Каб вучні ў школе «трапяталі», а настаўнікі «былі бездакорныя», загадаў на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе ў канцы жніўня Аляксандр Лукашэнка. Паглядзелі, як пачаўся новы навучальны год у беларускіх школах – для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў.
Класы «ў пагонах»
Як відаць з публікацыяў дзяржаўных медыяў, цягам апошніх некалькіх гадоў нейкі асаблівы акцэнт у беларускай школе робяць на адкрыцці спецыялізаваных класаў пры падтрыманні розных сілавых ведамстваў – пракуратуры, ДАІ, Следчага камітэту, Памежнага камітэту, Камітэту дзяржкантролю… Да прыкладу, летась для старшакласнікаў пачалі адкрываць класы «Юны пракурор». Спачатку ў Магілёве, потым у Горадні, Магілёве, Дзяржынску, Гомлі... Вучні такіх класаў носяць форму, падобную да формы работнікаў пракуратуры, наведваюць судовыя пасяджэнні паводле крымінальных і грамадзянскіх справаў, сустракаюцца з супрацоўнікамі пракуратуры і ходзяць на мерапрыемствы ведамства. Днямі такі ж клас адкрыўся ў віцебскай сярэдняй школе № 34. Усяго ў краіне іх ужо сем.
Гэта адбываецца нягледзячы на тое, што самы вялікі дэфіцыт кадраў, паводле словаў таго ж Лукашэнкі на педнарадзе, апошнія гады назіраецца ў сельскай гаспадарцы ды інжынерна-тэхнічнай сферы.
«Для нас важна выхаваць неабыякавае маладое пакаленне патрыётаў, якія любяць краіну, гатовыя абараняць яе гістарычную праўду. А каму, як не такой моладзі, мы мае перадаць свае веды і даверыць будучыню?!» – выказаўся на цырымоніі адкрыцця пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец. Дзяліўся сваім меркаваннем пра такія класы і генпракурор Андрэй Швед, сцвярджаючы, што яны «выхаваюць у дзецях патрыятызм, пачуццё абавязку і адданасці свайму народу».
,,«На справе ж гэтых дзяцей вучаць бачыць ворагаў ва ўсіх, хто не згодны з дзейнай уладай», – распавяла «Белсату» Таццяна з Магілёва.
У школе, дзе клас «Юны пракурор» працуе ўжо некалькі гадоў, вучыцца ейны сын.
«Спачатку ў дзяцей была цікавасць. Яны важнічаюць у форме, але калі на перапынках пачынаюць распавядаць паралелям пра «змагароў» і «здраднікаў», з імі проста спыняюць стасункі. У школе пачаўся булінг. Гэтых дзяцей у форме дзеці пачалі называць «ябацькамі», – распавяла суразмоўца.
Прыкладна такая ж гісторыя з класамі, што пад патранажам Следчага камітэту. Яны сёння ёсць у Магілёве, Менску, Віцебску, Бабруйску, Лідзе і працягваюць адкрывацца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Як нам удалося высветліць, там таксама не абышлося без скандалаў.
Яшчэ летась у адным з школьных чатаў бацькі пачалі абурацца, што пад выглядам «азнаямлення з расследаваннем розных катэгорый крымінальных справаў», «схемаў і выкрутаў» злачынцаў дзецям дэманстравалі пакаянныя відэа і вазілі на экскурсію ў калонію, дзе зняволеных паказвалі як звяроў у заапарку, распавядаючы пры гэтым, што бывае з людзьмі, якія пераходзяць на бок ворага, распавяла крыніца «Белсату».

У гэтых жа класах, са словаў бацькоў, актыўна прапагандуюць ідэю сяброўства з Расеяй, што «нас абараняе».
Акрамя пракурорскіх і следчых класаў апошнім часам таксама з'явіліся класы для будучых даішнікаў, мытнікаў, а з гэтага навучальнага года і працаўнікоў дзяржкантролю. Але і гэта яшчэ не ўсё.
Апроч спецыялізаваных «сілавых» класаў ёсць класы, дзе вучаць ваеннаму перакладу. Як распавядаюць суразмоўцы «Белсату», чые дзеці вучацца ў такіх класах, на ўроках англійскай мовы старшакласнікаў вучаць праводзіць допыты, разбірацца ў вайсковай тэрміналогіі, мапах, абрэвіятурах, даюць «агульныя» звесткі пра ўзброеныя сілы Вялікай Брытаніі ды ЗША, выкладаюць асаблівасці ваеннага перакладу і перакладу допыту палонных. Такая вучэбная праграма для старшакласнікаў разлічаная на 69 гадзінаў. Яна была зацверджаная Міністэрствам адукацыі яшчэ ў студзені гэтага года.
У сувязі з тым, што гэты год яшчэ і перадвыбарны, Цэнтральная выбарчая камісія здолела ў супрацы з Міністэрствам адукацыі падрыхтаваць адпаведны метадычны дапоможнік, прызваны «падвысіць давер выбаршчыкаў да выбарчай сістэмы ды ўмацаваць гэты давер» у школьніках.
Бацькам пагражаюць «СОПам»
Актыўна працуе дзяржава і з бацькамі. Так, паводле словаў адной з нашых чытачак з Воршы, на першым жа бацькоўскім сходзе ў новым навучальным годзе класная кіраўнічка прамым тэкстам сказала не выказвацца пра палітыку і будучыя выбары ў сацсетках і пагатоў не дазваляць распавядаць пра гэта дзецям:
,,«Гэта быў адзіны ў маім жыцці бацькоўскі сход, на якім на першы план выйшлі не закупка працоўных сшыткаў і збор грошай на патрэбы школы і класа, як гэта звычайна бывае, а менавіта палітыка. Далі зразумець, што калі што, крыўдуйце на сябе.
Дарэчы, кожны тыдзень на класнай і інфармацыйнай гадзіне праводзяць палітапрацоўванне, дзе распавядаюць пра Лукашэнку, пра тое, што можа пачацца вайна праз апазіцыю, што Расея нас абараняе. Калі я пачала абурацца і патрабаваць, каб майму дзіцяці гэта не распавядалі, мяне падтрымалі толькі пару чалавек з класа. Астатнія маўчалі і падтаквалі».
Пра тое, як школа можа пачаць пераследаваць бацькоў, якія вырашылі пайсці супраць школьнай сістэмы і ўсё ж выхоўваць дзяцей самі, нядаўна сталася вядома з гісторыі сям'і палітвязня Андрэя Будая, асуджанага на 15 гадоў паводле справы «Буслы ляцяць». За апошнія тры гады ягонай жонцы Галіне Будай, якая выхоўвае траіх дзяцей, давялося зазнаць шмат чаго. Фармальна сям'ю паставілі на ўлік як сям’ю ў сацыяльна небяспечным стане (вядомы як СОП – «социально опасное положение» па-расейску) праз тое, што 15-гадовага Данілу затрымалі ў метро ў пачатку дванаццатай вечара – ён ехаў дадому без суправаджэння дарослых. Падлетка адвезлі ў аддзяленне міліцыі і праверылі тэлефон. Знайшлася падпіска на «NEXTA».

