Кааліцыя «Служба хуткай гуманітарнай дапамогі» выступіла з заявай на тэму вызвалення беларускіх палітычных зняволеных і фразы «мы павінны вызваляць людзей любой цаной».
«Хуткая гуманітарная дапамога» не адрасавала заяву канкрэтным людзям і арганізацыям, а адказала ў заяве на саму ідэю «мы павінны вызваляць палітвязняў любой цаной».
Праваабаронцы нагадалі, што ў Беларусі не толькі не спыняюцца, але і працягваюць пагаршацца рэпрэсіўныя практыкі, што адлюстравана ў дакладах цэнтру «Вясна» і дакладзе Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.
Ад 1 студзеня па 1 жніўня 2024 года ў межах палітычных крымінальных справаў затрымалі не менш за 1049 чалавек, разглядзелі ў судах не менш за 1050 палітычных крымінальных справаў. І гэта толькі тое, што вядома праваабаронцам. За гэты перыяд за кратамі памерлі не менш за тры чалавекі, зняволеныя з палітычных матываў: Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. У рэжыме «інкамунікада», то бок зусім без сувязі з вонкавым светам, трымаюць як мінімум сем чалавек. Не менш за 45 зняволеных былі асуджаныя на працяг зняволення за «Злоснае непадпарадкаванне» (арт. 411 КК РБ, які дазваляе трымаць за кратамі колькі заўгодна і без асаблівых доказаў парушэнняў). 81 палітвязень быў пераведзены з калоніяў на «турэмны рэжым».
Калі б рэпрэсіўныя практыкі спыняліся, гэта магло б сведчыць пра падрыхтоўку да перамоўнага працэсу, ды пакуль назіраецца адваротнае, адзначае «Хуткая гуманітарная дапамога».
Што да трактоўкі фразы «любой цаной», кааліцыя нагадвае, як былы міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі расказаў у інтэрв’ю пра прапанову выдаць Беларусі Паўла Латушку ў абмен на вызваленне Анджэя Пачобута.
,,«Гэта значыць, што трэба быць вельмі акуратнымі ў выказваннях і ўлічваць межы тых дзеянняў, што сапраўды дапамогуць у пытанні вызвалення і пры тым не выкрэсляць прынцыпы дэмакратыі і павагі да правоў чалавека пры рэалізацыі такіх дзеянняў», – тлумачыць «Хуткая гуманітарная дапамога».
Акрамя таго, рэжым Аляксандра Лукашэнкі «востра патрабуе легітымізацыі», але па-ранейшаму хоча «перагарнуць старонку» без зменаў у грамадстве, як рабіў пасля выбараў 2006 і 2010 гадоў, працягваюць тлумачыць праваабаронцы. Захаванне сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, паводле іх, «гарантуе працяг калапсу правоў чалавека ў краіне, замацоўвае практыкі тэрору ў адносінах да нелаяльных рэжыму людзей і агортвае нашу краіну невядомай па працягласці цемрай бяспраўя». Сведчаннем пачатку аднаўлення правоў чалавека ў Беларусі могуць быць толькі спыненне рэпрэсіяў і катаванняў, лічаць праваабаронцы.
Фраза «жыццё кожнага бясцэннае», паводле аўтараў заявы, «абяззбройвае», але выкарыстанне такіх тэзаў – гэта прапаганда, эмацыйна зараджанае абагульненне. Праваабаронцы звяртаюць увагу сярод іншага на разбор непраўдзівых эмацыйных заяваў, які зрабіла «Еўрарадыё». Сярод заяваў, якія выданне назвала хлуснёй, былі і такія:
- «Офіс Ціханоўскай не хоча, каб выпускалі уплывовых палітвязняў (Ціханоўскага, Бабарыку, Калеснікаву і г.д.), бо гэта пазбавіць саму Ціханоўскую лідарства, а структуры дэмакратычных сілаў – фінансавання», – гэта хлусня.
- «Дэмсілы выступаюць за формулу вызвалення палітвязняў: выходзяць альбо ўсе адразу, альбо ніхто», – гэта хлусня.
- «Прадстаўнікі дэмсілаў асуджаюць палітвязняў, якія пішуць памілаванне дзеля вызвалення, а фонды падтрымкі праз гэта пазбаўляюць іх фінансавай дапамогі», – гэта хлусня.
- «Палітвязняў не выпускаюць, бо дэмсілы не займаюцца перамовамі па іх вызваленні. Ім гэта нявыгадна», – гэта хлусня.
- «Дэмсілы вінныя ў тым, што ў абмене вязнямі паміж краінамі Захаду і Расіяй не было беларускіх палітвязняў», – гэта хлусня.
«Хуткая гуманітарная дапамога» заклікала ўсе праваабарончыя, гуманітарныя, грамадзянскія і палітычныя структуры працягваць працу, быць карэктнымі ў выказваннях і прытрымлівацца Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў і працаваць на сістэмныя змены ў грамадстве.
***
«Хуткая гуманітарная дапамога» – супольны праект «BYSOL», «By_help», «Краіны для жыцця» і «Dissidentby», які дапамагае ахвярам палітычнага пераследу, палітвязням і іхным сем’ям, а таксама былым зняволеным. Ініцыятыва дае дапамогу ў зняволенні, юрыдычныя і практычныя кансультацыі, праграмы рэабілітацыі і псіхалагічнай дапамогі.
Алесь Наваборскі belsat.eu