навіны

Крызіс ЗСУ на ўсходзе і поспехі на поўначы. Што адбываецца ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 26 жніўня чытайце ў нашым матэрыяле.

Стабілізацыя фронту пад Курскам і далейшыя перспектывы для ЗСУ


Высокая інтэнсіўнасць баявых дзеянняў па-ранейшаму захоўваецца на тэрыторыі Курскай вобласці РФ, дзе ўкраінскія вайскоўцы валодаюць ініцыятывай і намагаюцца развіць свой ранейшы поспех. Так, за апошні тыдзень Збройныя сілы Украіны ўсталявалі кантроль над буйнымі ўчасткамі так званай шэрай зоны ў Коранеўскім і Суджанскім раёнах - рух фіксуецца амаль па ўсёй лініі сутыкнення.

Разам з тым прасоўванні на новых участках адзначаюцца толькі лакальна, што ўказвае на паступовую стабілізацыю лініі фронту ў Курскай вобласці. Агулам, выглядае на тое, што расейцам удалося перакінуць дастатковую колькасць рэзерваў, якія спынілі прасоўванні перадавых дыверсійна-выведных групаў праціўніка і навязалі бой асноўным сілам.



Між тым прарасейскія крыніцы па-ранейшаму чакаюць новых спробаў прарываў фронту з боку ЗСУ. Найбольш верагодным месцам наступу ўкраінцаў бачыцца памежны ўчастак Глушкоўскага раёну Курскай вобласці: раней Збройныя сілы знішчылі масты цераз раку Сейм, і цяпер наносяць удары з РСЗА па пераправах, пагаршаючы лагістыку праціўніка на вялізным участку тэрыторыі з поўдня ад воднай перашкоды.

Перспектывы ЗСУ ў Глушкоўскім раёне разам з ранейшымі дасягненнямі ў Коранеўскім і Суджанскім істотна паляпшаюць абарончыя пазіцыі ўкраінцаў у Сумскай вобласці: фактычна тут была ствараная так званая буферная зона перад абласным цэнтрам, аналагічная, але больш паспяховая за тую, якую расейцы намагаліся стварыць на поўначы Харкаўшчыны. Акрамя гэтага кантроль над тэрыторыямі праціўніка паляпшае пазіцыі Украіны перад правядзеннем будучых мірных перамоваў, што ўскосна пацвярджаецца і словамі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.

Разрастанне аператыўнага крызісу ЗСУ на ўсходзе


На ўсходнім фронце найбольш гарачымі ўчасткамі застаюцца тарэцкі і пакроўскі кірункі, дзе ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ.

На першым расейцы ўсё глыбей укліньваюцца ў абарону праціўніка на тэрыторыі тарэцкай агламерацыі. Істотным дасягненнем тут бачыцца канчатковы захоп населенага пункту Нью-Ёрк, цераз які войскі РФ працягнулі рух далей да Нялепаўкі (Неліпівка). Імаверна адсюль будзе ажыццяўляла спроба абысці горад Тарэцк з паўднёвага захаду. Адначасова з гэтым ідзе рух да гораду і з паўночнага ўсходу.

Яшчэ больш крытычнай для Збройных сілаў выглядае сітуацыя на суседнім пакроўскім кірунку: тут расейцы маюць сур’ейныя прасоўванні ў бок аднайменнага гораду, да якога ўжо застаецца каля 10 кіламетраў.

Цяпер баявыя ідуць па ўмоўнай лініі населеных пунктаў Гродаўка – Навагродаўка – Міхайлаўка.

Улічваючы канфігурацыю фронту і хуткасць, з якой войскі РФ прасоўваюцца на захад, можна адзначыць разрастанне так званага аператыўнага крызісу Збройных сілаў на ўсходзе: у ЗСУ назіраецца недахоп вайскоўцаў на кірунку, а таксама сродкаў яе падтрыкі, акрамя гэтага праціўнік мае істотную перавагу ў артылерыі і авіяцыі, што яшчэ больш пагаршае маральны стан украінцаў. У такіх умовах УС РФ удаецца даволі аператыўна займаць добраўмацаваныя апорныя пункты праціўніка, якія ў іншых умовах мелі перспектыву для доўгачасовай абароны.

Новыя магчымасці для ЗСУ


На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. Невялікія змены па фронце цягам тыдня адбыліся на ліманскім і курахаўскім кірунках, але ўсё яны маюць выключна лакальны характар.

Разам з тым прарасейскія крыніцы актыўна абмяркоўваюць магчымасць новага наступу ЗСУ на яшчэ адным участку фронту: мяркуецца, што ўдар мода быць нанесены ў Бранскай, Запарожскай або Херсконскай вобласцях.

Пры гэтым больш рэалістычным бачыцца наступ Збройных сілаў на Запарожскім кірунку ў ваколіцах Каменскага: адсюль украінцы могуць пачаць рух у бок гораду Такмак і далей на поўдзень да Азоўскага мора, каб у выніку перарэзаць сухапутны шлях праціўніка ў Крым. Акрамя гэтага ад Каменскага ЗСУ могуць паспрабаваць прасунуцца на захад у бок ЗАЭС.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10