Амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях для Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў у сваім Facebook пастанову ўладаў Беларусі аб прызнанні тэрарыстычнай арганізацыяй палка імя Кастуся Каліноўскага.
«Часам дзіўна назіраць, як палітычны рэжым краіны падтрымлівае іншую тэрарыстычную дзяржаву і рэжым абвінавачвае ў тэрарызме сваіх грамадзянаў, якія змагаюцца супраць гэтай тэрарыстычнай дзяржавы», – адзначыў дыпламат.
Ігар Кізім падкрэсліў, што полк імя Кастуся Каліноўскага гуртуе ў шэрагах Збройных сілаў Украіны «этнічных беларусаў, якія разумеюць, што без перамогі Украіны над расейскім злом існаванне незалежнай і сапраўды суверэннай Беларусі таксама будзе "пад пытаннем"».
Паводле яго, больш правільна казаць пра «іншыя беларускія "тэрарыстычныя" арганізацыі, якія спрычыніліся да вымушанага ад’езду за межы Беларусі сотняў тысяч беларусаў за дэманстрацыю іхнай палітычнай пазіцыі і грамадскіх перакананняў і якія сёння проста трымаюць за кратамі тысячы людзей толькі таму, што яны маюць іншае ад лукашэнкаўскага бачанне будучыні сваёй Бацькаўшчыны».
,,«Мы шчыра ўдзячныя тым беларусам, якія сёння ў шэрагах ЗСУ разам з украінцамі бароняць нашыя супольныя каштоўнасці, нашую супольную еўрапейскую будучыню, нашую агульную свабоду і набліжаюць нашую агульную перамогу над расейскім агрэсарам», – заявіў Кізім.
25 верасня сталася вядома, што Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй» полк Каліноўскага і яго структуры: батальёны «Волат», «Лiтвiн», «Western» і «БПЛА імя Мiкiты Крыўцова», атрады «АТАМ» і «Танга-Рамэа», мабілізацыйны цэнтр фонду «Беларускі дом у Варшаве» і рух «Каліноўцы».
Экс-камандзір палка Дзяніс Прохараў (Кіт) лічыць, што тэрарысты не полк Каліноўскага, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2020 годзе шляхам тэрору, забойстваў і гвалту захапіў уладу ў Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu