навіны

Пуцін не абароніць Лукашэнку ядравай зброяй – эксперт пра планы Крамля пашырыць ядравую дактрыну

Комплекс «Іскандэр-М»
Комплекс «Іскандэр-М», які можа быць носьбітам ядравай зброі, у Беларусі. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Ядравая зброя – гэта не інструмент абароны, таму наўрад ці Уладзімір Пуцін зможа абараніць Аляксандра Лукашэнку ядравай бомбай. Такое меркаванне ў эфіры «Вот Так» выказаў навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблем раззбраення Павел Подзьвіг з нагоды прапаноў Пуціна выкарыстоўваць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка даўно просіць Уладзіміра Пуціна стварыць дакумент аб гарантыях бяспекі. Гаворачы пра пагрозы, Лукашэнка і прадстаўнікі рэжыму згадваюць уваход на тэрыторыю Беларусі ўзброеных атрадаў, у прыватнасці беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.


Аднак, калі ў Беларусь калі-небудзь і ўвойдуць салдаты палка Каліноўскага, з-за гэтага ядравы апакаліпсіс у Еўропе Пуцін не пачне, лічыць старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблем раззбраення Павел Подзьвіг.


«Калі ўяўляць сабе нейкія сцэнарыі, то якім чынам ядравая зброя можа быць у гэтым выпадку ўжытая? У гэтым сэнсе каштоўнасць ядравай зброі не такая вялікая. Яна вялікая ў тым сэнсе, што з дапамогай ядравай зброі можна забіць вельмі шмат людзей за вельмі кароткі час. Але для вырашэння нейкіх задач бяспекі ядравая зброя практычна бескарысная.

,,

Трэба прыкладаць усе намаганні для таго, каб мы разумелі, што ядравая зброя ў гэтым выпадку з'яўляецца праблемай, а не рашэннем нейкіх задач бяспекі нават для такіх краін, як Расея ці Беларусь», – кажа Павел Подзьвіг.


Уладзімір Пуцін прапанаваў змяніць ядзерную дактрыну Расеі 25 верасня на пасяджэнні Рады бяспекі. Ён лічыць, што трэба замацаваць права Расеі ўжываць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.


Таксама Пуцін прапанаваў унесці шэраг удакладненняў датычна вызначэння ўмоваў прымянення ядравай зброі: пашырыць катэгорыю дзяржаў і ваенных саюзаў, у дачыненні да якіх праводзіцца ядравае стрымліванне, дапоўніць «спіс ваенных пагрозаў, для нейтралізацыі якіх выконваюцца мерапрыемствы ядравага стрымлівання».


«У абноўленай рэдакцыі дакумента агрэсію супраць Расеі з боку любой неядравай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрымцы ядравай дзяржавы прапануецца разглядаць як іх сумесны напад на Расейскую Федэрацыю», – гаворыцца ў паведамленні Крамля.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10