навіны

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 чэрвеня

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» падводзіць вынікі 102 дня поўнамаштабнай вайны

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 5 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.
Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 31 150 чалавек забітымі. Таксама ва ўкраінскіх ды расейскіх крыніцах з’явіліся паведамленні пра смерць чарговага генерала РФ – Рамана Кутузава. Сцвярджаецца, што генерал-маёр загінуў каля пасёлку Нікалаеўка, што на Луганшчыне. На Данбасе ён камандаваў армейскім корпусам «ДНР».
Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія сілы адбілі пяць атак расейцаў. Паведамляецца, што расейцы вялі наступ на Славянскім, Данецкім і Ліманскім напрамках, але асноўныя намаганні вораг сканцэнтраваў у раёне гарадоў Севераданецк і Лісічанск, таксама расейцы спрабавалі перарэзаць асноўныя лагістычныя шляхі да гэтых населеных пунктаў.
Разам з тым кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што за апошні дзень у выніку контратак ЗСУ расейцы былі вымушаныя часткова адступіць у Севераданецку. У выніку горад аказаўся падзелены папалам. Гайдай мяркуе, што ЗСУ цяпер могуць адваяваць Севераданецк. Але ён бачыць у гэтым сэнс толькі з палітычнага пункту гледжання, а не з ваеннага.
За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы не праводзілі актыўных наступальных дзеянняў, замест гэтага яны ўмацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю асабовага складу. Пры гэтым працягвалі абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі авіяцыяй і артылерыяй па ўсёй лініі сутыкнення, а таксама ўглыб краіны.
Belsat

Кіеў зноў трапіў пад абстрэл – раніцай у нядзелю

навіны
Так у нядзелю ранкам былі абстраляныя ракетамі Дарніцкі і Дняпроўскі раёны Кіева. Абышлося без ахвяраў, але пацярпела адна жанчына, яе шпіталізавалі. Таксама расейскую ракету збілі над Абухоўскім раёнам Кіеўскай вобласці.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ўдарам па Кіеве нібыта знішчылі пастаўленыя ўсходнееўрапейскімі краінамі танкі Т-72 і іншую бранятэхніку, якую размяшчалі ў вагонарамонтным прадпрыемстве. Кіраўнік украінскай чыгункі Аляксандр Камышын абверг гэтую інфармацыю. Паводле яго, на тэрыторыі Дарніцкага вагонарамонтнага заводу няма вайсковай тэхнікі. Гэты завод рамантаваў паўвагоны ды зернявозы, якія выкарыстоўваюцца для вывазу экспартнай прадукцыі.
Таксама расейскія артылерыйскія ўдары былі па інфраструктуры ў двух населеных пунктах Сумскай вобласці і адным – Чарнігаўскай, працягваўся агонь па пазіцыях украінскіх войскаў блізу Харкава. У сяле Чаркаскія Тышкі пад Харкавам, паводле ЗСУ, расейскія войскі ўжылі фосфарныя боепрыпасы.
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў выказаў меркаванне, што вайна з Расеяй можа скончыцца ўжо ў гэтым годзе. Паводле яго, неўзабаве Украіне будзе мець дастаткова сілаў каб спыніць войскі РФ і стрымліваць іх у будучыні.
Іспанскае выданне «El País» са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе паведаміла, што краіна рыхтуе пастаўкі цяжкага ўзбраення для Украіны. Іспанія, паводле выдання, ужо завяршае пастаўкі ў Кіеў зенітна-ракетных комплексаў малой далёкасці «Shorad Aspide» (Іспанія ўжо мае больш сучасныя), чакае завяршэння перамоваў аб пастаўках праз нямецкі Штутгарт. Таксама Іспанія, піша «El País», гатовая паставіць Украіне нямецкія танкі «Leopard 2 A4», якія ўжо 10 гадоў стаяць у рэзерве іспанскай арміі. Аддаць могуць каля чатырох дзясяткаў гэтых танкаў, але іх яшчэ трэба будзе дапрацаваць.
На сайце прэзідэнта Украіны з’явілася петыцыя за наданне грамадзянства або іншага прававога статусу тым замежнікам, якія «ва ўмовах вайны абараняюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны». Калі петыцыя набярэ 25 тысячаў подпісаў, прэзідэнт будзе абавязаны разгледзець зварот. Дзейнае ўкраінскае заканадаўства не прадугледжвае прадстаўлення ўкраінскага грамадзянства замежнікам, якія ваююць за Украіну, таму ў выпадку ранення, смерці або палону замежныя добраахвотнікі і іхныя сем’і не будуць мець належнай сацыяльнай і прававой абароны.
Віцька Кавалак belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10