навіны

Навальны, Зяленскі або ААН? Хто сёлета атрымае Нобэлеўскую прэмію міра

Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расійскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расійскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
podpis źródła zdjęcia

У пятніцу, 11 кастрычніка, Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт у Осла абвесціць лаўрэата або лаўрэата прэміі міра за 2024 год. Спіс прэтэндэнтаў уключае пад тры сотні асобаў і арганізацыяў, але пералік пераможцаў будзе вельмі кароткім. «Белсат» паглядзеў, хто ўваходзе ў лік сёлетніх фаварытаў.

Агулам спіс прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію міра сёлета ўключае 286 пазіцыяў, з іх 197 фізічных асобаў і 89 арганізацыяў. 

Каго прагназуюць букмекеры

Паводле букмекераў лідарам сярод іх з’яўляецца расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які сёлета памёр у расейскай вязніцы. Таксама сярод фаварытаў — Ільхам Тахці, уйгурскі актывіст, асуджаны да пажыццёвага зняволення ў Кітаі. Іх узнагароджанне ўкладваецца ў логіку папярэдніх гадоў. Напрыклад, у 2022 годзе сярод пераможцаў быў беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі, летась — таксама праваабаронца і палітычная зняволенная, але ўжо з Ірану Наргес Магамадзі

Аднак, як піша Reuters, Навальны не можа атрымаць прэмію пасмяротна. Як не можа на яе разлічваць і Уладзімір Зяленскі, які, паводле букмекераў, таксама мае высокія шанцы на перамогу, бо з’яўляецца прэзідэнтам ваюючай краіны. 

Які ўжо год у спісе фаварытаў ёсць і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская (шосты радок у рэйтынгу букмекераў), але прадстаўнік нашай краіны ўжо атрымліваў узнагароду два гады таму. Дый супраць Ціханоўскай гуляе статус дзейнага палітыка.

Раней Нобэлеўскі камітэт ужо сутыкаўся з моцнай крытыкі з прычыны ўручэння прэміі міру, напрыклад, апазіцыйнай лідарцы М’янмы Аун Сан Су Чжы ў 1991 годзе, якую ў яе патрабавалі забраць у 2017 год за маўчанне з нагоды генацыду этна-рэлігійных меншасцяў у краіне. Прэмію дзейным палітыкам цяпер калі і ўручаюць, то за развязанне вайсковых ці грамадзянскіх канфліктаў, як гэта было ў 2015, 2016 і 2019 гадах з прадстаўнікамі ўладаў Тунісу, Калумбіі ды Эфіопіі. Так што, і Ціханоўская, і Зяленскі маюць шанец на перамогу, але, хутчэй, не на гэтым этапе.

Шведская кліматычная актывістка Грэта Тунбэрг і актывісты групы Extinction Rebellion пратэстуюць ля завода Equinor па перапрацоўцы газу і лёгкай нафты ў Цюсвэр (Tysvær), Нарвегія. 24 жніўня 2024 года. Фота: Jan Kaare Ness / NTB / AFP / East News
Шведская кліматычная актывістка Грэта Тунбэрг і актывісты групы Extinction Rebellion пратэстуюць ля завода Equinor па перапрацоўцы газу і лёгкай нафты ў Цюсвэр (Tysvær), Нарвегія. 24 жніўня 2024 года. Фота: Jan Kaare Ness / NTB / AFP / East News

Таксама ў топ-5 фаварытаў, на думку букмекераў, сёлета ўваходзяць экалагічная актывістка Грэта Тунбэрг і Міжнародны суд ААН у Гаазе (не варта блытаць з Міжнародным крымінальным судом, куды з пазовам супраць Аляксандра Лукашэнкі звярнулася Літва). Тунбэрг, паводле BBC, уваходзіць у спіс прэтэндэнтаў штогод з 2019 года. І, як адзначае Time, «паколькі 2023 год быў самым гарачым за ўсю гісторыю, а разбуральныя стыхійныя бедствы, такія як ураганы, робяцца ўсё больш небяспечнымі праз змены клімату, гэтая [экалагічная. — рэд. belsat.eu] тэма застаецца свежай у галовах людзей».

Не людзі, а арганізацыі? 

Нарвежскі палітолаг, дырэктар Інстытуту вывучэння міру Хенрык Урдаль на сайце сваёй установы выказаў меркаванне, што сёлета пераможцамі прэміі стануць установы. У ягоным спісе пяць арганізацыяў.

На першым месцы ў Урдаля — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. Паводле яго, ва ўмовах росту неліберальных рухаў і аўтарытарных рэжымаў «праца БДІПЧ у забеспячэнні таго, каб выбары былі вольнымі і справядлівымі, зрабіла б яго своечасовым атрымальнікам сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру». Арганізацыю, дарэчы, з 2020 года не запрашаюць для назірання за выбарамі ў Беларусі.

На другім месцы сярод фаварытаў Пакоі экстранага рэагавання, што прапануюць медычную дапамогу і іншыя паслугі пацярпелым ад грамадзянскай вайны ў Судане. Пры гэтым валанцёры часта працуюць у небяспечных раёнах, сутыкаючыся з пагрозамі пераследу і гвалту. На думку Урдаля, атрыманне імі ўзнагароды ў 75-ю гадавіну прыняцця Жэнеўскіх канвенцыяў «падкрэсліла б выключную важнасць доступу да жыццёва важнай дапамогі падчас канфлікту».

