навіны

Памежнікі Польшчы: людзі ў форме дапамагалі мігрантам незаконна перасекчы мяжу

Польскія памежнікі сцвярджаюць, што з беларускага боку мігрантам дапамагаюць людзі ў вайсковай форме. Фота: скрыншот з відэа /  Straż Graniczna
Польскія памежнікі сцвярджаюць, што з беларускага боку мігрантам дапамагаюць людзі ў вайсковай форме. Фота: скрыншот з відэа / Straż Graniczna
podpis źródła zdjęcia

Польскія памежнікі зафіксавалі прысутнасць людзей у беларускай форме сярод групы, якая спрабавала незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Паводле Польскай памежнай аховы, гэтыя асобы спрыялі замежнікам у спробе парушыць мяжу.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 14 траўня 2025 года ў зоне адказнасці памежнай заставы ў Чаромсе, паведамляюць польскія памежнікі. Невялікая група асобаў спрабавала незаконна перайсці мяжу, выкарыстоўваючы шліфавальную машынку, каб разбурыць агароджу, а таксама драбіны. Сярод замежнікаў, якія былі з беларускага боку, памежнікі заўважылі дзвюх асобаў у вайсковай форме: яны, як сцвярджаецца, дапамагалі мігрантам.

Трое з гэтай групы змаглі пераадолець агароджу і трапілі на тэрыторыю Польшчы. Астатнія вярнуліся назад у Беларусь.



Польскія сілавікі затрымалі аднаго з мігрантаў на мяжы, яшчэ двух – праз кароткі час. Затрыманыя – грамадзяне Афганістану і Пакістану. Ім ужо выдадзеныя пастановы аб выездзе з Польшчы.

Польскі бок падкрэслівае, што беларуская тэрыторыя каля мяжы – зона, даступная толькі для беларускіх спецслужбаў. Тым не менш менавіта яны, як сцвярджаюць польскія ўлады, арганізоўваюць і падтрымліваюць спробы нелегальнага пранікнення мігрантаў у Польшчу: паказваюць ім слабыя ўчасткі мяжы, збіраюць групы замежнікаў, транспартуюць іх і забяспечваюць інструментамі для прарыву. Пры гэтым, паводле польскага боку, мігранты не маюць намеру шукаць абароны ў Польшчы, а імкнуцца як мага хутчэй трапіць у краіны Заходняй Еўропы.

Нагадаем, што гэта ўжо не першы раз, калі людзі ў вайсковай форме з беларускага боку дапамагалі мігрантам незаконна пераходзіць беларуска-польскую мяжу. Гэтак, у сярэдзіне красавіка з’явілася інфармацыя, што мігрантам дапамагалі беларускія вайскоўцы, пазней міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк заявіў, што апошнім часам «беларускія афіцэры ўдзельнічалі ў адкрытых правакацыях і агрэсіўных дзеяннях каля мяжы».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10