навіны

«Белыя халаты»: У Беларусі моцны рост захворвання дзяцей на коклюш. Шпіталі перапоўненыя

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Коклюш – вострая бактэрыяльная інфекцыя, найбольш характэрная прыкмета якой – спазматычны кашаль.

У Беларусі адзначаецца моцны рост захворванняў на пнеўманію сярод дзяцей. Гэта можа быць звязана з надзвычайным ростам фіксаваных выпадкаў на коклюш, паведамляюць «Белыя халаты».
Адным з першых пра рост захворванняў паведаміў гомельскі «Флагшток». Згодна з ім, у мазырскіх пабліках абмяркоўваюць тое, што «ўся дзіцячая больніца перапоўненая» ў сувязі з захворваннямі на пнеўманію. Як паведамляецца, «хварэюць дзеці сем’ямі». Некаторых дзяцей праз перапоўненасць нават не клалі на лекаванне ў больніцу, даводзіцца лекавацца ўдома або дамагацца накіравання ў дарослую інфекцыйную больніцу.
Такая ж сітуацыя назіралася і ў суседніх Калінкавічах і ў Гомлі, дзе таксама «перапоўненыя аддзяленні».
26 чэрвеня рост захворванняў фактычна пацвердзіў цяпер ужо былы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Максім Рыжанкоў. Падчас паездкі ў Чачэрскі раён ён заявіў, што «сітуацыя пад кантролем», а Лукашэнкам «пастаўленыя канкрэтныя задачы, дадзена даручэнне міністру аховы здароўя». Паводле Рыжанкова, «у прыватнасці, у Чачэрску месцаў для магчымай шпіталізацыі хапае, усімі лекамі, самымі патрэбнымі і запатрабаванымі, усе забяспечаны», перадае БелТА.
Максім Рыжанкоў наведвае дзіцячы шпіталь у Чачэрску. (Фота: belta.by)
Максім Рыжанкоў наведвае дзіцячы шпіталь у Чачэрску. (Фота: belta.by)
Таксама і ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі 25 чэрвеня заявілі, што «афіцыйна: у Беларусі самае нізкае за тры гады захворванне на рэспіраторныя інфекцыі». І паказалі пустыя ложкі.
Як паведаміла намесніца міністра Святлана Нячай, «больш як 50% выпадкаў пнеўманіяў, якія зараз рэгіструюцца ў Беларусі, выклікаюцца мікраарганізмамі роду мікаплазма. Гэты ўзбуджальнік у Беларусі, у асноўным, рэгіструецца ў дзяцей, старэйшых за 5 гадоў і падлеткаў».
Аднак аб’яднанне лекараў «Белыя халаты» адзначае, што «гэтая інфармацыя – нагода моцна ўстрывожыцца».
«Мікаплазменная пнеўманія ў дзяцей і падлеткаў – гэта вельмі верагодна другасная інфекцыя на фоне коклюшу. Міністэрства аховы здароўя пацвярджала вясной, што ў краіне назіраецца рост коклюшу, агаворваючыся пры гэтым, што прычына збольшага ў тым, што частка беларусаў стала грэбаваць вакцынацыяй ад гэтай небяспечнай хваробы. Апроч гэтага наракалі на рост захворвання ва ўсім свеце і пры гэтым, чамусьці, не прыводзячы дакладныя звесткі па Беларусі», – заявілі «Белыя халаты».
Паводле іх звестак, на ўнутраных нарадах Міністэрства аховы здароўя былі агучаныя наступныя лічбы: за чатыры месяцы 2024 года ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 1531 выпадак коклюшу, у той час як за ўвесь 2023 год – толькі 881 выпадак.
Коклюш (або кохлік) – вострая паветрана-кропельная бактэрыяльная інфекцыя, найбольш характэрнай прыкметай якой зʼяўляецца прыступападобны спазматычны кашаль. Небяспечнае інфекцыйнае захворванне дыхальных шляхоў. Вельмі небяспечны для дзяцей да 2 гадоў.
Часцей хварэюць дзеці дашкольнага веку. Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 7 да 14 дзён. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам. Хворы заразны з першага да 25-га дня захворвання. Працягласць заразнага перыяду можа скараціцца пры своечасовым правядзенні антыбактэрыяльнай тэрапіі.
Паводле «Белых халатаў», павышэнне ўзроўню захворвання коклюшам можна звязаць з шэрагам фактараў, у тым ліку эпідэмічныя пікі сярод невакцыянаваных людзей і зніжэнне калектыўнага імунітэту ў агульнай папуляцыі падчас пандэміі COVID-19.
Якуб Хруст belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10