навіны

Амерыканісты: «Замах на Трампа павялічыў ягоныя шанцы, але не гарантуе перамогі – магчымыя крутыя павароты»

Доналд Трамп адразу пасля замаху на яго. (Фота: Anna Moneymaker / Getty Images)
Доналд Трамп адразу пасля замаху на яго. (Фота: Anna Moneymaker / Getty Images)
podpis źródła zdjęcia

Чаму адбыўся і да чаго прывёў замах на лідара рэспубліканцаў?

Ці можа Байдэн зняць сваю кандыдатуру? Наколькі выраслі рэйтынгі Трампа? Чаму адбыўся і да чаго прывёў замах на лідара рэспубліканцаў? Пра ўсе гэта з журналістамі «Белсату» паразважалі эксперты-амерыканісты.
Доналд Трамп адразу пасля замаху на яго. (Фота: Anna Moneymaker / Getty Images)
Доналд Трамп адразу пасля замаху на яго. (Фота: Anna Moneymaker / Getty Images)


,,

«Больш за ўсё замах на Трампа паўплываў не на выбарцаў, якія вагаюцца ў сваіх палітычных поглядах, а на ўльтраправых рэспубліканцаў і ўльтралевых дэмакратаў. Гэта яшчэ больш разбівае дзве партыі і скарачае магчымасці для дыялогу паміж імі», – распавяла паліталагіня-амерыканістка Аляксандра Філіпенка ў інтэрв’ю тэлеэфіру «Вот Так».


Разважаючы наконт прычынаў замаху на Трампа, экспертка паведаміла, што са звестак следства, замах здзейсніў стралок-адзіночка. Ім быў 20-гадовы хлопец, які нібыта расчараваўся ў амерыканскай палітыцы. Прытым стралок быў зарэгістраваным рэспубліканцам.
На думку cуразмоўцы, ужо сёння наспела сурʼёзная патрэба перабудовы амерыканскай палітычнай сістэмы і стварэння розных партыяў. Гэта неабходна, каб кожная асоба знайшла месца ў сваёй партыі.


,,

«Пакуль для амерыканцаў існуюць толькі дзве партыі – рэспубліканцаў і дэмакратаў. Так было спакон веку, але ўжо сёння ўнутры кожнай можна назіраць вельмі розныя плыні. Здараецца нават так, што сябры адной партыі часам схітраюцца трымаць у закладніках законапраекты, каб сябры гэтай жа партыі іх не ўзгаднілі і не далі правесці далей. Дыктат дзвюх партыяў – дэмакратычнай і рэспубліканскай – неабходна пераадольваць, і зрабіць гэта будзе вельмі складана», – упэўненая амерыканістка.


Большая частка палітыкаў і простых амерыканцаў сёння сапраўды заклікае да адзінства, каб не даводзіць грамадства да яшчэ большай палярызацыі. Калі глядзіш і чытаеш інтэрвʼю амерыканцаў журналістам пасля замаху на Трампа, становіцца зразумела, што грамадскасць напалоханая і занепакоеная.


,,

«Дэмакратыя ў краіне трывае на мяжы», «Замах на Трампа – чарговы доказ таго, што ў краіне сапраўды шмат праблемаў і нязгоды», – выказваюць свае асцярогі простыя амерыканцы.


Галоўная мэта паліцыі цяпер – высветліць, якая дакладна мэта была ў стралка і хто быў замоўцам замаху на Трампа, калі такі, вядома, быў. Пры гэтым адная з галоўных тэмаў, якую цяпер абмяркоўваюць эксперты, – «наколькі замах на Трампа павялічыў ягоныя шанцы на перамогу ў будучых выбарах».


,,

«Замах дакладна павялічыць шанцы Трампа на перамогу. Цяпер у яго вобраз кандыдата, які пацярпеў за свае ідэалы і перакананні», – каментуе Аляксандра Філіпенка. – Пры гэтым я хацела б правесці паралелі з замахам у 1912 годзе на Тэадора Рузвэлта. Ён таксама адбыўся, калі палітык паўторна балатаваўся ў прэзідэнты і збіраўся вярнуцца ў Белы дом, але ўжо ад прагрэсіўнай партыі. І ў яго таксама стрэлілі падчас перадвыбарчага мітынгу. Ён быў параненым у грудзі, але таксама не сурʼёзна, і нават гераічна скончыў сваю прамову, а толькі потым звярнуўся да медыкаў. Той замах таксама моцна павысіў ягоны рэйтынг на выбарах, але выбары ён усё ж прайграў. То бок замах не стаў вызначальным для вяртання Рузвэлта ў Белы дом.


Рэч у тым, што амерыканская палітыка здольная на вельмі рэзкія павароты. Таму быць упэўненай у перамозе Трампа пасля замаху на яго я не стала б. Невядома, што мы яшчэ пабачым да 5 лістапада», – рэзюмавала Філіпенка.
Джо Байдэн (Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook)
Джо Байдэн (Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook)
Фота Трампа пасля ранення ўжо называюць сімвалам прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША, а рэйтынгавыя агенцтвы ўжо заяўляюць, што на бок Трампа перайшлі каля 70 % амерыканскіх выбарцаў, у той час, як галасы Байдэну на гэты момант гатовыя аддаць толькі 18 % амерыканцаў. У прыватнасці, такія прагнозы агучвае «Рolymarket» – гэта найбуйнейшая даследчая платформа ЗША, дзе робяць стаўкі на розныя падзеі ў галіне культуры, палітыкі і спорту.
На адрас Трампа цяпер гучаць словы падтрымання паўсюль: у ЗША, Еўропе, нават у тых дзяржавах, дзе адкрыта выступаюць супраць Злучаных Штатаў. Напрыклад, у Кітаі і Венесуэле.


,,

«Для амерыканцаў гэта шокавая падзея. Замах на аднаго з кандыдатаў – гэта тое, што можа ўвогуле змяніць сённяшнюю прэзідэнцкую кампанію і наратывы супернікаў Доналда Трампа», – выказаўся падчас інтэрвʼю праграме «Тыдзень» эксперт у стратэгічных камунікацыях, амерыканіст Антон Пянькоўскі.


Суразмоўца таксама лічыць, што пакуль гаварыць пра непазбежнасць перамогі Трампа нельга, але ягоныя шанцы быць абраным сапраўды моцна выраслі.


,,

«Я чакаю, што пэўная рыторыка крытыкаў Доналда Трампа цяпер можа нават прыпыніцца, – разважае Пянькоўскі. – Мы ведаем, што ёсць пэўны вобраз прыхільнікаў Трампа як людзей, якія падтрымліваюць другую папраўку да Канстытуцыі ЗША, паводле якой грамадзянам дазваляецца мець зброю. І цяпер, калі лідар рэспубліканцаў сам стаў ахвярай нападу, гэта ўвогуле мяняе наратывы крытыкі».


Хаця гэта крыху і складана для ўспрымання, на думку эксперта, факт нападу на Трампа зараз могуць выкарыстаць з той нагоды, што не толькі ягоныя прыхільнікі падтрымліваюць захаванне для амерыканскіх грамадзянаў права мець зброю. І гэта ўвогуле не залежыць ад таго, ці ёсць чалавек прыхільнікам той або іншай партыі.
Таксама Пянькоўскі звяртае ўвагу на тое, што зараз апанентам Трампа крытыкаваць яго стане цяжэй.
Ці ёсць нейкі спосаб у дэмакратаў перабіць тэму ягонай ахвярнасці? На гэтае пытанне эксперт адказвае так:


,,

«Цяпер ад Трампа чакаюць жыццесцвярджальных паводзінаў, як выратаванага найвышэйшай воляю шчасліўчыка. Што да дэмакратычнай партыі, то ўжо апошнія некалькі тыдняў, перш за ўсе ў прэсе, мы назіраем дыскусію наконт змены кандыдата ад дэмакратычнай партыі. Джо Байдэн адмаўляўся гэта рабіць, бо быў упэўнены ў сваёй перамозе. Вядома, мы яшчэ не бачылі апытанняў амерыканскага грамадства і не ведаем, як на яго паўплываў учынак тэрарыста, але гэта дакладна значна зменіць карціну таго, як амерыканцы ставяцца да кандыдатаў у прэзідэнты. Я маю на ўвазе тое, што шанцы Доналда Трампа на перамогу вельмі моцна вырастуць».


На думку амерыканіста, ужо цяпер Джо Байдэн мае вельмі цяжкое становішча. Тым больш што ягоныя апошнія памылкі ў публічных паводзінах і прамовах таксама дадалі цяжкасцяў сітуацыі.
Ці рэальны сцэнар таго, што Джо Байдэн можа зняцца з выбараў, бо гэта магло б перацягнуць увагу ад гісторыі з нападам на Трампа і крыху змясціць вектар увагі выбарцаў? На гэтае пытанне эксперт выказаў наступную думку:
«Тэхнічна гэта магчыма, але ёсць праблема – адсутнасць другога моцнага кандыдата ад дэмакратычнай партыі. Нават калі б ён і быў, то за 3,5 месяца амаль немагчыма правесці паўнавартасную выбарчую кампанію для новага кандыдата дэмакратаў. Так, апытанні насельніцтва Злучаных Штатаў сведчаць, што тая ж Мішэль Абама – жонка былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы – магла б перамагчы Трампа. Нават цяпер ідуць такія размовы, бо нават галоўныя спонсары перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі заклікаюць Байдэна зняцца на карысць хаця б той жа Мішэль Абамы, але мы ніводнага разу не чулі, каб самая Мішэль выказвала згоду ці жаданне зрабіць гэты крок. Асабіста я ўспрымаю гэтую ідэю як пэўную маніпуляцыю».
Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10