Лефортаўскі суд Масквы пачаў слухаць крымінальную справу супраць расейскага палітолага, былога намесніка дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ Андрэя Суздальцава. Прарасейскага палітолага абвінавачваюць у паклёпе па заяве амбасады Беларусі ў Расеі. У Беларусі ягоны Telegram-канал прызнаны экстрэмісцкім. Паводле інфармацыі нашых калегаў з праекта «Вот Так», палітолага затрымлівалі расейскія сілавікі на запыт з Менску.
Першы дэпартаваны пры Лукашэнку
Суздальцаў працаваў у Беларусі з 1993 года – пераехаў на радзіму жонкі, дзе займаўся «нармальнай палітычнай працай» і фармаваў прарасейскую апазіцыю. Прабыў ён у краіне 13 гадоў: цягам гэтага часу погляды Суздальцава станавіліся менш зручнымі для рэжыму Лукашэнкі: палітолаг крытыкаваў падыход Лукашэнкі да фармавання «Саюзнай дзяржавы», стасункаў з Расеяй і эканамічнай залежнасці Беларусі ад суседа.
Суздальцаў мяркуе, што Лукашэнка «загубіў» працэс інтэграцыі Беларусі з Расеяй (цяпер грамадзяне РФ і РБ вызваленыя ад міграцыйных працэдураў, таксама існуюць саюзны медыяхолдынг, суды і ўрад Саюзнай дзяржавы, але яны практычна не ўплываюць на палітычныя працэсы ў краінах) і быў у ім зацікаўлены толькі праз эканамічны складнік. А сам рэжым Лукашэнкі называў аўтарытарным.
У 2006 годзе Суздальцава прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»: адмыслова дзеля гэтага быў скліканы парламент краіны, а палітолагу ўручылі рашэнне аб дэпартацыі (праўладныя беларускія газеты назвалі высылку Суздальцава «прафілактаваннем»).
«Суздальцаў – даволі ўнікальная персона, ён вядомы асабіста Лукашэнку, ён яго некалькі разоў згадваў, калі яго высылалі з краіны. Ён карыстаецца некаторым статусам у Расеі, ён выкладаў у вышцы, быў дацэнтам. Ён устойліва і даўно – гадоў 20, калі не больш – з'яўляецца крытыкам Лукашэнкі, прычым з прарасейскіх пазіцый», – кажа ў размове з «Вот Так» палітолаг Арцём Шрайбман.

Са слоў Шрайбмана, словы Суздальцава – «гэта небяспечны для Лукашэнкі кірунак крытыкі, ён падрывае ягоную накіраванасць на «прарасейскасць». «Некалі, калі Менск і Масква лаяліся, такія людзі, як Суздальцаў тлумачылі, чаму Масква мае перастаць карміць Лукашэнку», – дадае ён і называе Суздальцава «адным з найбольш гучных галасоў» у гэтым кірунку.
«Я быў першым, а пасля мяне дэпартавалі больш за 200 чалавек, пераважна расейцаў. <...> Гэта правільна. Я гэта падтрымліваю. І логіка дзяржавы мне зразумелая: ты не хочаш паказваць крыніцу, хочаш, каб табе давяралі. Але, вядома, нельга падмяняць дзяржаву палітычным рэжымам», – распавядаў Суздальцаў у інтэрв'ю на сайце ўніверсітэта НДУ ВШЭ. Туды ён прыйшоў працаваць адразу пасля дэпартацыі і праз некаторы час стаў намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі.
З універсітэта Суздальцава звольнілі ў 2021 годзе – паводле версіі самога палітолага, паводле «указання з Менску». Пасля Суздальцава ў НДУ ВШЭ аднавілі, але цяпер ніякіх курсаў Суздальцаў ва ўніверсітэце не вядзе, а ягоны профіль з сайта ўніверсітэта быў выдалены ў канцы сакавіка, што сведчыць пра ягонае звальненне (паводле злітых базаў, што маюцца ў распараджэнні «Вот Так», цяпер Суздальцаў – пенсіянер).
