Суд над беларусамі ў Расеі, арышт пастара і пагрозы ЕГУ. Навіны рэпрэсіяў за 9 студзеня
10.01.2024, 00:37
Belsat
podpis źródła zdjęcia
У краіне працягваюцца затрыманні і суды.
«Белсат» працягвае адсочваць рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, якія выступаюць супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту сілавікоў ці вайны ва Украіне.
ІЧУ на Акрэсціна. (Фота: Белсат)
У Расеі, у Маскоўскім абласным судзе, пачаўся разгляд справы ў дачыненні двух беларусаў, якіх абвінавачваюць у дыверсіі ў чыгуначным дэпо Арэхава-Зуева. 19-гадоваму Кірылу Басько і 20-гадоваму Арцёму Брэскаму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў да двух гадоў «хатняй хіміі» індывідуальнага прадпрымальніка Канстанціна Васіленку, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Прысуд 14 снежня вынесла суддзя Анжэла Касцюкевіч.
А 21 снежня 2023 году вынеслі прысуд Сяргею Альшуку, Людміле Калядзе, Аляксею Асіпчуку і Алене Ліпік. Кожнага з іх асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». Усе, апроч Ліпік, якая была пад закладам у памеры 3700 рублёў, да суду знаходзіліся пад вартай: іх вызвалілі пасля прысуду. Суддзя Ала Скуратовіч асудзіла іх за ўдзел у Маршы ў 2020 годзе.
У Гомельскім абласным судзе з доўгімі перапынкамі працягваецца суд над 54-гадовым літаратарам Алегам Кацапавым, якога абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу «экстрэмісцкай» накіраванасці. Судовы працэс пачаўся яшчэ 24 лістапада 2023 года і доўжыцца да сённяшні дзень. Справу прызначаны разглядаць суддзя Сяргей Салоўскі, названы ў 2020 годзе «самым жорсткім суддзёй Гомельшчыны».
У судзе Ваўкавыскага раёну 11 студзеня пачнецца суд паводле ч. 1 арт. 342 КК адразу над 10 мужчынамі. У якасці абвінавачаных выступаюць Вадзім Боўфал, Мікалай Распапоў, Павел Ажахоўскі, Вацлаў Анісько, Валер Хладніцкі, Мікалай Ляпешка, Сяргей Зелянкоў, Максім Дарнейка, Павел Плюшчэўскі, Уладзімір Апановіч. Абставіны і падрабязнасці справы невядомыя, як і невядомы меры стрымання мужчын. Масавую справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.
У Віцебску раніцаю 9 студзеня затрымалі маці палітзняволенага Паўла Севярынца Таццяну Севярынец. Нібыта за падпіскі ў сацыяльных сетках.
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрыманага шматдзетнага супрацоўніка кампаніі вытворчасці шчытоў «Электратэма» Аляксандра Маясеенкі. Затрымалі яго за ўдзел у маршах і каментары ў тэлеграме.
Пастара з Чэрыкава Рамана Раждзественскага арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яму прысудзілі 14 содняў арышту. У 2022 годзе пастара ўжо штрафавалі за рэпост з «экстрэмісцкага» каналу і «лайк» у фэйсбуку пад пастом ад 2020 года.
У Горадні затрымліваюць людзей за падпіску на Instagram журналіста Руслана Кулевіча. Пра гэта журналіст напісаў у сваім Facebook. Аднаго чалавека затрымалі на навагоднія святы і трымалі ў ізалятары.
Суддзя суда Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка 28 снежня за «экстрэмізм» пакараў арыштам на 7 сутак грамадзяніна Расеі, работніка рэкламнай вытворчасці Дзмітрыя Чаркоўскага. Ён нібыта быў падпісаны ў Facebook на інфармацыйныя рэсурсы «Рух за свабоду» і «Хартыя’97».
МУС прызнала тэлеграм-чат «Баранавічы 97%» «экстрэмісцкім фармаваннем». Такое рашэнне прынята нібыта «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».
Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя тэлеграм-каналы і чаты «Белорусско-грузинско-украинский чат «Россия это зло»», «FREEINFOBEL Chat», старонкі ў Instagram «тамошний Борисов», «Borisov Life News», старонка ва «Укантакце» «luka.zоne», старонка ў Х «1regby» і TikTok-стаtронкі «Экстрым-Бел-TV», «97bye3».
Таксама ў Беларусі 9 студзеня заблакавалі сайт журналістаў-расследавальнікаў «Бюро медыя». Блакаванне адбылося пасля выхаду іхнага расследавання пра Беларускі Чырвоны Крыж.
Таксама з’явілася інфармацыя, што ўлады Беларусі могуць прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт экстрэмісцкай арганізацыяй.