Прапаганда паказала двух замежнікаў, якія схаваліся ў нашай краіне нібыта ад палітычнага пераследу.
Карэспандэнт расейскага прапагандысцкага каналу RT Аляксей Стэфанаў паведаміў, што ў Беларусь уцёк «латвійскі журналіст Юрый Аляксееў»:
«Як кажа Юра, тры ночы ён не спаў, рыхтаваўся да ўцёкаў. Учора раніцою выйшаў з кватэры ў Рызе, дабраўся на перакладных да Вільні, купіў білет на аўтобус да Менску і, хвалюючыся, мінуў мяжу. Цяпер Юра ў Менску ў сяброў».
Аляксееў – прарасейскі журналіст, грамадскі актывіст і колішні палітык (у 2005–2009 гадах быў дэпутатам Рыжскай думы ад партыі «Расейскі саюз Латвіі»).
У студзені летась Рыжскі акруговы суд прызначыў яму 1 год 1 месяц зняволення за распальванне варожасці паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў і захоўванне дзіцячай парнаграфіі, аднак Аляксееў заставаўся на волі. Днямі, як сцвярджае Стэфанаў, яго маглі пасадзіць за краты адбываць гэты тэрмін.
Пасля прысуду Аляксееў сцвярджаў, што з Латвіі не з’едзе, бо «не хоча быць беглым і хоча паваяваць».
«Спачатку трэба адпіхацца, бо калі я збягу зараз, то адразу мяне прызначаць вінаватым, справу падвесяць, абвесцяць у міжнародны вышук, а гэта да канца жыцця я буду сядзець у межах Расеі, магчыма, часам выязджаць у Беларусь (у арыгінале ён сказаў „Белоруссию“ – заўвага „Белсату“), калі бацька нас, ворагаў латышскага народу, не пачне высылаць. Я буду беглым. А я не хачу быць беглым. Мой бацька Берлін браў і ўзяў, што, я буду ўцякаць з поля бою адсюль? А гэта ў нас поле бою расейцаў у Латвіі», – казаў Аляксееў.
Паводле ягонай версіі, яго асудзілі за каментары, якія ён не пісаў, а дзіцячай парнаграфіяй следства палічыла сямейныя фотаздымкі. Пяць гадоў таму супраць Аляксеева была заведзеная яшчэ адна справа – за «стварэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы Латвіі, здзейсненае групай асабоў па папярэдняй змове». Прычынаю сталіся публікацыі на сайце imhoclub.lv, які заснаваў Аляксееў.
Ці застанецца ён у Беларусі або паедзе ў Расею, пакуль не вядома.

Тым часам беларуская прапагандыстка Людміла Гладкая апублікавала інтэрв’ю з грамадзянінам Італіі і Польшчы Давідам Карбанара, якога рэпрэзентавалі як журналіста. Той паўтарыў усе наратывы беларускай прапаганды пра тое, што ў Польшчы няма свабоды слова, што там не працуюць законы і прэзумпцыя невінаватасці, што «ўвесь следчы апарат, пракуратура, паліцыя, спецслужбы – гэта рэпрэсіўныя структуры», а беларусам вельмі пашчасціла з уладаю, якая клапоціцца аб народзе.
Карбанара месяц таму ўцёк з Польшчы, дзе пражыў 20 гадоў, у нашую краіну. Ён таксама паспеў даць інтэрв’ю свайму «калегу» – былому суддзі Томашу Шмыту.
Італьянскі паляк сцвярджае, што прычынаю эміграцыі стаўся ціск на яго з увагі на ягоныя «публікацыі ў альтэрнатыўных польскаму ўраду медыях». Ён таксама расказвае пра нейкую крымінальную справу, заведзеную ў Польшчы, аднак не раскрывае падрабязнасцяў пра яе. Кажа толькі, што пераслед звязаны з ягонай фірмаю, што зазнала страты ў пандэмію ковіду.
Карбанара таксама сцвярджае, што два гады жыў без пашпарту, бо пракуратура забрала дакумент на час следства, потым пашпарт вярнулі і «запатрабавалі выплаціць 80 тысячаў злотых (у пераліку – амаль 20 тысячаў долараў – заўвага „Белсату”), іначай – арышт без тлумачэння прычынаў».
Давід Карбанара цяпер працуе на дзяржаўным радыё «Беларусь». Там яго называюць журналістам выдання «Myśl Polska». Аднак рэдактар гэтага выдання Пшэмыслаў Пяста заявіў, што такога супрацоўніка ніколі не ведаў:
«Давід Карбанара не з’яўляецца і не заяўляўся публіцыстам ніводнага з нашых медыя. Спасылка на гэтага спадара як на нашага журналіста разглядаецца як увядзенне ў падман і як дзеянне ў шкоду „Myśl Polska”, іміджу выдання і супольнасці, звязаным з ім».
Пяста таксама выказаў спадзяванні, што беларуская радыёстанцыя перастане называць свайго новага работніка журналістам гэтага польскага медыя.
Польская рэдакцыя «Белсату» знайшла інфармацыю, што Карбанара быў пастарам Евангелісцка-метадысцкай царквы ў Лодзі, аднак у 2021 годзе яго выгналі за «злоўжыванне даверам Касцёла і людзей», а ў Facebook маецца суполка ашуканых колішнім пастарам, якая называецца «Davide Carbonaro-oszukani». Публікацыі там сведчаць, што «палітычны ўцякач» мае праблемы з вяртаннем пазыкаў.
На партале dlugi.info знайшлося чатыры аўкцыёны, дзе выстаўленыя абавязанні Карбанара на суму больш за 1,5 млн злотых (каля 370 тысячаў долараў).
У 2020 годзе, калі Карбанара яшчэ служыў ў Лодзі, ён выступаў у абарону ЛГБТК-супольнасці, пісала тады «Gazeta Wyborcza». «Цікава, як ён паставіцца да становішча гэтых людзей ў Беларусі і Расеі, дзе яны зазнаюць сістэматычныя рэпрэсіі», – пішуць калегі з польскай рэдакцыі «Белсату».
Сцяпан Кубік belsat.eu