» Лукашэнкі, развязання праблемы легалізацыі і пратэрмінаваных пашпартоў, падтрымання «Эстафеты салідарнасці» з палітвязнямі, праграмы ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, каардынацыі працы беларускіх дыяспараў і стасункаў з Украінай.

Падчас Міжнароднага форуму бяспекі ў Канадзе лідарка дэмсілаў Беларусі сустрэлася з амерыканскімі сенатарамі і абмеркавала сітуацыю, што адбылася з экс-каліноўцам Васілём Верамейчыкам, а таксама заклікала спыніць супрацу з уладамі Беларусі і адключыць Беларусь ад сістэмы Інтэрполу.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10