«Ува снах вяртаешся дадому…» У Варшаве адкрылася выстава пра эмігрантаў з Беларусі


18 траўня ў межах акцыі «Ноч музеяў» у Варшаве адкрылася выстава, якая распавядае гісторыі былых беларускіх палітвязняў – цяперашніх эмігрантаў у Польшчы. Праект, які называецца «Спаць спакойна», стварылі польскі фатограф Пётр Вуйцік і беларуская журналістка Ірына Арахоўская. Ён пра тое, што сны беларусаў у Польшчы поўняцца трывогай і неспакоем, «у якіх ты ўвесь час вяртаешся дадому». «Белсат» пабываў на адкрыцці.

Польскі фатограф Пётр Вуйцік і беларуская журналістка Ірына Арахоўская фатаграфуюцца з удзельніцай праекту «Спаць спакойна» Крысцінай Дробыш. Выстава распавядае пра людзей, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь з-за палітычнага пераследу. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Дзяўчына з дрэдамі ў ружовай сукенцы стаіць на тле пабеленай цаглянай сцяны. Мужчына ў капелюшы прыкурвае на фоне муралу з выявай чалавека ў акулярах. Пажылая жанчына прыціскае да грудзей партрэт маладой жанчыны, вельмі падобнай да яе…

Беларусы іх лёгка пазнаюць. Людзі ж, якія ўпершыню ўваходзяць у беларускі свет (такіх было нямала на адкрыцці выставы – палякаў ды грамадзянаў іншых краінаў), даведваюцца, што акурат такія ружовыя сукенкі з жоўтай біркай, у якой стаіць на фотаздымку палітзняволеная музыка Юля Марчанка, носяць у жаночай калоніі ў беларускім Гомлі. Што чалавек у капелюшы прыкурвае на фоне забітага ў турме беларускага мастака Алеся Пушкіна. Што пажылая жанчына з партрэтам – гэта маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай Ганна. Што акурат з такіх гісторыяў складаецца цяпер наш беларускі свет, у якім заснуць бывае вельмі цяжка, а то і немагчыма…

«Каб памяталі пра палітвязняў»

«Для мяне вельмі важна, каб мы ўсе тут памяталі пра людзей, якія засталіся ў Беларусі – пра палітвязняў. Пакуль яны знаходзяцца за кратамі турмаў – заснуць спакойна мы не зможам», – казала на імпрэзе адна з аўтарак праекту Ірына Арахоўская.

Людзі разглядаюць фотаздымкі на адкрыцці выставы «Спаць спакойна».
Фота: Белсат

Яна зазначае, што яе асабістая гісторыя вельмі падобная да гісторыяў герояў, пра якія апавядае праект. Ірына прыехала ў Польшчу на пару дзён – у камандзіроўку, але вымушаная была тут застацца на гады. У якасці вольнай слухачкі вучылася ва ўніверсітэце ў Лодзі, дзе Пётр Вуйцік выкладаў рэпартажную фатаграфію («Называла яго тады «пан прафесар»). Па сканчэнні вучобы Пётр і прапанаваў Ірыне стварыць праект пра жыццё беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы.

Над праектам «Спаць спакойна» Пётр Вуйцік і Ірына Арахоўская працавалі паўтара года.

«Гэты праект увогуле б не адбыўся, калі б не Ірына Арахоўская, якая была маёй правадніцай па беларускім свеце ў Варшаве. Толькі дзякуючы ёй мне ўдалося пазнаёміцца з нашымі цудоўнымі героямі, пра якіх вы даведаецеся на гэтай выставе. Усё адбылося дзякуючы Ірыне – я толькі націскаў на спуск фотаапарата, і ўсё», – казаў на прэзентацыі фатограф Пётр Вуйцік («Але гэта няпраўда!» – перарывала яго Ірына).

Юлія і Пётр Марчанкі, адныя з удзельнікаў праекту «Спаць спакойна», выступаюць на адкрыцці выставы.
Фота: Белсат

«Сапраўдныя героі засталіся ў Беларусі»

Экспазіцыя ўяўляе з сябе спалучэнне рэпарцёрскай фатаграфіі – партрэтаў (Вуйцік) і тэкстаў-аповедаў (Арахоўская). Такі шлях выбралі стваральнікі, каб пазнаёміць наведнікаў з гісторыямі эмігрантаў-беларусаў у Варшаве – Глеба Кавалёва і Юліі Красільнікавай, Насты Базар і Дашы Чурко, Пятра і Юліі Марчанкаў, Лявона Халатрана, Крысціны Дробыш, Ганны Канавалавай, Яўгена Жураўскага, Андрэя Макоўскага.

«Я мела на мэце расказаць пра нас палякам і замежнікам. А Пётр прапусціў нашыя гісторыі праз сябе і зрабіў гэтыя цудоўныя здымкі. Але на ўсё гэта былі патрэбныя сродкі. Таму мы вельмі дзякуем ініцыятыве «BY_help», якая нас падтрымала фінансава», – удакладніла на адкрыцці выставы Ірына Арахоўская.

Пасля прамоваў аўтараў выставы выступілі героі праекту – маці палітзняволенай Ганна Канавалава, акторка Крысціна Дробыш і «прафесар з Акрэсціна» Андрэй Макоўскі.

Гісторыі
«Перастаць быць расейцам». Чаму Польшча адмаўляе «прафесару з Акрэсціна» ў статусе ўцекача
2023.02.07 13:52

«Я героем сябе не лічу ні ў якай ступені, таму што сапраўдныя героі ўсе засталіся ў Беларусі, яны сядзяць у турмах і супраціўляюцца як могуць гэтаму павуку – Аляксандру Лукашэнку», – рэагаваў Андрэй Макоўскі на тое, што яго назвалі героем.

«Працягваем жыць і думаем пра добрае»

Беларусы адказвалі на пытанні мадэратаркі пра складанасці жыцця ў эміграцыі. Ганна Канавалава, якая выхоўвае двух унукаў (Насця і Ваня – дзеці палітвязняў Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча) і яшчэ дваіх дзетак-беларусаў, прызналася, што «яшчэ не мела дому ў Польшчы». Пасля прыезду з унукамі ў Польшчу зняць на год першую кватэру дапамаглі беларусы з розных краін, потым на два гады ёй дала жытло польская дзяржава, але ўжо 1 чэрвеня трэба пакінуць кватэру, бо заканчваецца дамова.

«Але мы працягваем жыць і думаем пра добрае. З пастаяннай думкай пра тое, што маёй дачцэ у беларускай калоніі нашмат цяжэй, чым нам тут…» – сказала Ганна Канавалава.

«Што ў Польшчы маглі б назваць ужо сваім?». Крысціна Дробыш прызнаецца, што на гэтае пытанне адказаць вельмі складана. Задумваецца…

«Вось той момант, калі я распакавала сваю валізку, прачнулася ў кватэры, якую я здымала, наліла кавы ў свой кубак (пасміхаецца) са свайго чайніка, села на балконе і проста выдыхнула: у мяне ёсць дом! Цяжка было зняць кватэру ў Варшаве, бо ішоў ужо 2022 год, калі мы сюды прыехалі. Мне адмаўлялі, таму што я чужаземка і таму што ў мяне ёсць дзіця. І быў момант, калі мы проста апынуліся на вуліцы і не мелі куды пайсці…» – распавядала Крысціна Дробыш.

Адкрыццё выставы «Спаць спакойна» у Варшаве.
Фота: Белсат

Троху пазней, адказваючы на пытанне пра самага для яе блізкага чалавека ў Польшчы, Крысціна называе свайго сына Глеба.

«Каб не ён – я б тут зараз не сядзела… Сядзела б у іншым месцы», – дадала беларуска.

«Дзеці забываюць свайго тату»

Вельмі цікавыя пытанні гучалі з залы. Палякі пыталіся, што яшчэ польская дзяржава і грамадства можа зрабіць для беларусаў, каб ім тут жылося лягчэй («Гаварыце, не бойцеся!»). Пыталіся, ці, на погляд беларусаў, яны павінны мець права палітычнага голасу ў Польшчы і ўдзельнічаць у мясцовых выбарах (хаця б у лакальных), нягледзячы на тое, што не зʼяўляюцца грамадзянамі (паводле агучанай статыстыкі, 10 % насельніцтва Польшчы не зʼяўляюцца грамадзянамі краіны).

Палякі цікавіліся нават выбарамі ў Каардынацыйную раду Беларусі. Пыталіся пра сітуацыю ў беларускіх турмах і калоніях. Запытваліся, ці наведваюць палітвязняў адвакаты. Калі Ганна Канавалава распавядала пра кароткія відэаспатканні яе ўнукаў з маці, якая знаходзіцца ў калоніі, пажылая полька, якая задавала пытанне, расплакалася.

Ганна Канавалава выступае на адкрыцці выставы «Спаць спакойна».
Фота: Белсат

«Калі пра турмы і калоніі, то я скажу, што там адбываецца генацыд беларускага народу. А што да дзяцей… Дзеці маюць такое спатканне з маці раз на месяц. Яно працягваецца 4-5 хвілінаў. Мая дачка ўжо амаль 4 гады знаходзіцца ў зняволенні. І за гэты час толькі аднойчы спатканне было даўжэйшым – 7 хвілінаў, калі дзеткі чыталі маме вершы. З татам жа ўвогуле няма ніякай сувязі. І дзеці… забываюць свайго тату. Магчыма, так зладжаная дзіцячая памяць, але… Маму помняць толькі таму, што маюць вось гэтыя 5-хвілінныя спатканні» – казала Ганна Канавалава.

Маці палітзняволенай распавяла прысутным, што яе дачку не пускаюць памаліцца ў царкву, забралі ўсю літаратуру на замежнай і беларускай мовах.

«Калі маёй дачцэ дазволілі зняць целагрэйку, яна мне напісала: «Мама, я адчула сябе голай». Настолькі гэтая турэмная вопратка зраслася з целам чалавека. Як цяжка гэта!» – распавяла маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай.

Адкрыццё выставы «Спаць спакойна».
Фота: Белсат

«Супольнае жыццё – непазбежнае»

Пасля гэтых словаў у прасторы «Дужы пакой» на Варэцкай (Warecka 4/6) у Варшаве ўзнікае паўза. Ганна Канавалава стрымлівае слёзы. Справа ад яе – вялікі фотаздымак (амаль на ўсю сцяну) Юлі Марчанкі ў ружовай турэмнай сукенцы. Пад ім – меншы, на якім відаць падкасаныя рукавы зонаўскай целагрэйкі. Ужо пасля імпрэзы сама Юля прызнаецца, што палітзняволеныя жанчыны вызначалі колер фуфайкі як «васільковы». Самае важнае там – не зрасціся з гэтым адзеннем…

Гісторыі
Музыкі Юля і Пятро Марчанкі – пра турму, каханне і жангляванне мандарынамі ў камеры СІЗА-1
2023.09.29 07:00

«Нашае супольнае жыццё – беларусаў і палякаў, непазбежнае», – падкрэсліла напрыканцы імпрэзы мадэратарка спаткання.

Паводле польскага ZUS (упраўленне сацыяльнай бяспекі), у 2023 годзе ў Польшчы пенсійную страхоўку аплачвалі 122 тысячы беларусаў. Па падліках Беларускага бізнес-цэнтру ў Польшчы, летась у краіне пражывала да 250 тысяч нашых суайчыннікаў. Як казалі арганізатары выставы, гэтая лічба можа сягаць насамрэч 300 тысячаў.

Адкрыццё выставы «Спаць спакойна» завяршылася музычным выступам герояў праекту – Пятра і Юлі Марчанкаў.

Азнаёміцца з праектам Пятра Вуйціка і Ірыны Арахоўскай можна будзе да 30 чэрвеня ў галерэі «Дужы пакой» (ul.Warecka 4/6). Арганізатарамі выступілі фонд «Picture Doc» і прастора «Duży Pokój» пры падтрымцы «By_Help» і «Linking Media». Куратарка праекту – Дамінік Ройнэт (Dominique Roynette).

Рэпартаж
Знішчыць антызаапарк. У Варшаве адкрыўся праект «Minsk Anti Zoo. Red Mark»
2024.05.11 15:04

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў