навіны

«Чакалі больш за 24 гадзіны». Што адбываецца на мяжы з Беларуссю?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

Чэргі на паўтысячы аўтаў на беларуска-польскай мяжы апошнім разам можна было назіраць у канцы жніўня. У пачатку верасня яны практычна зніклі – ці ўсе павялі дзяцей у школу, ці яшчэ нешта.


У мінулыя выходныя чарга амаль вярнулася на сваё звычайнае месца: у памежным пункце «Берасце – Тэрэспаль» выезду з Беларусі чакалі больш за 400 аўтамабіляў і 40 аўтобусаў. 


Паводле Беларускага памежнага камітэту, на 18:00 аўторка колькасць аўтобусаў на гэтым пункце павялічылася да 65, колькасць легкавікоў, наадварот, зменшылася да 190. Але нават у гэтым выпадку ёсць усе падставы меркаваць, што ў чарзе давядзецца правесці не менш за содні. Паглядзелі, што пішуць беларусы ў чатах, прысвечаных пераходу мяжы.


Польшча: заплаці і чакай да 8 гадзінаў або не плаці і чакай содні


Беларусы, якія чакаюць уезду ў Польшчу, апавядаюць, што паскорыць працэс пераходу можна, калі перасесці ў аўтобус, якія стаіць бліжэй да мяжы і ў ім ёсць вольныя месцы. Але гэта дадатковыя выдаткі. Сярэднія кошты – ад 30 да 50 еўраў, кіроўцы бяруць любую валюту.


«14 верасня а 12:00 селі ў першы аўтобус і прайшлі ўсе межы за 6,5 гадзіны. Заплацілі кіроўцу 100 рублёў».


«Прыехалі 16 верасня і сталі 55-ыя ў чарзе. Вядома, чакаць не сталі і выйшлі з валізкамі ў пошуку месца ў пачатку чаргі. Заплацілі па 40 еўраў і прайшлі за 6 гадзінаў усё гэта. Здзівіла, што кіроўца нават не прасіў паказаць квіток на аўтобус. Так што наступным разам паедзем адразу цягніком, а потым таксоўкаю да мяжы – і ў пачатак чаргі. Бо гэты раздзяўбаны аўтобус «Менсктранс» да мяжы выходзіць занадта дарагім».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Такім чынам, за грошы можна скараціць час чакання да 6–8 гадзінаў.


«Учора пераселі ў першы аўтобус за 40 еўраў! Усе межы прайшлі за 6 гадзінаў».


«Мы ўчора прайшлі мяжу на аўтобусе за 8 гадзінаў, але толькі таму, што пераселі ў пяты ў чарзе аўтобус, самі былі ў 45-м з ліку. Проста ўзялі з мужам валізкі і пайшлі да пачатку чаргі шукаць вольныя месцы. У выніку заплацілі па 50 еўраў з носа. Аніякіх даглядаў не было, нават заплечнікі нікога не зацікавілі».


«15 верасня праехалі 800 метраў да зоны чакання за 7 гадзінаў. Рэчаў не правяралі, хоць я перанервавалася, калі даведалася ад жанчыны ў аўтобусе, што нельга везці лекаў без пакавання (толькі ў пакаванні і з інструкцыяй). А я перасыпала сабе на тыдзень у спецыяльны кантэйнер, каб менш месца займалі. Але без іх мне было б складана, а купіць такія ў Польшчы я нават не змагу, таму рызыкнула. Але наступным разам павязу ўпакоўкі».


Людзі, якія часта праходзяць гэты кўэст, кажуць, што сітуацыя палепшылася:


«17 верасня а 9:00 у чарзе толькі ў зоне чакання былі каля 30 машынаў і 7 аўтобусаў, агулам стаялі каля 100 аўтаў. Але гэта значна лепш, чымся сітуацыя два тыдні таму, калі да зоны чакання чарга расцягнулася на 2,5 км, тыдзень таму было 1,5 км. А цяпер я заехаў аўтамабілем у зону чакання праз 1,5 гадзіны, стаю там ужо 5 гадзінаў, пакуль 34-ы ў чарзе, так што ўсё не так дрэнна».


Калі не плаціць 35–50 еўраў, то ў чаканні у чарзе можна правесці нават дзень.


«Выехалі з Менску аўтобусам 15 верасня а 15:00, на мяжы былі а 20:00. Скрыжаванне шлагбаума з беларускага боку – 16 верасня а 12:00, а 13:30 прайшлі пашпартны кантроль Беларусі, а 17:30 выехалі з беларускай мяжы. А 20:40 прайшлі пашпартны кантроль з польскага боку. Агульны час, праведзены на мяжы, – больш за 24 гадзіны».


Другім троху больш пашанцавала: на мяжы людзі правялі 14 гадзінаў, а не 24.


«Ехалі маршрутам Менск – Варшава. Выехалі з вакзалу а 20:32, пад'ехалі да мяжы а 00:35, перасела ў першы аўтобус каля шлагбаума а 01:33, заехалі за шлагбаум а 02:38, пайшлі да беларусаў а 03:40, выехалі ад беларусаў а 05:40, заехалі да палякаў а 10:08, выехалі ад іх а 14:35».


Ëсць і тыя, хто прапануе за грошы перажыць чэргі замест вас.


«Магу дапамагчы і пастаяць у чарзе ў вашым аўце за вас. Кошт – 100 еўраў», – піша чалавек у чаце. 


Нагадаем, што ў канцы жніўня прэс-сакратар палаты падатковага адміністравання ў Любліне Міхал Дэрусь растлумачыў чэргі ўведзенымі супраць Беларусі і Расеі санкцыямі:


«Доўгі час чакання тлумачыцца не адсутнасцю дастатковай колькасці службоўцаў, а цяперашняю геапалітычнаю сітуацыяй і чыннікамі, што не залежаць ад памежных службаў. Ідзецца пра неабходнасць правяранняў з мэтаю выканання санкцыяў, уведзеных з увагі на вайну ва Украіне, спраўджваюцца тавары і арганізацыі, залучаныя ў санкцыйныя спісы».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

А што там Латвія з Літвою?


Выглядае, што сітуацыя на мяжы з Латвіяй і Літвой, як і заўсёды, адрозніваецца ад Польшчы. Пакуль людзі сядзяць соднямі ў аўтобусах, чакаючы пераходу ў пункце «Берасце – Тэрэспаль», на ўезд і выезд з Беларусі праз Літву і Латвію чэргаў няма ўвогуле.


Паводле інфармацыі ДПК Беларсі, 17 верасня на мяжы ў бок Літвы і Латвіі – 0 аўтобусаў і 0 легкавікоў. Але там па-ранейшаму стаяць велічэзныя чэргі грузавых аўтаў – 650 на «Грыгораўшчыне», 415 – на «Каменным Лозе» і 730 – на «Беняконях».


Але людзі ў чатах скардзяцца, што літоўскія памежнікі працягваюць «лютаваць» і забіраць усё, што можна з’есці ці выпіць.


«Учора выкінулі на ўездзе ў Літву 2 бутэлькі алкаголю. Па ідэі, транзітам можна алкаголь везці, але памежнік сказаў штосьці накшталт «я ж не ведаю, раптам вы ў гатэлі праездам спыніцеся і будзеце выпіваць». А калі пачынаць спрачацца, то затрымаюць на гадзінку-другую і абшукаюць усю машыну».


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10