Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца больш за чатыры з паловай гады: рэдкі дзень абыходзіцца без навінаў пра новыя затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 21 лістапада.
Другі дзень галоўная праваабарончая тэма ў Беларусі – экстрадыцыя з В’етнаму былога ваяра палка Каліноўскага, сябра Каардынацыйнай рады Васіля Верамейчыка. Вядома, што Літва назвала яго «пагрозай нацыянальнай бяспецы», праз што ён быў вымушаны пакінуць краіну. Верамейчык вырашыў пераехаць у В’етнам – і там яго не змаглі абараніць ад затрымання і перадачы на радзіму. Кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак сцвярджае, што Верамейчыку давалі інструкцыі па пераездзе ў Грузію і легалізацыі ў Еўразвязе, але ён у пэўны момант спыніў кантакт з фондам.
Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што міжнародная супольнасць мусіць змяніць падыходы за надання міжнароднай абароны, спыніць супрацу з сілавымі структурамі Беларусі і прыпыніць дамовы з Беларуссю аб экстрадыцыі. Беларусаў яна заклікала вывучыць спіс бяспечных краінаў.
З дзяржаўнай прапаганды стала вядома, што Верамейчык – не адзіны затрыманы каліновец: таксама быў затрыманы Максім Ралько, які да нядаўняга часу жыў у Польшчы. Калі і як ён трапіў у Беларусь, невядома.
У Беларусі тым часам і затрымліваюць, і вызваляюць. Першага больш: праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічыў, што ад 3 ліпеня ў Беларусі вызвалілі праз памілаванне 178 чалавек, але за той жа час праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 223 чалавек. І гэта без уліку тых, каго не абвяшчаюць палітвязнямі праз нежаданне сваякоў ці праз тое, што аб затрыманні проста не ведаюць.
Акрамя таго, праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, бо правяраюць кожную справу на адпаведнасць панятку «палітвязень». А такому азначэнню можа адпавядаць нават праўладны актывіст, калі яго асудзілі паводле палітычных артыкулаў. Так здарылася з Яўгенам Катляровым (псеўданім – Какойта), якога асудзілі ў закрытым рэжыме за «Дыскрэдытацыю Беларусі» і «Абразу прадстаўніка ўлады».
Гарадзенскі абласны суд 21 лістапада завочна вынес прысуд актывісту Ежы Грыгенчу, які быў у 2020 годзе даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Ганны Канапацкай. Грыгенчу прысудзілі 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 40 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў). Яго прызналі вінаватым паводле чатырох палітычных крымінальных артыкулаў. Сам Грыгенча застаецца за межамі Беларусі пасля адміністратыўных пакаранняў за акцыі пратэсту 2020 года. Сама Канапацкая зноў плануе балатавацца ў прэзідэнты, распачала збор подпісаў, атрымала падтрымку некалі апазіцыйнага камуніста.
Выданне «Флагшток» даведалася, што былога супрацоўніка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавода Аляксандра Нікіціна асудзілі на пазбаўленне волі за ўдзел у пратэстах паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ. Дакладны тэрмін невядомы, але вядома, што 22 лістапада ў Гомельскім абласным судзе будуць разглядаць апеляцыю выраку суда Чыгуначнага раёна.
Канал «Витебск, я гуляю» звярнуў увагу на паведамленне пракуратуры пра абвінавачванне 20-гадоваму віцебчуку Арцёму Янкіну: стала вядома, што яго абвінавацілі ў «Абразе Лукашэнкі» падчас тэлефанавання ў кантакт-цэнтр «Беларусбанку» і асудзілі на 1 год і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму. 15 лістапада ягоную апеляцыю разглядзеў і адхіліў абласны суд.
У Докшыцах за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) 21 лістапада мелі судзіць Пятра Клімко, які ў 2022 годзе быў адзначаны кіраўніцтвам раёну як «найлепшы супрацоўнік сістэмы электраэнергетыкі. У Наваполацку паводле таго ж артыкулу мелі судзіць былую юрысконсульта «Нафтану» Марыну Сацукевіч – у 2022 годзе ў яе ўжо праводзілі ператрус праз ейны ўдзел у Беларускім незалежным прафсаюзе.
Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла, што 21 лістапада правяло ва ўсіх абласцях Беларусі трэнаванні ў межах камандна-штабных вучэнняў. Міністр Іван Кубракоў асабіста кантраляваў выкананне неназваных задачаў у Магілёве. У Горадні ў сувязі з вучэннямі ўводзілі «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». У адной з папраўчых калоніяў правялі спецыяльныя вучэнні: адпрацоўвалі дзеянні пры бунце і захопе закладнікаў у калоніях.
Міністэрства інфармацыі паведаміла пра забарону ў Беларусі 35 друкаваных выданняў. Спіс, як сцвярджаецца, размешчаны на сайце міністэрства, але знайсці яго яшчэ не ўдалося нікому. Міністр інфармацыі Марат Маркаў тым часам наракае, што нейкая літаратура, «якая можа быць аднесена да экстрэмісцкай, ды і проста супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам», стала масава прыходзіць у Беларусь з Расеі.
Сталі вядомыя імёны 21 былых сілавікоў, якіх Аляксандр Лукашэнка раней пазбавіў званняў за тое, што «ў перыяд абвастрэння грамадска-палітычных абставінаў у 2020 годзе» яны «здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні, несумяшчальныя са статусам вайсковага службоўца».
Алесь Наваборскі belsat.eu