Жыхар Магілёва адседзеў тры дні за акцыю Ціханоўскага, але суд не знайшоў ягонай віны


Суддзя суда Кастрычніцкага раёну Магілёва, Жанна Пушкіна, 29 траўня вынесла вырак – «спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні Ігара Шчамялёва за недаказанасцю ягонай віны». Жыхара Магілёва Ігара Шчамялёва вінавацілі ва ўдзеле ў сустрэчы прыхільнікаў аўтара YouTube-каналу «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага 5 траўня ў Магілёве. Шчамялёва на сустрэчы не было.

«Я чакаў менавіта такога выраку. Бо ўсе відавочныя факты былі на маю карысць: я не вінаваты. Але я буду цалкам задаволены толькі пасля таго, як у мяне атрымаецца пакараць тых людзей, з-за якіх я сядзеў тры дні ў ізалятары і з-за якіх быў вымушаны апраўдвацца ў судзе», – сказаў Ігар Шчамялёў пасля працэсу.

Ігар Шчамялёў.
Фота: «Белсат»

Ігар Шчамялёў збіраецца падаваць скаргі на тых, хто заводзіў на яго адміністратыўную справу, а таксама на сведкаў.

Даказаць сваю невінаватасць Ігару дапамагло аператыўнае відэа з акцыі, а таксама білінг мабільнага тэлефона. Пры праглядзе відэа, якое праходзіла ў справе Шчамялёва ў якасці доказу ягонай віны, Ігара не знайшлося. І тры сведкі – працаўнікі ДАІ Артур Цярэшчанка і Генадзь Баброў ды працаўнік Кастрычніцкага РАУС Уладзімір Пугачоў – былі вымушаныя паставіць пад сумнеў свае першапачатковыя сведчанні супраць Ігара Шчамялёва.

Білінг паказаў, што Ігар падчас акцыі быў у іншым раёне гораду

29 траўня на апошнім паседжанні суддзя Жанна Пушкіна агучыла вынікі білінгу мабільных тэлефонаў, які прасіў зрабіць Ігар. Тэлефон яго, ягонай жонкі і ягонага сябра ў часе акцыі былі ў іншым раёне гораду, па месцы жыхарства сям’і Шчамялёвых. Такім чынам, словы Ігара, што ўвечары 5 траўня ён быў дома, знайшлі пацверджанне ў судзе, а словы міліцыі – не. Пры такім раскладзе суддзі Жанне Пушкінай нічога не заставалася, як спыніць справу, што яна і зрабіла. Але праваабаронца Барыс Бухель кажа, што суддзя мусіла прыменіць рэабілітацыйны артыкул.

Ігар Шчамялёў разам з бацькам Міхасём Шчамялёвым у судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва.
Фота: «Белсат»

«Суддзя павінна была спыніць справу не за недаказанасцю, а праз адсутнасць самой падзеі. Гэта розныя артыкулы. Іх абвінавачванні ўвогуле даказаць немагчыма, бо Ігара там не было. Значыць, адсутнічае складнік правапарушэння, а не доказы. Такім чынам, суддзя проста падыграла супрацоўнікам МУС, якія займаліся справай Ігара. Каб на іх было цяжэй напісаць скаргу», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Ігар Шчамялёў у чаканні судовага выраку, побач з ім ягоны сябар, які выступіў сведкай на судзе.
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

Ігара Шчамялёва забралі з дому – нібыта на размову – 8 траўня. У Кастрычніцкім РАУС на яго склалі пратакол паводле ч. 1. арт. 23.34 КоАП і адвезлі на тры дні ў ізалятар. Ужо 11 траўня адбылося першае судовае паседжанне, на якім сябар Ігара пацвердзіў, што 5 траўня Ігар увесь вечар быў удома ў іншым раёне гораду разам з ім і на акцыі не прысутнічаў.

ВІДЭА
Пікет Ціханоўскіх у Магілёве. Стрым «Белсату»
2020.05.27 13:20

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў