навіны

Аналітыкі ISW не бачаць прыкмет для ўцягнення беларускіх войскаў у ваенныя дзеянні ва Украіне

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Я-военный.Бел / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) правялі аналіз верагоднасці ўцягнення беларускіх войскаў у вайну ва Украіне. Пакуль яна невысокая. 


Нарошчванне беларускіх войскаў уздоўж украінскай мяжы, паводле ISW, мае хутчэй характар інфармацыйнай аперацыі і мае на мэце адцягненне ўвагі ўкраінскіх сілаў і расцягненне іх уздоўж больш шырокай лініі фронту.
 

Невысокія шанцы на ўварванне беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны абумоўленыя ў першую чаргу абмежаваннямі, з якімі сутыкаецца Аляксандр Лукашэнка. 

Так, згодна з дадзенымі ўкраінскіх праектаў «Frontelligence Insight» і «Rochan Consulting» беларускія баявыя падраздзяленні звычайна ўкамплектаваныя на 30–40 % ад агульнай колькасці. Таму дзеля таго, каб праводзіць наступальныя дзеянні, неабходна праводзіць мабілізацыю, якой пакуль не назіраецца.

Паводле расследавання «Fronttelligence», на якія спасылаецца ISW, беларускае войска праводзіць аперацыю для таго, каб адцягнуць украінскія сілы ад намаганняў на іншых участках па лініі фронту і падтрымаць расейскія войскі ва Укаіне і Курскай вобласці РФ.
 

ISW падкрэслівае, што ўварванне беларускіх войскаў ва Украіне ці нават ваенны ўдзел у вайне пагоршыць здольнасць Аляксандра Лукашэнкі абараняць свой рэжым, акрамя таго, гэткія дзеянні будуць непапулярнымі ўнутры краіны.

Паводле ISW, у святле набліжэння прэзідэнцкіх выбараў 2025 года Лукашэнка хоча захаваць кантроль над грамадскімі настроямі і доступ да вайскоўцаў, «каб здушыць любыя пратэсты», звязаныя з выбарамі, як гэта ён зрабіў у 2020 годзе.
 

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны сцвярджаюць, што Лукашэнка імкнецца пазбегнуць удзелу ў вайне Расеі супраць Украіны, каб не справакаваць унутрыпалітычныя праблемы, такія як грамадскае незадавальненне, эканамічныя наступствы і міжнародная ізаляцыя.
 

Акрамя таго, Лукашэнка імкнуўся захаваць пэўную ступень аўтаноміі і суверэнітэту Беларусі ў адносінах да Расеі, адначасова прэзентуючы яе як раўнапраўнага партнёра, каб абараніць сваю ўладу ад намаганняў Крамля падпарадкаваць Беларусь праз Саюзную дзяржаву. Калі Беларусь далучыцца да вайны, гэта будзе сведчыць пра тое, што Масква змагла цалкам падпарадкаваць Беларусь сваёй уладзе.

Раней ISW адзначала, што Беларусь у канцы 2022 і пачатку 2023 гадоў разгортвала войскі каля ўкраінскай мяжы з мэтай аслаблення ўкраінскіх сіл і падрыву іх аперацый. Гэтыя дзеянні былі накіраваны на падтрымку расейскіх ваенных аперацый. Цяпер Беларусь, магчыма, зноў выкарыстоўвае падобную тактыку, каб стрымліваць украінскія сілы каля сваёй мяжы і дапамагчы Расеі. Гэта сведчыць пра ўзмацненне кантролю Крамля над Беларуссю з 2020 года.

Раман Шавель, «Белсат» 


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10