XVI Саміт BRICS стартуе 22 кастрычніка ў Казані пад старшынёўствам кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым некаторыя запланаваныя ўдзельнікі ў апошні момант адмянілі свой удзел.
Агулам чакаецца ўдзел 36 краінаў і 6 міжнародных арганізацыяў, а таксама генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Пры гэтым свой удзел у саміце скасавалі прэзідэнты Бразіліі і Сербіі. Першы, Лула да Сіўва, не прыедзе на саміт BRICS праз рэкамендацыі дактароў адмовіцца ад працяглых пералётаў пасля траўмы. А сербскі лідар Александар Вучыч не наведае Казані, бо «зарганізаваў візіты».
У межах саміту BRICS плануюцца пасяджэнні ў вузкім і пашыраным складах. На іх удзельнікі абмяняюцца думкамі пра актуальныя пытанні глабальнага і рэгіянальнага парадку дня, абмяркуюць абазначаныя расейскім старшынством тры магістральныя кірункі супрацы – у сферах палітыкі і бяспекі, эканомікі і фінансаў, культурна-гуманітарных кантактаў. Сярод іншага плануецца абмеркаванне вайны ва Украіне, піша ТАСС.
Асаблівую ўвагу нададуць праблематыцы магчымага пашырэння BRICS праз заснаванне новай для аб’яднання катэгорыі «дзяржаваў-партнёраў».
BRICS заснавалі ў чэрвені 2006 года ў межах Пецярбургскага эканамічнага форуму з удзелам міністраў эканомікі Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю. У 2010-м да арганізацыі далучылася Паўднёвая Афрыка. У 2023-м у BRICS прынялі Аргентыну, Іран, Саудаўскую Аравію, Егіпет, Эфіопію і ААЭ. Аднак Аргентына адмовілася далучацца да арганізацыі.
Глеб Нержын belsat.eu