На беларуска-латышскай мяжы знайшлі замежніка са шматлікімі гематомамі
15.07.2024, 13:31
Дзяржпамежкамітэт паказвае, што выклікаў хуткую да мяжы. (Крыніца: Пограничный комитет Беларуси / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Дзяржпамежкамітэт Беларусі сцвярджае, што мужчыну збілі калегі з Латвіі.
Беларускія памежнікі 14 ліпеня выявілі ля мяжы з Латвіяй грамадзяніна Афганістану з мноствам гематомаў і выцятасцяў. Дзяржпамежкамітэт Беларусі сцвярджае, што мужчыну збілі калегі з Латвіі.
Дзяржпамежкамітэт паказвае, што выклікаў хуткую да мяжы. (Крыніца: Пограничный комитет Беларуси / Telegram)
«Грамадзянін Афганістану распавёў, што напярэдадні ўначы латышскія сілавікі яго моцна збілі і выштурхнулі на беларускую тэрыторыю. Беларускія памежнікі надалі афганцу першую дапамогу, а таксама выклікалі хуткую. Медыкі, якія прыбылі, дыягнаставалі ў замежніка шматлікія гематомы, а таксама выцятасці розных частак цела», – піша прэс-служба Дзяржпамежкамітэту Беларусі.
Дзяржпамежкамітэт таксама паказвае відэа, на якім малады мужчына, які добра гаворыць па-расейску, пацвярджае паведамленне прэс-службы і паказвае гематомы.
Раней падобныя абвінавачванні гучалі на адрас Польшчы. У тым ліку абвінавачанне ў забойстве замежніка на польскім баку і перамяшчэнне ягонага цела ў Беларусь праз дзверы ў плоце.
Штаб-сяржант Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Эвэліна Леўковіч у каментары «Белсату» сказала, што такія абвінавачанні ёсць няпраўдаю. Акрамя таго, з пачатку міграцыйнага крызісу Памежная ахова Польшчы вылучыла 4 млн злотых на медычную дапамогу мігрантам.
А дзверы ў плоце – гэта тэхнічныя вароты, бо частка тэрыторыі за плотам яшчэ належыць Польшчы. Мігрантаў праз дзверы могуць правесці ў наступным выпадку:
,,
«Таксама мы маем справу з асобамі, якія не хочуць падавацца на міжнародную абарону ў Польшчы. Іх праводзяць да дзвярэй, каб яны маглі вярнуцца ў краіну, у якую трапілі легальна. У данай сітуацыі гэта Беларусь», – распавяла Эвэліна Леўковіч.
Пасля візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай, дзе ён уздымаў пытанне міграцыйнага крызісу, міграцыйная плынь з Беларусі ў Польшчу зменшылася. Затое актывізацыю нерэгулярных мігрантаў заўважыла Латвія.