Пра затрыманне Данііла паведамілі ў школу паводле месца жыхарства сям'і. Дзеці вучацца дома, а ў школе толькі праходзяць атэстацыю па прадметах. Але ж пасля затрымання хлопца дырэктарка школы запатрабавала, каб дзеці ў найбліжэйшыя дні «селі за парты».
Галіна такога варыянту нават не разглядала. Гісторыя сталася косткай у горле мясцовых чыноўнікаў. У кватэру Галіны пачалі прыходзіць бясконцыя правяральнікі – педагогі з школы, работнікі сацапекі, медыкі з мясцовай паліклінікі, супрацоўнікі міліцыі. Жанчына некалькі месяцаў даказвала, што з дзецьмі ўсё ў парадку і што яны сапраўды атрымліваюць адукацыю дома. Аргументы, што дзеці лічацца ў акрэдытаванай онлайн-школе і выдатна вучацца, ніяк не паўплывалі на камісію. Сям'ю прызналі сацыяльна небяспечнай на тры месяцы з фармулёўкай: «бацькамі не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы дзяцей, ёсць перашкода атрыманню дзіцём абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі». У выніку жанчыне давялося пакінуць краіну з трыма дзецьмі і пазбавіцца такім чынам не толькі дома, але рэдкіх спатканняў з мужам.

Ад настаўнікаў таксама не адчэпліваюцца
Як паведамлялася, ужо на працягу некалькіх дзён КДБ выклікае на размовы настаўнікаў, якія былі датычныя «Адукаванкі» – некамерцыйнай грамадзянскай ініцыятывы, арыентаванай на дапамогу настаўнікам. Пачаўся палітычны пераслед удзельнікаў яе тэлеграм-чату. У ім абмяркоўваліся ўрокі, інавацыйныя тэхналогіі выкладання матэрыялаў і падобныя педагагічныя пытанні. Ужо вядома пра затрыманне некалькіх педагогаў. А ўсё таму, што ў канцы жніўня Камітэт дзяржбяспекі прызнаў адукацыйны праект «Адукаванка» «экстрэмісцкім фармаваннем». Пастанова была прынятая яшчэ 28 жніўня, у пералік фармаванняў праект дадалі 17 верасня. «Вясна» піша, што «запрашэнні» настаўнікаў у КДБ адбываюцца ва ўсёй краіне.
Каб зразумець сітуацыю знутры, «Белсат» паразмаўляў і з настаўнікамі ў школе.
,,«Усе, хто застаўся ў сістэме, максімальна запалоханыя. Нас бясконца збіраюць на нарады, абавязваюць запаўняць анкеты на кожнага вучня і ўпісваць у іх, якія сем'і адносяцца да групы рызыкі паводле палітыкі, а якія не. Абсурд у тым, што за кожную такую сям'ю адказнасць нясе менавіта настаўнік. То бок, гэта настаўнік мусіць пракантраляваць, каб бацькі не выказваліся і нідзе не выступалі на палітычную тэму.
Магу сказаць, што, на жаль, сярод педагогаў дастаткова тых, хто сапраўды падтрымлівае ўладу і гатовы выконваць усе загады, абы не страціць працы. Але адэкватных педагогаў усё роўна больш. Мы проста партызанім. На класных гадзінах замест прамывання мазгоў наўмысна сыходзім у арганізацыйныя тэмы, а на інфармацыйных гадзінах гуляем у інтэлектуальныя гульні і вучым дзяцей крытычнаму мысленню. Магу таксама сказаць з уласнага досведу: як бы школа ні апрацоўвала дзіця, яно ўсё роўна расце і выхоўваецца ў сям'і. І я б рэкамендавала бацькам не ленавацца і праводзіць са сваім дзіцём тлумачальныя гутаркі, на жаль, у тым ліку пра палітыку. У такія часы жывём», – пракаментавала педагог сярэдніх класаў адной з школаў Магілёва.
Надзея Вольная belsat.eu