Прасоўванні расейцаў на шматлікіх участках. Што адбываецца ва Украіне?


Мінабароны РФ заявіла пра захоп Белагораўкі на Луганшчыне. Што вядома?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

«Белсат» падводзіць вынікі 817-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскага раёну працягваюцца баі на паўночных ускрайках буйнога сяла Ліпцы.

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што Узброеныя сілы РФ занялі прыватны сектар і лецішчы з усходу ад Травянскага вадасховішча.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Два майора» – удакладняе, што войскі РФ прасунуліся на адлегласць да 400 метраў.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што акрамя гэтага ў Харкаўскім раёне расейцы прасунуліся ў сяле Зялёнае (на мяжы з РФ з усходу ад Ліпцаў).

У Чугуеўскім раёне фіксуецца рух УС РФ каля раней занятага сяла Бугруватка. Імаверна, адсюль войскі РФ намагаюцца выйсці да населенага пункту Прыліпка, які ляжыць за ракой Сівэрскі Данец. Поспехі на гэтым участку фронту дазволяць зайсці ў тыл украінскаму гарнізону з горадзе Ваўчанск.

Таксама побач расейцы ціснуць на сяло Старыца, але тут поспеху не маюць.

Працягваюцца цяжкія баі і ў самім Ваўчанску, але істотных зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што Сілам абароны Украіны ўдалося стабілізаваць сітуацыю за кошт перакідання рэзерваў.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі, што на купянскім кірунку праціўнік цягам содняў атакаваў каля сяла Сынькоўка, але поспеху не дасягнуў. У гэты ж час самыя Сілы абароны праводзяць штурмавыя дзеянні на асобных участках фронту, імкнучыся палепшыць сваё становішча. Пры гэтым агулам сітуацыя на кірунку застаецца кантраляванай.

Між тым у Deepstate фіксуюць чарговыя прасоўванні расейцаў каля сяла Бераставое (на мяжы Харкаўскай і Луганскай вобласцяў).

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

Удзень 20 траўня ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра поўны захоп населенага пункту Белагораўка на Луганшчыне (з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец). Разам з тым прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик», спаслаўшыся на вайскоўцаў РФ, адмаўляе гэтую інфармацыю. Нагадаем, і раней расейскае камандаванне паведамляла пра заняцце іншых населеных пунктаў, у прыватнасці, сёлаў Работына і Крынкі ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях адпаведна, што потым зняпраўджвалася шматлікімі крыніцамі.

У сваю чаргу Генштаб ЗСУ піша, што на сівэрскім кірунку цягам апошніх дзён назіраецца зніжэнне актыўнасці праціўніка, якая цяпер у асноўным лакалізуецца ў ваколіцах сяла Раздолаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа Z» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся яшчэ бліжэй да населенага пункту.

На краматорскім кірунку асноўныя намаганні Узброеных сілаў РФ засяроджаная ў ваколіцах гораду Часаў Яр, на які яны наступаюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці па флангах з поўначы і поўдня, дзе фіксуецца павольны рух.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што пры ўсім гэтым сітуацыя на ўчастку застаецца адносна стабільнай – пакуль ЗСУ ўдаецца не пускаць праціўніка ў сам горад, а таксама за канал Сівэрскі Данец – Данбас па флангах.

Ніжэй па фронце расейцы атакуюць каля населеных пунктаў Клішчыеўка і Андрэеўка, але поспеху не маюць.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, захоўваецца напружаная сітуацыя на паўднёвым захадзе ад сяла Ачэрэтына (паўночны фланг кірунку). Цяпер украінскія вайскоўцы прымаюць меры для стабілізацыі сітуацыі.

Аналітыкі Deepstate гавораць, што на гэтым жа ўчастку – у ваколіцах сяла Новапакроўскае – расейцы прасунуліся.

Акрамя гэтага рух войскаў РФ фіксуецца каля сяла Керамікі, а таксама на паўднёвым фланзе ў населеным пункце Нятайлава і каля суседняй Яснабродаўкі.

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі ў Краснагораўцы – у цэнтры і на ўсходзе гораду, але істотных зменаў лініі сутыкнення не адзначае ніводная з крыніцаў.

Ніжэй па фронце УС РФ прасунуліся ў сяле Парасковіеўка (на захадзе ад раней занятай Новаміхайлаўкі).

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым урэмаўскім выступе каля сёлаў ураджайнае і Старамаёрскае. «Рыбарь» піша, што тут ЗСУ ўдалося стабілізаваць сітуацыю, канал «Два майора» – што ўкраінцы самыя пачалі контратакаваць.

У Запарожскай вобласці, па словах Deepstate, расейцы прасунуліся на выступе па фронце каля гораду Арэхаў – на паўднёвым усходзе і поўдні ад сяла Работына і побач з сялом Вэрбовае.

У Херсонскай вобласці расейцы атакуюць у ваколіцах сяла Крынкі на левабярэжжы Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з займанага плацдарму, але пакуль не маюць поспеху.

У гэты ж час самыя ЗСУ зноў намагаюцца замацавацца на востраве Нэстрыга ніжэй па рацэ.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў