Пікет Ціханоўскіх у Магілёве. Стрым «Белсату»


У сераду, 27 траўня, каманда відэаблогера Сяргея Ціханоўскага і ягонай жонкі, прэтэндэнткі на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай ладзіць перадвыбарчы пікет у Магілёве. «Белсат» ладзіў стрым.

Пікет па зборы подпісаў за высоўванне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай проходзіць у Магілёве па вуліцы Першамайская, 57. Людзі стаяць у чарзе, каб паставіць свой подпіс за жонку вядомага гомельскага блогера.

Сяргей Ціханоўскі ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

19:52. Людзі дагэтуль стаяць у чарзе, каб паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую. Суразмоўцы «Белсату» кажуць, што ніколі не бачылі столькі людзей на плошчы ў Магілёве. Шмат хто з іх прызнаюцца, што вельмі спадзяюцца на перамены ў краіне. Адна з жанчын назвала Святлану Ціханоўскую «надзеяй Беларусі».

18:28. Сяргей Ціханоўскі падкрэсліў, што такія пікеты мусяць паказаць усім, што ў Беларусі шмат людзей, якія хочуць пераменаў.

«Магчыма гэта рэпетыцыя нейкага вялікага мірнага працяглага пратэсту. А можа ён і сам сыдзе, убачыць, што людзі яго не падтрымліваюць», – заявіў ён.

Блогер кажа, што існуе вялікі запыт на перамены і для яго не стала сюрпрызам, што на пікет у Магілёве прыйшло шмат людзей. Наконт сваёй жонкі ён сказаў, што «гэта простая беларуска, якая кахае свайго мужа, і у патрэбны момант прыняла правільнае рашэнне».

Чарга на пікеце ў Магілёве па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.
Фота: «Белсат»

18:02. На плошчы цяпер стаяць чатыры чаргі да чатырох столікаў зборшчыкаў подпісаў. У кожнай чарзе прыкладна каля 100 чалавек.

Некаторыя людзі нясуць Ціханоўскаму тапкі, іх кідаюць у кучу ля аднаго са столікаў, як сімвал пратэсту.

Пікет у Магілёве па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.
Фота: «Белсат»

17:54. На прыпынку, побач з якім праходзіць пікет, ДАІшнікі спынілі невядомую машыну, каб праверыць дакументы. Ціханоўскі звярнуў увагу на тое, што машына ДАІ пры гэтым парушыла правіла дарожнага руху – міліцыянты нібыта перасякалі дзве суцэльныя лініі. Ціханоўскі зрабіў заўвагу ДАІшніку і дамогся, каб той назваў сваё прозвішча. Усе скончылася мірна – ніхто затрыманы не быў.

Пікет у Магілёве па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.
Фота: «Белсат»

17:15. Сяргей Ціханоўскі не змог сказаць, колькі агулам сабрана подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі Святланы. Але адзначыў: каля 3000 подпісаў было сабрана па выніках пікету з ягоным удзелам у Менску, каля тысячы ў Слуцку і 1,5 тысячы ў Баранавічах. «Сябры нашай ініцыятыўнай групы кажуць, што сабраць 100 тысяч подпісаў рэальна», – падкрэсліў ён.

Пры гэтым блогер падкрэсліў: «Калі Лукашэнка будзе далей удзельнічаць, а Ярмошына лічыць, то заклікаць на такія выбары мы не будзем». Паводле Ціханоўскага, мэта цяперашніх акцыяў – гэта перш за ўсё паказаць людзям, «што нас шмат».

«Мы будзем працягваць змаганне пакуль Лукашэнка не сыдзе», – падкрэсліў ён.

Сяргей Ціханоўскі ў Магілёве.
Фота: «Белсат»
Прамаўляе Сяргей Ціханоўскі.
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

***

Сустрэчы Ціханоўскага таксама запланаваныя ў Гомлі (28 траўня), Горадні (29 траўня), Лідзе (30 траўня) і Берасці (31 траўня).

Hавiны
Парад прэтэндэнтаў, дыскрымінацыя апазіцыі і 2 экзамены для Лукашэнкі. Ці стане выбарчая кампанія падзеяй?
2020.05.27 08:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў