навіны

У Швецыі выявілі воспу малпаў, у Беларусі – пакуль не, але нібы ўсё гатова да змагання з ёй

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: nokta.md
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: nokta.md
podpis źródła zdjęcia

Днямі ў Швецыі быў пацверджаны першы выпадак заражэння воспай малпаў. Сусветная арганізацыі аховы здароўя б’е трывогу. Мінстэрства здароўя Беларусі сочыць за сітуацыяй і кажа, што ў нашай краіне пакуль выпадкаў заражэння няма, але для змагання з ёй усё гатова.

Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) пацвердзіла выпадак інфекцыйнага захворвання ў пацыента ў Швецыі. У арганізацыі сцвярджаюць, што ён быў выкліканы вірусам mpox (раней вядомым як «воспа малпаў»). Пацыент заразіўся новым штамам віруса Clade Ib у Афрыцы. Зараз ён знаходзіцца пад наглядам лекараў і атрымлівае неабходнае лячэнне. Іншыя краіны пакуль не паведамлялі пра выпадкі з'яўлення гэтага віруса.


У сярэдзіне ліпеня СААЗ абвясціла найвышэйшы ўзровень небяспекі ў сувязі з распаўсюджваннем віруса ў Афрыцы, назваўшы сітуацыю «надзвычайнай міжнароднай пагрозай у галіне аховы здароўя». Вірус mpox можа перадавацца ад заражаных жывёл людзям, а таксама паміж людзьмі праз фізічны кантакт. 


Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у нашай краіне пакуль не зарэгістравана выпадкаў захворвання, але спецыялісты гатовыя да магчымасці завозу гэтай інфекцыі з іншых краін. Праз інтэнсіўнае перамяшчэнне людзей і рост эканамічных, культурных і турыстычных сувязяў, любая інфекцыя ці вірус могуць быць выяўленыя ў любой краіне свету.


Спецыялісты Навукова-даследчага інстытута гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя яшчэ ў 2022 годзе, калі адбывалася папярэдняя ўспышка захворвання, распрацавалі набор рэагентаў для дыягностыкі воспы малпаў метадам ПЦР у рэжыме рэальнага часу. 


Таксама ведамства адзначае, што ў краіне ёсць адпаведныя ўмовы (лабараторыі BSL-3), якія дазваляюць праводзіць усе віды работ з патагеннымі біялагічнымі агентамі 4-й групы рызыкі. Акрамя таго, НДІ ГТЭВМ пастаянна ўдзельнічае ў глабальнай праграме СААЗ па лабараторным кантролі якасці дыягностыкі віруса воспы малпаў, што сведчыць пра наяўнасць вопыту правядзення дыягнастычных мерапрыемстваў.


Адной з мераў па недапушчэнні завозу і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў з’яўляецца санітарна-каранцінны кантроль асобаў, якія прыбываюць з краінаў з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, паведамілі ў ведамстве. Акрамя таго, ў Беларусі забяспечаная гатовасць да правядзення ўсіх неабходных супрацьэпідэмічных, дыягнастычных, лячэбных і іншых мерапрыемстваў у выпадку завозу гэтай інфекцыі, каб перадухіліць яе распаўсюджванне на тэрыторыі краіны.


Упершыню воспу малпаў сярод людзей выявілі ў 1970 годзе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК) у 9-гадовага хлопчыка. Інфікаванне адбываецца ў выніку беспасярэдняга кантакту з крывёю, біялагічнымі вадкасцямі, закранутаю хваробаю скурай або слізістай інфікаваных жывёлінаў (малпаў, гамбійскіх пацукоў і вавёрак). Адзін з чыннікаў рызыкі – ужыванне ў ежу мяса інфікаваных жывёлінаў без належнага тэрмічнага апрацоўвання.


Інкубацыйны перыяд малпавай воспы можа вагацца ў дыяпазоне ад 5 да 21 дня. Для першых пяці дзён характэрныя ліхаманкавы стан, моцны галаўны боль, павелічэнне лімфатычных вузлоў, боль у спіне і цягліцах, моцная слабасць.


Праз 1–3 дні пасля ліхаманкі з’яўляецца высыпка. Часцей за ўсё на твары, а таксама на далонях і ступаках, затым яна распаўсюджваецца па ўсім целе, у тым ліку на слізістай абалонцы рота, геніталіях, а таксама на павеках і рагавіцы вока. Высыпка з часам ператвараецца ў струп, які пазней адпадае. У выніку могуць застацца рубцы.


Найчасцей захворванне праходзіць у лёгкай форме і знікае само за 2-3 тыдні. Часам назіраецца і цяжкая форма са смяротнасцю ад 1 да 15 %. Большасць выпадкаў смерці здараецца сярод дзяцей ранняга ўзросту.


Каб пазбегнуць заражэння, варта пазбягаць кантактаў з хворымі прыматамі, не есці мяса дзікіх жывёлінаў, рэгулярна санітарна апрацоўваць рукі, прытрымлівацца асабістай гігіены, засцерагацца падчас сексу і цесна не кантактаваць з незнаёмымі асобамі.


Раман Шавель, «Белсат» 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10