Супрацоўнікі UNRWA і палестынцы аглядаюць пашкоджаную ў выніку ўдару школу Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі працы. Дэйр-аль-Балах, сектар Газа. 15 ліпеня 2024 года. Фота: Ashraf Amra / Anadolu Press / Getty Images
Супрацоўнікі UNRWA і палестынцы аглядаюць пашкоджаную ў выніку ўдару школу Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі працы. Дэйр-аль-Балах, сектар Газа. 15 ліпеня 2024 года. Фота: Ashraf Amra / Anadolu Press / Getty Images

Трэцяе, паводле верагоднасці атрымання ўзнагароды, — Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі працы (UNRWA). Нарвежскі палітолаг адзначае, што дзейнасць агенцтва неабходная для перадухілення гуманітарнай катастрофы ў Газе. Аднак ён прызнае, што UNRWA сутыкнулася з праблемамі пасля таго, як Ізраіль заявіў, што сярод удзельнікаў нападу «Хамасу» 7 кастрычніка 2023 года былі і супрацоўнікі агенцтва. Са свайго боку адзначым, уручэнне прэміі міру арганізацыі фактычна ў гадавіну нападу на Ізраіль было б даволі спрэчным крокам. Праўда, гэта не перашкодзіла прысудзіць 8 кастрычніка прэмію імя Ганны Паліткоўскай палестынскім журналісткам.

Уваходзіць у спіс Урдаля і ўжо згаданы Міжнародны суд ААН з прагнозу букмекераў. Палітолаг адзначыў, што ўстанова «садзейнічае міру з дапамогай міжнароднага права». У прыватнасці, ён згадаў, як арганізацыя ў пачатку сакавіка 2022 года загадала Расеі «неадкладна прыпыніць ваенныя аперацыі» ва Украіне, а сёлета даручыла Ізраілю прыняць захады для перадухілення актаў генацыду ў сектары Газа. Вынікаў такіх загадаў Урдаль, праўда, не прыводзіць. Іншымі годнымі кандыдатамі на прэмію ён таксама назваў Міжнародны крымінальны суд, які выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і разглядае справу Лукашэнкі, або, напрыклад, Еўрапейскі суд правоў чалавека ці яго амерыканскі аналаг.

Замыкаюць топ-5 спісу UNESCO і Рада Еўропы, якія, паводле Урдаля, «з’яўляюцца неад’емнай часткай развіцця талерантных, інклюзіўных і дэмакратычных грамадстваў». У прыватнасці, у пытаннях выкладання і разумення гісторыі з дапамогай шматлікіх і разнастайных пунктаў гледжання.

Хто яшчэ можа атрымаць прэмію?

Гісторык Нобэлеўскай прэміі міру Асле Свэн сказаў Reuters, што прэмію могуць уручыць і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў або яе генеральнаму сакратару і «галоўнаму сімвалу» Антоніў Гут’ерышу. Зроблена гэта, на яго думку, можа быць дзеля ўмацавання міжнароднага сусветнага парадку, створанага пасля Другой сусветнай вайны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустракаецца з Генеральным сакратаром ААН Антоніў Гут'ерышам падчас 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, ЗША. 25 верасня 2024 года. Фота: Angela Weiss / AFP / East News
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустракаецца з Генеральным сакратаром ААН Антоніў Гут'ерышам падчас 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, ЗША. 25 верасня 2024 года. Фота: Angela Weiss / AFP / East News

Ірландскі «The Journal» са спасылкай на AFP у ліку магчымых пераможцаў называе таксама Кампанію за спыненне робатаў-забойцаў ды змагарку за правы афганскіх жанчын Махбубу Сэрадж. Таксама букмекеры ўключылі ў спіс атрымальнікаў Нобэлеўскай прэміі міру Сусветную арганізацыю здароўя, Еўрапейскі суд правоў чалавека, расейскага апазіцыянера Уладзіміру Кара-Мурзу, ірландскага спевака Бону, прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, Папу Рымскага Францішка, NATO ды іншых. Ёсць сярод намінантаў і брытанскі натураліст Дэйвід Этэнбэрэ, які актыўна выступае за скарачэнне насельніцтва Зямлі.

У сваю чаргу Дэн Сміт, кіраўнік Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследаванняў свету, мяркуе, што Нобэлеўскі камітэт можа агулам адмовіцца ад уручэння прэміі міру, як гэта было ў 1972 годзе, і «засяродзіць увагу на тым факце, што гэта ваюючая планета».

«Магчыма, цяпер самы час сказаць: «Так, многія людзі вельмі старанна працуюць, але гэта не прыносіць плёну, і пара яшчэ больш людзям і сусветным лідарам прачнуцца і зразумець, што мы знаходзімся ў надзвычай небяспечнай сітуацыі», — сказаў ён AFP.

Але, як заявіў дырэктар Нарвежскага Нобэлеўскага інстытуту Олаў Ньёльстад, «сёлета на Прэмію міру таксама знойдзецца годны кандыдат».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10