Ключавым элементам гучнай карупцыйнай справы, у межах якой былі арыштаваныя кіраўнікі ўсіх цукровых заводаў Беларусі, сталі расейскія пасярэднікі, у тым ліку малавядомы камерсант Сяргей Кананенка. Belsat.eu сабраў усю інфармацыю пра асобаў і кампаніі з Расеі, што звязаныя або маглі быць звязаныя з «цукроваю справаю».
У сюжэце беларускага тэлебачання «Цукровая мафія», што выйшаў у эфір 4 лютага, прадстаўнік КДБ Аляксандр Бычак распавёў пра дзве карупцыйныя схемы, якія выкарыстоўвалі цукровыя заводы ў сваёй працы:
Пра яшчэ адну схему казаў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Добруш: дырэктары заводаў афармлялі дакументы на продаж цукру ў Расею па нізкіх коштах, аднак насамрэч «прама з заводаў» пастаўлялі гэты цукар з маржой на ўнутраны рынак. А розніцу нібыта дзялілі на хабары.
Такім чынам, усе карупцыйныя схемы, у выкарыстанні якіх вінавацяць «цукровую мафію», так ці інакш звязаныя з Расеяй і кампаніямі-пасярэднікамі. Але пра іх КДБ распавёў вельмі мала. Вядомае толькі прозвішча расейскага бізнесоўца (Кананенка) і назва адной кампаніі («Полимер») – пра іх ішла гаворка ў сюжэце «Беларусь-1».
Расейскі камерсант Сяргей Кананенка – асоба не публічная. Пра Кананенку не пісалі бізнес-выданні, ён ніколі не даваў інтэрв’ю і, мяркуючы па ўсім, не меў нават старонак у сацсетках (прынамсі пад сваім імем). У сюжэце БТ былі прадэманстраваныя кадры аператыўных здымак, дзе Кананенка нібыта перадае хабары дырэктарам цукровых заводаў (паводле КДБ, такія сустрэчы адбываліся раз на тры тыдні), а таксама палкоўніку Уладзіміру Ціхіні – былому намесніку начальніка ГУБАЗіК МУС. Паведамлялася, што бізнесовец таксама быў арыштаваны КДБ.
Калі верыць КДБ, галоўнымі арганізатарамі карупцыйных схемаў былі Сяргей Кананенка і кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў. Так гэта ці не – мы не ведаем. Аднак, мяркуючы па інфармацыі з сацсетак, Кананенка і Кірылаў былі ў добрых сяброўскіх стасункаў, кіраўнік БЦК ведаў жонку і дачку камерсанта.
Жонка і дачка адмаўляюцца распавядаць журналістам, ці прызнаў Кананенка сваю віну і паводле якога артыкулу яму высунулі абвінавачванне.
«Мы ніякіх каментароў не даем, ніхто з вамі размаўляць не будзе. Не званіце і не пішыце нам», – заявіла карэспандэнту belsat.eu дачка бізнесоўца Вераніка.
Звестак пра мінулае Сяргея Кананенкі – адкуль ён, дзе вучыўся і як заняўся бізнесам – у адкрытых крыніцах мы не знайшлі. Але вядома, што дачка Вераніка нарадзілася ў Менску, скончыла БДУ па спецыяльнасці выкладчык псіхалогіі і толькі пасля гэтага з’ехала ў Маскву працягваць адукацыю і працаваць. Атрымліваецца, што Кананенку з Беларуссю звязваў не толькі цукровы бізнес – імаверна, ён калісьці тут жыў, ці прынамсі ў Менску жыла ягоная першая жонка.
Кананенка з’яўляецца адзіным заснавальнікам фірмы «Полимер», якая, паводле КДБ, па завышаных цэнах пастаўляла беларускай кампаніі «Еўратарэкс» сыравіну для вытворчасці ўпаковак цукру. Сам факт супрацы не хаваўся: на сайце «Еўратарэкса» дадзеныя кампаніі Кананенкі можна пабачыць у раздзеле «нашыя партнёры». Акрамя «Полимера» у спісе яшчэ 5 фірмаў, у тым ліку дзве расейскія. Выглядаюць яны цалкам рэспектабельна: гэта буйныя вытворцы і пастаўшчыкі сыравіны, некаторыя з іх працуюць з пачатку 90-х, а беларускі ААТ «Белхім» наагул з 40-х.
На іх фоне кампанія Кананенкі нават вонкава выглядае падазрона. Фірма, зарэгістраваная ў 2006 годзе, ніколі не мела ўласнай вытворчасці і не з’яўлялася афіцыйным дыстрыб’ютарам буйных вытворцаў. На пачатак 2019 года ў «Полимере» працавалі 3 чалавекі, на пачатак 2018 наагул 2.
Дазваніцца ў офіс кампаніі карэспандэнту belsat.eu не атрымалася. Па нумару, што пазначаныя ў адкрытых крыніцах, або ніхто не адказвае, або кажуць, што тут працуе зусім іншая фірма.
Акрамя «Полимера», Кананенка з’яўляецца заснавальнікам яшчэ трох кампаніяў у Расеі: «Нордин», «Веронис» і «Премиум стайл». Апошнія дзе фірмы наўрад ці наўпрост фігуравалі ў «цукровых схемах»: яны займаюцца арэндай нерухомасці ды дадатковымі паслугамі для бізнесу (там, дарэчы, таксама па тры працаўніка ў кожнай). А вось санкт-пецярбургская фірма «Нордин» займаецца непасрэдна продажам беларускага цукру ў Расеі. На сайце кампаніі можна знайсці спіс прадукцыі, якую «Нордин» пастаўляе на расейскі рынак. Амаль уся гэтая прадукцыя з Беларусі: не толькі цукар усіх чатырох беларускіх заводаў, але і сыры, сокі, джэмы і сметанковае масла.
Ці меў «Нордин» дачыненне да карупцыйных схемаў і ці закранула кампанію «цукровая справа»? Калі мы патэлефанавалі ў офіс фірмы, з дырэктаркай Янай Якабсон карэспандэнта belsat.eu нават злучыць адмовіліся.
«На жаль, мы пакуль не можам нічога каментаваць», – заявіла сакратарка.
Цікава, што саўладальнікам маскоўскай кампаніі «Веронис» з’яўляецца Антон Дзмітрыевіч Кірылаў. Кірылаў і Кананенка маюць роўныя долі ў статутным фондзе: па 50 % кожны. Улічваючы імя па бацьку Кірылава, ягоны ўзрост і той факт, што Антон жыў у Беларусі і вучыўся ў БДУ, можна выказаць здагадку, што ён – сын кіраўніка БЦК Дзмітрыя Кірылава. Дарэчы, яны адзін у аднаго ў сябрах на «Facebook».
Але гэта яшчэ не ўсе. Антон Кірылаў адначасова займае пасаду намесніка дырэктара маскоўскай кампаніі ААТ «Торгпродукт». Кампанія «Торгпродукт» была зарэгістраваная ў 2010 годзе, мае штат у 75 працаўнікоў і прэзентуе сябе як «федэральны пастаўшчык прадуктаў харчавання ў РФ». Сярод партнёраў «Торгпродукта» шэраг буйных беларускіх прадпрыемстваў – у тым ліку ўсе чатыры цукровых заводы. Генеральным дырэктарам і сузаснавальнікам «Торгпродукта» з’яўляецца ўраджэнец Беларусі, выпускнік МІУ Уладзіслаў Уладзіміравіч Ягораў.
Нагадаем, што імя затрыманага дырэктара Скідзельскага цукровага заводу – Дзмітрый Уладзіміравіч Ягораў. Ці сваякі яны – невядома. У маскоўскі офіс «Торгпродукта» дазваніцца не атрымалася, а сам Уладзіслаў Ягораў на паведамленні ў сацсетках не адказвае.
Цікава, што Ягораў раней працаваў разам з Кананенкам. У другой палове 2000-х расейскі камерсант узначальваў кампанію, што займалася продажам металаў, – «ЕвроМетСнаб-М». Кантактнай асобай кампаніі тады быў менавіта Уладзіслаў Уладзіміравіч Ягораў.
Ці закранула «цукровая справа» кампанію «Торгпродукт» ды асабіста Уладзіслава Ягорава і Антона Кірылава высветліць не атрымалася.
ІІ belsat.eu