Беларускія навукоўцы перагледзелі і выявілі новую дату першапачатковага заселення тэрыторыі краіны і паступова знаходзяць усё новыя і новыя пацвярджэнні пра больш ранняе з'яўленне людзей на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пра гэта кажа дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза.
У прыватнасці, Вадзім Лакіза распавёў, што ўяўленні аб гісторыі Беларусі значна змянілі новыя археалагічныя знаходкі апошніх гадоў. Так, напрыклад, раней ацэньвалася, што стаянка каля вёскі Агова (Іванаўскі раён на Берасцейшчыне) існавала 250–300 тысяч гадоў таму, але новыя звесткі, атрыманыя дзякуючы навуковым аналізам, дазваляюць сцвярджаць, што ёй каля 400 тысяч гадоў.
Гэта часы, калі ў Еўропе жылі вымерлыя падвіды людзей – Гейдэльбергскія людзі і неандэртальцы, што паходзяць ад іх. Да выяўлення стаянкі ў Агове самымі старажытнымі стаянкі людзей ў Беларусі лічыліся стаянкі ў Бердыжы Чачэрскага раёну і Абідавічах Калінкавіцкага. Іх век ацэньваўся ў 26-24 тысячы гадоў. Гэта ўжо часы людзей сучаснага тыпу.
Іншы важны артэфакт быў знойдзены каля вёскі Кашэўнікі ў Гарадзенскім раёне на рацэ Нёман, яго век складае не менш як 100 тысяч гадоў, што сведчыць аб нашмат больш раннім з'яўленні людзей у гэтым рэгіёне, чым меркавалася раней (лічылася што з’яўленне чалавека тут адбылося 12 тысяч гадоў таму).
«Праведзеныя намі даследаванні даказалі больш старажытную гісторыю цэлага рэгіёна. Як і раскопкі на яшчэ адной стаянцы старажытных людзей каля вёскі Навасёлкі Веткаўскага раёна – знойдзеныя артэфакты значна паўплывалі на гісторыю рассялення людзей у каменным веку на тэрыторыі Гомельшчыны», – адзначыў дырэктар інстытута.
Яшчэ адзін комплекс – гэта паселішчы Асавец і Крывіна на тэрыторыі Крывінскага тарфяніка ў Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах. Зараз там праводзяцца важныя даследаванні, якія вылучаюцца асаблівымі знаходкамі, што дазваляюць даведацца больш пра ўсе бакі жыцця продкаў беларусаў. У тарфяніках захоўваюцца такія артэфакты, якія нельга знайсці ў іншых месцах. Адна з яскравых знаходак – добра захаваны драўляны коўш, якому 4 тысячы гадоў.

Сярод знаходак таксама шмат прылад працы з крэменю, фрагментаў керамікі, посуду, вырабаў з косткі і дрэва, бурштынавыя ўпрыгажэнні. Усё гэта дазваляе больш маштабна падысці да рэканструкцыі гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, падкрэслівае дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
Праводзяцца даследаванні пасяленняў і на рацэ Менка ў ваколіцах сённяшняй сталіцы. Зараз навукоўцы ўпэўненыя, што старажытны горад, размешчаны тут, быў пабудаваны ў X стагоддзі і развіваўся ў пачатку XI стагоддзя. Даследаванні драўляных канструкцый з выкарыстаннем дэндрахраналагічнага і радыёвугляроднага датавання, а таксама знойдзеныя прадметы пацвярджаюць гэтыя высновы.
Раман Шавель, «Белсат»