навіны

«Наш Ла-Ла Лэнд». Выйшаў прэтэндэнт на найлепшы беларускамоўны альбом года

Алена Зуй-Вайцяхоўская (выканаўца «Шчучыншчыны») і ейны муж Міхась Зуй (купалавец і актор каналу «ЧинЧинЧенэл»). Фота: Вікторыя Адамава
Алена Зуй-Вайцяхоўская (выканаўца «Шчучыншчыны») і ейны муж Міхась Зуй (купалавец і актор каналу «ЧинЧинЧенэл»). Фота: Вікторыя Адамава
podpis źródła zdjęcia

1 лістапада гурт «Zui» выпусціў моцны электронны альбом «Arka». Аўтары – Алена Зуй-Вайцяхоўская (выканаўца «Шчучыншчыны») і ейны муж Міхась Зуй (купалавец і актор каналу «ЧинЧинЧенэл»).

Пара пачала ствараць альбом яшчэ ў Беларусі, да эміграцыі. Над яго гучаннем працаваў гукарэжысёр Віталь Кулеўскі, у супрацы з якім раней з’явіліся альбомы гуртоў «ili-ili», «Дзецідзяцей» і першы альбом «Zui» – «Вопрос», які выйшаў у 2016 годзе.

«У сцэнарнай справе ёсць такі тэрмін – арка персанажа. Ён азначае шлях, што прайшоў герой, ягоную трансфармацыю. Так сталася, што некаторыя песні з нашага альбому мы напісалі даўно, у Беларусі. Тады мы былі толькі на пачатку тых трансфармацый, што з намі адбыліся. І пра гэта наш альбом – стан чалавека на парозе перамен», – кажа Міхась.

«Гэты альбом – сувязь з мінулым, гэта тая арка, што спалучае нас цяперашніх з намі, якімі мы былі да эміграцыі і вайны», – дадае Алена.

Альбом з васьмі трэкаў выйшаў змрочны, сур’ёзны і пры гэтым электронна-танцавальны. Адное, што заўсёды застаецца з дуэтам, – гэта іранічнасць тэкстаў. Новы альбом гурта смела можна паставіць на першыя радкі ў топе беларускіх альбомаў 2024 года.

Альбом «Arka» ўжо можна паслухаць на «Spotify», «Apple Music» і «Amazon».

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10