Сам Суздальцаў пасля дэпартацыі і пяцігадовай забароны на ўезд у Беларусь больш не ездзіў – баяўся затрымання і забойства ў зняволенні. А пасля пратэстаў 2020 года былы сілавік Ігар Макар, які з'ехаў з Беларусі, заявіў, што Беларусь рыхтавала замах на Суздальцава. Як мяркуе сам палітолаг, гаворка ідзе пра 2012 год, калі «адчуваўся нейкі ўплыў».
Як Суздальцава пераследуюць цяпер
У 2023 годзе суд у Баранавічах прызнаў Telegram-канал Суздальцава экстрэмісцкім. А годам пазней МУС Беларусі прызнала самога Суздальцава «экстрэмісцкім фарміраваннем». Самога палітолага Беларусь падала ў вышук – менавіта за стварэнне «экстрэмісцкага фармавання». У апошнія гады палітолаг у сваім канале сцвярджаў, што Лукашэнка «праваліў выбары», а таксама высмейваў палітычныя навіны, звязаныя з Беларуссю – так, ён называў «галоўным героем Беларусі» сілавікоў-карнікаў і заклікаў улады Беларусі пабудаваць аграгарадкі ў Экватарыяльнай Гвінеі ў рамках супрацы дзвюх краінаў.
9 лютага Суздальцаў у сваім Telegram-канале напісаў, што абнаўляць канал пакуль не зможа, бо «ёсць праблемы». Пазней – заявіў, што «праблемы застаюцца», а сам ён знаходзіцца ў Расеі. У красавіку звязаныя з сілавікамі Telegram-каналы паведамілі пра арышт Суздальцава ў Маскве на запыт уладаў Беларусі, але сам палітолаг гэта зняпраўдзіў і назваў «правакацыяй».
Як распавяла «Вот Так» інвармаваная крыніца, Суздальцава сапраўды затрымлівалі расейскія сілавікі – 19 красавіка супрацоўнікі цэнтра «Э» прыходзілі па месцы ягонага жыхарства, на 7-й Кажухоўскай вуліцы, бо ён знаходзіўся ў вышуку з 13 сакавіка. МУС Беларусі патрабавала ягонага арышту, але гэтага ўдалося пазбегнуць (верагодна, таму, што Расея не экстрадуе сваіх грамадзян – Рэд.)
«Гэтая ўвага – яна традыцыйная. Думаю, цяпер спецслужбы Лукашэнкі і спецслужбісты ў пасольствах адчулі магчымасць скарыстацца сённяшнім узроўнем даверу, інтэграцыі, блізкасці Масквы, каб дастаць расейскага грамадзяніна», – адзначыў палітолаг Арцём Шрайбман.
Ён выказаў здагадку, што да пераследу Суздальцава можа быць датычны блізкі да Лукашэнкі палітолаг, «які даўно і традыцыйна пікіруецца з Суздальцавым» – з 2023 года ён займае пасаду дарадцы-пасланніка амбасады, або «нейкія КДБ-шнікі».
«У любым выпадку, пераслед такога чалавека – вартасны наменклатурны актыў для любога беларускага чыноўніка, дыпламата або спецслужбоўцы, які вельмі добра можна прадаць Лукашэнку», — мяркуе Шрайбман.
Калі была пачатая справа за паклёп, невядома. Паводле звестак прарасейскага палітыка Рамана Юнемана (Суздальцаў – навуковы кіраўнік Юнемана з часоў бакалаўрыяту ў НДУ ВШЭ), крымінальную справу пачалі паводле заявы з амбасады Беларусі ў Расеі. Цяпер яна налічвае два эпізоды – па адным з іх, звязаным з абвінавачваннем у цяжкім злачынстве, Суздальцаву пагражае да 5 гадоў калоніі.
«Але нават калі справа скончыцца не турмой, а штрафам або папраўчымі работамі, для Суздальцава такі прысуд можа азначаць, што ён больш не зможа працаваць у ВНУ і афіцыйна займацца навуковай дзейнасцю. Ён будзе разгромлены як спецыяліст», – кажа Юнеман.
15 кастрычніка слуханні па справе павінны былі пачацца па сутнасці – суд не адбыўся, паколькі Суздальцаву няправільна аформілі позву. Наступнае пасяджэнне, на якім пракуратура павінна абвясціць сутнасць абвінавачванняў, адбудзецца 7 лістапада.
«Вот Так» / ЮК belsat.eu