«Ягоныя рашэнні не аспрэчваліся». За што КДБ затрымаў «легендарнага» палкоўніка?

У панядзелак медыя паведамілі, што КДБ затрымаў экс-кіраўніка 2-га ўпраўлення – намесніка начальніка ГУБАЗіК МУС палкоўніка Уладзіміра Ціхіню. Ціхіню называлі «гразой злодзеяў у законе», аднак ён удзельнічаў і ў палітычных справах – у прыватнасці, хацеў падвесці Мікалая Аўтуховіча пад расстрэльны артыкул. Belsat.eu сабраў усё, што вядома пра палкоўніка Ціхіню.

Уладзімір Ціхіня доўгія гады займаў пасаду кіраўніка 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), што спецыялізавалася на барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. У адстаўку Ціхіня сышоў у снежні 2019 года. 24 студзеня СМІ паведамілі, што палкоўніка затрымаў КДБ.

Уладзімір Ціхіня. Фота – mvd.gov.by

Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне дагэтуль няма, у КДБ сітуацыю не каментуюць. Паводле тэлеграм-каналу NEXTA, Ціхіню арыштавалі за атрыманне хабару ў памеры $ 2000 ад бізнесоўца – за гэтыя грошы палкоўнік нібыта мусіў дапамагчы перавесці нейкага вязня з адной калоніі ў іншую. Таксама, па інфармацыі блогера, Ціхіня быў звязаны са справаю, у межах якой на мінулым тыдні затрымалі кіраўнікоў чатырох цукровых заводаў. Нібыта менавіта Ціхіня падказаў кіраўнікам прадпрыемстваў, што іх хочуць арыштаваць і таму тыя спрабавалі збегчы за мяжу.

«Наша Ніва» са спасылкай на сына Ціхіні сцвярджае, што ягоны арышт не звязаны з хабарніцтвам. Крыніцы TUT.by сярод былых міліцыянтаў звязваюць затрыманне Ціхіні з помстаю тых злачынцаў, якіх ён у свой час пасадзіў. У асяроддзі Ціхіні, піша NEXTA, упэўнены, што палкоўніка ў справе з хабарам падставілі.

Ліквідаваў банду Марозава

Міліцэйская прэса называла Уладзіміра Ціхіню «легендарным змагаром і гразой злодзеяў у законе» і «зоркай крымінальнага вышуку». Нават людзі, якія не сімпатызуюць Ціхіні, прызнаюць ягоную выключную ролю ў барацьбе з мафіяй.

«Ціхіня стаіць за пераважнай большасцю, калі не за ўсімі, крымінальнымі справамі супраць беларускіх злодзеяў у законе і арганізаваных злачынных груповак. Без перабольшання можна назваць яго чалавекам, які ўнёс найбольшы ўклад у вынішчэнні арганізаванай злачыннасці ў Беларусі. Людзі, блізкія да крымінальных эліт, казалі мне аб гэтым наўпрост, таму журналісцкі эпітэт «граза злодзеяў у законе» недалёкі ад ісціны», – піша ў сваім «Фэйсбуку» былы палітвязень, анархіст Мікалай Дзядок.

Менавіта Ціхіня ўзначальваў аператыўную групу, якая затрымлівала банду Сяргея Марозава – адну з самых уплывовых і крывавых арганізаваных злачынных груповак (АЗГ) у гісторыі Беларусі. Банда 10 гадоў здзяйсняла жорсткія злачынствы на Гомельшчыне – вымагальніцтва, рабаванні і забойствы. На судзе было даказана больш за 60 злачынстваў, учыненых «марозаўцамі», у тым ліку 14 забойстваў і 5 замахаў. У 2006 годзе на лаве падсудных апынуліся 46 чалавек: трое з іх былі пакараныя расстрэлам, астатнія – турмой на тэрмін ад 6 да 20 гадоў.

Суд над бандай Марозава. Скрыншот з відэа ОНТ

Нягледзячы на тое, што час арганізаванай злачыннасці ў Беларусі даўно прайшоў, Ціхіня заўсёды падкрэсліваў, што ягонаму 2-му ўпраўленню дагэтуль ёсць чым займацца. У 2019 годзе ў інтэрв’ю часопісу «Спецназ» ён заявіў:

«Сёлета мы зробім акцэнт на барацьбе з легалізаванымі і паўлегалізаванымі крымінальнымі аўтарытэтамі. Яны сябе ўжо лічаць добрапрыстойнымі камерсантамі, але злачынную сутнасць, змяніўшы малінавы пінжак з 90-х на больш элегантны касцюм, не зменіш. Таксама неабходна папярэджваць з’яўленне ў Беларусі бандытаў, якія абраслі міжнароднымі сувязямі і назапасілі грошай, каб укласці іх у беларускія фірмы».

Ціхіня (злева) на прэс-канферэнцыі, прысвечанай справе аб забойстве бізнесоўца з Беразіно, травень 2019 года. Скрыншот з відэа СК

Фальсіфікаваў справу Аўтуховіча

Аднак палкоўнік Ціхіня займаўся не толькі справамі супраць злодзеяў у законе, але і палітычна матываваным пераследам. Менавіта ён быў адным з ключавых фігураў, што стваралі справу супраць прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча.

Мікалай Аўтуховіч, 2016 год. Фота: Belsat.eu

Аўтуховіча арыштавалі ў лютым 2009 года. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. На лаве падсудных апынуліся працаўнікі фірмы Аўтуховіча Уладзімір Асіпенка і Аляксандр Ларын, а таксама афіцэр гарадзенскага УБАЗіКа Міхаіл Казлоў. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення (агулам дзяржабвінаваўца запрасіў для чатырох падсудных 46 гадоў турмы), але большая частка абвінавачанняў была знятая, і ўвесну 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Аўтуховіча і Асіпенку прызналі палітвязнямі.

Справа Аўтуховіча была абсалютна ўнікальным выпадкам у гісторыі лукашэнкаўскай Беларусі. Упершыню фігурантам палітычнай справы высунулі абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэракту.

«Менавіта Ціхіня займаўся працэсам фальсіфікацыі крымінальнай справы супраць мяне і маіх сяброў. Што цікава, асабіста са мной ён ні разу не сустракаўся, хоць днямі на пралёт знаходзіўся ў СІЗА-1, сам дапытваў маіх сяброў – Юрыя Лявонава [Лявонаў амаль паўгады правёў за кратамі, але яшчэ да суду з яго знялі ўсе абвінавачванні. – Belsat.eu] і Уладзіміра Асіпенкі», – распавёў belsat.eu Аўтуховіч.

Паводле Аўтуховіча, Ціхіня меў у праваахоўнай сістэме вялізарныя паўнамоцтва.

«У любой тутэйшай калоніі або турме адміністрацыі гэтых устаноў баяліся яго больш чым сваё кіраўніцтва. Ён вырашаў, як павінен адбываць пакаранне любой яго падапечны і не толькі яго. Яго рашэнні не аспрэчваліся пракурорамі і суддзямі – калі ён вырашыў пасадзіць невінаватага чалавека, то так і адбывалася. Калі яму трэба было завербаваць злачынца-гвалтаўніка, то ён вырашаў з пракуратурай і судамі, каб яго не судзілі за згвалтаванне, а інкрымінавалі толькі крадзеж жаночай сумачкі. Потым гэты гвалтаўнік быў асноўным сведкам таго, як Аўтуховіч нібыта ўвозіў фурамі зброю ў Беларусь», – кажа ён.

Галадаванне ў турме: як выжыць і перамагчы? Тлумачыць Мікалай Аўтуховіч

Частка сведак, якія выступалі на тым судзе, падчас папярэдняга следства падвяргаліся арыштам і ціску з боку праваахоўных органаў з мэтай дамагчыся ад іх паказанняў супраць Аўтуховіча. Адвакат Аўтуховіча Павел Сапелка (які пазней стаў праваабаронцам) заяўляў падчас судовых спрэчак у красавіку 2010 года, што дзейнасць следчай групы змяшчала прыкметы злачынных дзеянняў. «Следства пераўтварылася ў нейкую апрычніну», – казаў ён тады.

Як Ціхіня не стрымаў слова афіцэра

Павел Сапелка. Фота: spring96.org

Павел Сапелка сутыкаўся Ціхіняй і па іншых справах, што не мелі палітычнага падтэксту, таму сцвярджае: ягоныя метады працы ў справе Аўтуховіча былі не выключэннем, а правілам.

«Каманда палкоўніка Ціхіні ўзяла ў палон некалькі дзясяткаў чалавек у Ваўкавыску і прывезла іх у Менск, – распавядае Сапелка пра падзеі 2009 года ў інтэрв’ю belsat.eu. – Іх аформілі затрыманымі ў якасці падазраваных па крымінальнай справе. Там былі і жанчыны, і людзі сталага веку, якія займалі нейкія пасады ў фірме Аўтуховіча. Гэты метад даў пэўны вынік: некаторыя людзі былі вымушаныя абгаварыць Аўтуховіча. Потым гэтыя людзі расказалі праўду, у тым ліку пра метады працы, калі ім пагражалі беспадстаўным прыцягненнем да крымінальнай адказнасці. Я б мог падумаць, што гэта было нейкая адна дзіўная справа, але не – наколькі я разумею, гэта быў метады працы Ціхіні і ягонага ўпраўлення. Аналагічная сітуацыя назіралася і ў іншых справах, дзе не было палітычнага складніку».

Дзеля справядлівасці Сапелка канстатуе: ён ніколі не сутыкаўся з інфармацыяй, каб людзі Ціхіні падкідвалі падазраваным наркотыкі. «Але і таго, што яны рабілі, хапае, каб сцвярджаць: законнасці ў іх дзейнасці было вельмі мала», – дадае праваабаронца.

Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў падчас суду. Фота: Юлія Дарашкевіч, «Наша Ніва»

З некаторымі прыёмамі Ціхіні можна было азнаёміцца непасрэдна ў судзе па справе Аўтуховіча. Гэтак, на працэсе праслухоўваўся аператыўны аўдыязапіс размовы Ціхіні і яшчэ аднаго афіцэра ГУБАЗіК з Асіпенкам. Гэта была менавіта размова, а не афіцыйны допыт і Асіпенка не ведаў, што іх гутарка ў СІЗА запісваецца (міліцыянты запэўнівалі, што запіс не вядзецца). Падчас размовы Ціхіня паступова пераконваў Асіпенку распавесці пра «злачынную дзейнасць» Аўтуховіча, а ўзамен абяцаў яго вызваліць. Нарэшце Асіпенка не вытрымаў і сказаў тое, што міліцыянты хацелі пачуць: «Аўтуховіч замовіў і першае, і другое, і трэцяе». Аднак Асіпенку пасля гэтага не вызвалілі, а сам аўдыязапіс фігураваў на працэсе як адзін з асноўных доказаў «тэрарыстычнай дзейнасці» ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. На судзе Асіпенка распавёў, што ў размове з Ціхіняй абгаварыў свайго сябра праз псіхалагічны ціск.

«Я ўпэўнены, гэты чалавек [Ціхіня. – belsat.eu] наагул не знаёмы з такімі якасцямі як гонар і сумленне. Ён вымушаў людзей сябе абгаворваць, прыдумляў розныя сцэнары, пры якіх людзі вымушаныя былі гаварыць тое, што яму было патрэбна. Дакладна так адбылося з Уладзімірам Асіпенкам. Ціхіня сам асабіста абяцаў выпусціць Асіпенка толькі за адзін патрэбны яму сказ. Калі ён свайго дамогся, слова не стрымаў, не выпусціў», – успамінае Аўтуховіч.

Прыхільнік жорсткіх метадаў

«Ціхіня праславіўся перш за ўсё незаконнымі і антычалавечымі метадамі здабычы доказаў і прымусу падазроных да супрацы, – піша ў сваім пасце ў «Фэйсбуку» Мікалай Дзядок. – Ціск у месцах адбывання пакарання, «прес-хаты», шантаж дэталямі асабістага жыцця, пагрозы родным, ілжывыя абяцанні «знізіць тэрмін» (як мінімум адзін з паверыўшых у такія абяцанні Ціхіні – удзельнік Калінкавіцкай АЗГ па мянушцы «Ліс» – быў расстраляны) – няма таго, на што бы ён не пайшоў».

Аб затрыманні ЦіхініСёння канал Nexta паведаміў (https://t.me/nexta_tv/2830) , што былы кіраўнік 2-га упраўлення…

Opublikowany przez Mikolę Dziadoka Poniedziałek, 27 stycznia 2020

Паводле Дзядка, горш за ўсё тое, што ў межах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Ціхіня штучна прыцягваў да адказнасці невінаватых людзей, каб максімальна пашырыць «злачынную групоўку». «На зоне мне даводзілася чуць ад людзей, пасаджаных ім, гісторыі кшталту: кіроўца падвёз малазнаёмага хлопца да дому, а потым аказаўся саўдзельнікам АЗГ і атрымоўваў рэальны тэрмін, бо той хлопец, аказваецца, быў нейкім бандытам».

Аўтуховіч сцвярджае, што ў 90-х Лукашэнка дэ-факта даў сілавікам дазвол на тое, каб фальсіфікаваць справы супраць бандытаў, калі даказаць іх вінаватасць не атрымліваецца.

«Ціхіня працаваў менавіта такім чынам. Вялікі адсотак злачынстваў раскрываўся менавіта так: прызначалі любога раней судзімага і непажаданага чалавека і справа закрывалася», – адзначае Аўтуховіч.

За што?

Аўтуховіч быў здзіўлены арыштам Ціхіні. Экс-палітвязень кажа, што паводле чутак, аднойчы на нарадзе палкоўнік нават «даў па фізіяноміі» першаму намесніку міністра ўнутраных справаў, генерал-маёру Івану Падгурскаму.

«Гэтак мог зрабіць толькі той чалавек, які ведае, што не панясе за гэта ніякага пакарання. Не так часта б’юць па твары генералаў іх падначаленыя. Таму тут вялікае пытанне, што было падставай для арышту. Але кампрамату на такіх людзей, як Ціхіня, у камітэтчыкаў, вышэй за дах», – кажа ён.

Ці мог Ціхіня быў замешаным у карупцыі? Аўтуховіч кажа: яму нібыта дакладна вядома, што палкоўнік меў дачынне да хабарніцтва. Але Сапелка адзначае, што з пераканаўчай інфармацыяй пра карупцыю ў ГУБАЗіКу ён не сутыкаўся. «У крымінальных справах гучалі паказанні абвінавачаных, што мелі дачыненне да карупцыйных схемаў некаторыя працаўнікі ўпраўлення. Але гэтыя факты даказаныя не былі», – дадае ён.

Праваабаронца не ведае, з чым звязаны арышт Ціхіні.

«У мяне версія толькі адна: арышт Ціхіні звязаны з тым, што ягоная прафесійная дзейнасць завершылася і магчымасці яго былі ўжо не такімі, як раней. Хаця ў нас нават тыя, хто і цяпер верай і праўдай служаць уладзе, не могуць сябе адчуваць у поўнай бяспецы», – кажа Сапелка.

Спынілі справу супраць адвакаткі галоўнага інжынера МЗКЦ, у якой ГУБАЗіК нібыта знайшоў зброю

Ігар Ільяш belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны