Парад прэтэндэнтаў, дыскрымінацыя апазіцыі і 2 экзамены для Лукашэнкі. Ці стане выбарчая кампанія падзеяй?


Яшчэ да моманту абвяшчэння старту прэзідэнцкай выбарчай кампаніі гучала, што сёлета выбары будуць мець шэраг асаблівасцяў. Адна з галоўных, пра што казала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і незалежныя назіральнікі – гэта пандэмія каронавірусу. «Белсат» сабраў моманты, якія адрозніваюць сёлетнія выбары ад ранейшых.

Дыскрымінацыя апазіцыі

Беларускі Хельсінскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічылі, што ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў патрапіла мінімальная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі. У параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі, колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў у камісіях зменшылася ў 15 разоў.

«Гэта сведчыць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў пры фармаванні складу выбарчых камісіяў», – лічаць праваабаронцы.

Працэс вылучэння ініцыятыўных групаў таксама выклікаў пэўныя пытанні. ЦВК пільна адсочваў спісы асобаў, якія прэтэндэнты прынеслі для рэгістрацыі. У выніку не зарэгістравалі большасць так званых кандыдатаў пратэсту, у якіх даверанай асобай быў Мікалай Статкевіч.

Меркаванні
Трэцяя памылка Лукашэнкі ў гэтай перадвыбарнай кампаніі
2020.05.24 17:19

Парад прэтэндэнтаў

Агулам 55 чалавек падалі ў Цэнтральную выбарчую камісію дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты.

Не атрымаў магчымасці прыняць удзел у выбарчай кампаніі і папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі. Перад стартам падавання дакументаў блогера арыштавалі. Ягоную групу не зарэгістравалі праз тое, што ў дакументах не было асабістага подпісу вылуцчэнца, а быў подпіс толькі даверанай асобы – ягонай жонкі Святланы.

У выніку ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы бізнесоўцаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкала, апазіцыйных палітыкаў Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова, Вольгі Кавальковай, экс-дэпутаткі Ганны Канапацкай, кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, сацыяліста Сяргея Чэрачэня, дэпутата Алега Гайдукевіча, Аляксандра Лукашэнкі, фермера Юрыя Ганцэвіча, актывіста Уладзіміра Няпомняшчых і палітычных навічкоў – Наталлі Кісель, Святланы Ціханоўскай, Алеся Таболіча.

Аб’ектыў
Два апазіцыянеры на 153 тэрытарыяльныя камісіі
2020.05.22 23:50

Грамадства ўсё больш хоча зменаў

Падчас першых пікетаў, якія арганізавалі Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч, стала бачна, што ў беларускім грамадстве фармуецца запатрабаванасць у новых лідарах, лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк. Для многіх людзей стала важнаю змена дзейнай ўлады.

«Ці стануць будучыя выбары падзеяй? Справа ў тым, што неабходна адрозніваць навіны ад падзеяў. Навіны – гэта тое, што прыцягвае ўвагу. А вось падзея – гэта тое, што мае наступствы. Таму мінулыя прэзідэнцкія выбары я не магу назваць падзеяй. Ды мы і разумеем, што ў нас няма выбараў. З вялікай часткай верагоднасці я мяркую, што з гэтых выбараў нічога не адбудзецца. Той сцэнар, які ўлады распрацавалі, будзе рэалізаваны. І ў грамадстве пакуль няма рэальнай неабходнасці нешта змяняць», – мяркуе Сяргей Нікалюк.

Але істотнае адрозненне сёлетняй выбарчай кампаніі, на думку эксперта, акурат у тым, што ў існай улады не засталося рэсурсаў на тое, каб падтрымаць эканоміку і ўзровень жыцця людзей.

«Унутраныя рэсурсы беларускай мадэлі вычарпаныя. Таксама не сакрэт, што адным з поспехаў існавання беларускай мадэлі было эканамічнае падтрыманне з боку Расеі. 18 снежня 2018 года Мядзведзеў у Берасці заявіў, што ў стасунках з Беларуссю існуюць два шляхі: эканамічнае падтрыманне і паглыбленая інтэграцыя, або адмена ўсіх прэферэнцыяў. І з таго моманту Расея ні на крок не адступілася. Рознага кшталту эканамічныя войны ў так званай саюзнай дзяржаве існавалі ўвесь час. Але яны пачыналіся і заканчваліся звычайна на карысць Беларусі. Цяпер жа такога няма», – заўважыў палітолаг.

Аб’ектыў
Збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты прайшоў з аншлагам у Менску
2020.05.24 23:29

Эксперт нагадаў пра разважанні Аляксандра Лукашэнкі ў справе коштаў на газ. Кіраўнік краіны распавёў, што на спотавых рынках у Еўропе кошты на сыравіну нашмат таннейшыя, чым мае Беларусь. На рынках Еўропы яны вагаюцца ў межах $ 70 за тысячу кубаметраў, у той час як для Менску – $ 127. Але на гэтую заўвагу ў Маскве заявілі, што нічога пераглядваць не будуць.

«Яшчэ адзін важны факт: Лукашэнка нядаўна разглядаў пытанні беларускага ракетабудавання. І размова зайшла пра выпрабаванне новай ракеты для «Паланезу», якая можа ляцець каля 300 км. Але ў Беларусі выпрабоўваць такія ракеты немагчыма. Ёсць патрабаванні: нельга ракеты запускаць над населенымі пунктамі. Але Расея не пайшла насустрач у прадстаўленні палігона. Атрымліваецца, што Расея проста не зацікаўленая ва ўзмацненні беларускай арміі. Менск жа раней заўсёды фанабэрыўся, што нібыта заўсёды забяспечваў абарону Масквы і Расеі. А там, высветлілася, што ім усё роўна, ці ёсць гэтая абарона. Гэта даволі сур’ёзны факт», – лічыць Сяргей Нікалюк.

Роля апазіцыі ў выбарах

Аналітык таксама адзначае, што раней апазіцыя шукала адзінага кандыдата, які б задаволіў шырокія масы грамадзянаў.

«Але спачатку ў грамадстве павінная ўзнікнуць неабходнасць у тым, каб быў новы лідар. Але ў нас грамадства расколатае. Гэтак, маладыя, адукаваныя людзі, якія жывуць у буйных гарадах, незадаволеныя існай уладай. Kолькасць такіх людзей складае каля 30 %. Але ёсць большасць, якія зʼяўляюцца антыподам першай групе. Гэта ў асноўным пажылыя людзі, жыхары вёсак і малых гарадоў. І вось гэтая большасць неабходнасці ў новым лідары не мае. Што да апазіцыі і пошуку адзінага, то зʼяўленне такога кандыдата як Віктар Бабарыка зрабіла апазіцыю нябачнай. Яе роля ў выбарах звялася да нябачнай адзнакі».

Абноўлена
У БДЭУ студэнтаў запрашаюць у ініцыятыўную групу «патаемнага» кандыдата
2020.05.21 15:10

Экзамен для Лукашэнкі

А вось для дзейнай улады выбары насамрэч надзвычай важныя і неабходныя.

«Лукашэнка кажа пра выбары як пра экзамен. Але хто каму здае экзамен? Тут два экзамены. Асабіста Лукашэнка здае экзамен грамадству, каб атрымаць легітымнасць. І нельга думаць, што яму гэта абыякава, яму гэта вельмі важна. А другі экзамен – бюракратыя здае экзамен Лукашэнку. Правесці выбары такім чынам, каб ён атрымаў легітымнасць», – працягвае Сяргей Нікалюк.

Аляксандр Лукашэнка 25 траўня заявіў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала 200 тыс. подпісаў. Каб стаць кандыдатам у прэзідэнты, трэба сабраць 100 000 подпісаў грамадзянаў Беларусі. Такі цэнз далёка не кожны з кандыдатаў можа пераадолець. Зрэшты, і заява Лукашэнкі выклікала крытыку.

«200 000 подпісаў сабрана за 4 дні праз грамадскія прыёмныя «Белай Русі». Грамадскіх прыёмных у краіне 155. 323 чалавекі на кожную прыёмную кожны дзень. 13,5 чал / гадзіну ці 4,4 хвілінаў на чалавека пры працы прыёмных содні. 40,4 чал / гадзіну ці 1,5 хвіліны на чалавека пры 8-гадзіннай працы прыёмнай. Бесперапынна. Без паўзаў. У кожнай з прыёмных. Ці праўдападобна?» – задаецца пытаннем эканаміст Вадзім Іосуб у сваім Facebook.

200.000 подписей собрано за 4 дня.Через общественные приемные "Белой Руси".Общественных приемных в стране 155.323…

Opublikowany przez Vadima Iossuba Poniedziałek, 25 maja 2020

«Мы не можам каментаваць усю сітуацыю па краіне. Подпісы збіраюць. Але колькі сабралі ў нашай арганізацыі – я не маю такіх звестак. Справа ў тым, што людзі працуюць, здаюць подпісы. Але людзі працуюць вельмі старанна», – распавялі «Белсату» ў Менскай гарадской арганізацыі «Белая Русь».

Падобныя адказы гучаць і ў іншых рэгіянальных структурах праўладнай арганізацыі.

Праз пяць дзён пасля пачатку збору подпісаў дэпутат Алег Гайдукевіч раптоўна заявіў, што здымае сваю кандыдатуру. Свае подпісы палітык аддае на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

СК Belsat.eu

Стужка навінаў