Кіраўнік МЗС Арменіі не прыедзе на паседжанне Савету міністраў замежных справаў АДКБ


Міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян не прыедзе на паседжанне Савету міністраў замежных справаў АДКБ, што пройдзе 21 чэрвеня ў Алматы. Пра гэта паведамляе «Арменпресс» са спасылкаю на прэс-сакратара МЗС Арменіі Ані Бадальян.

Міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян.
Фота: «Арменпресс»

Плануецца, што на паседжанні абмяркуюць міжнароднае развіццё, сітуацыю ў рэгіёне, механізмы ўзмацнення каардынацыі ў сферы вонкавай палітыкі і падвядуць вынікі супрацы ў рамках АДКБ. Савет міністраў замежных справаў мае ўхваліць шэраг праектаў, што будуць вынесеныя на зацверджанне на чарговай сесіі АДКБ, якая адбудзецца 28 лістапада 2024 года.

Арменія абвясціла аб замарожванні сяброўства ў АДКБ у лютым 2024 года, а яшчэ ў лістападзе 2023 года прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян не прыехаў у Менск на саміт АДКБ праз пастанову «не прысутнічаць на гэтых сустрэчах».

12 чэрвеня 2024 года падчас выступу ў парламенце Нікол Пашыньян зноў загаварыў аб магчымым выхадзе з АДКБ. Тады ж ён рэзка раскрытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымліваў Азербайджан падчас ваеннага канфлікту Арменіі і Азербайджану.

​​«Адзін з лідараў АДКБ заяўляе, што ён удзельнічаў у рыхтаванні 44-дзённай вайны, натхняў, верыў і жадаў перамогі Азербайджану. Пасля гэтага я павінен пайсці і сесці з Лукашэнкам у фармаце АДКБ ды абмеркаваць любое пытанне? Я фіксую, што ніколі не буду наведваць Беларусі, бо там прэзідэнтам застаецца Аляксандр Лукашэнка. Я заяўляю, што на гэты момант ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Арменіі наогул не наведае Беларусі», – сказаў Пашыньян.

Прэм’ер таксама адзначыў, што дзве краіны з АДКБ удзельнічалі ў рыхтаванні Азербайджанам вайны ў Нагорным Карабаху.

Hавiны
Беларусь адклікае свайго пасла ў Арменіі пасля такога ж кроку з армянскага боку
2024.06.13 18:08

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў