Беларусь страціла расейскі рынак цукру. Самае галоўнае ў «цукровай справе»


Камітэт дзяржаўнай бяспекі выставіў абвінавачанне фігурантам цукровай справы. Разам з тым, як заявіў апытаны намі эксперт, у высокіх коштах на цукар у Беларусі яны невінаватыя.

Як паведамляе TUT.by, затрыманым у межах «цукровай справы» выстаўленае абвінавачанне. Крыніцы выдання нагадалі, што фігуранты знаходзяцца за кратамі ўжо 14 дзён, а абвінавачанне, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, павінна быць выстаўленае не пазней за 10 сутак з моманту затрымання.

У прыватнасці, дырэктару Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрыю Кірылаву выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 431 (Дача хабару ў буйным памеры) КК.

З чаго пачалося

Hавiны
Самалёт «Белавіі» з кіраўнікамі цукровых заводаў вярнулі на загад Лукашэнкі
2020.02.04 13:59

Затрыманні пачаліся 24 студзеня, калі дырэктараў Гарадзейскага і Слуцкага камбінатаў Міхаіла Крыштаповіча і Мікалая Прудніка знялі з самалёту Менск – Мюнхен, які развярнулі з тэрыторыі Польшчы. Пасля з’явіліся паведамленні пра затрыманне дырэктара Скідзельскага цукровага камбінату Дзмітрыя Ягорава і кіраўніка заводу ў Жабінцы Віктара Міронава, а таксама кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрыя Кірылава. Гэтую кампанію з офісам у Маскве беларускія цукровыя заводы заснавалі дзеля рэалізацыі сваёй прадукцыі ў РФ.

Агулам паведамлялася пра 11 затрыманых. Але Следчы камітэт і КДБ не каментавалі сітуацыю. Толькі генеральны пракурор намякнуў, што справа звязаная з махлярскімі схемамі «паміж нашымі кіраўнікамі прадпрыемстваў і контрагентамі, у асноўным расейскімі».

Hавiны
Генеральны пракурор: Цукровая справа звязаная з расейскімі контрагентамі
2020.01.30 11:11

І толькі 4 лютага Аляксандр Лукашэнка распавёў падрабязнасці «цукровай справы». Паводле яго, зламыснікі стварылі прадпрыемства, якое стварала тару для цукру. Яны істотна падвышалі кошты прадукцыі, а ў саміх – «уласнасці нямерана: там дзясяткі самых сучасных аўтамабіляў, кватэры дзясяткамі, асабнякі і вялізарная колькасць грошай».

«Там патрапіліся і з пагонамі людзі. Сказаў: усіх пад мятлу ў камеру. Усіх», – распавёў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што асабіста загадаў вярнуць самалёт з двума дырэктарамі.

Hавiны
Самалёт «Белавіі» пасадзілі ў Горадні, каб зняць з борту шэсць чалавек
2020.01.25 16:56

У той жа дзень на «Беларусь 1» выйшла вялікае расследаванне – «Цукровая мафія». З праграмы вынікае, што заводы адгружалі цукар на экспарт Беларускай цукровай кампаніі, а пасля праз пасярэднікаў яго ж перапрадавалі даражэй на сваім рынку. Штогод сумы хабараў вылічаліся сотнямі тысяч долараў. Сярод тых, хто атрымліваў грошы, – былы начальнік 2-га ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Уладзімір Ціхіня, які, паводле КДБ, паведамляў дырэктарам заводаў пра расследаванні супраць іх, даваў парады па канспірацыі, спыняў праверкі.

Hавiны
КДБ прадэманстраваў, як дырэктары цукровых прадпрыемстваў бралі грошы
2020.02.05 10:08

У якасці хабарадавальніка ў справе фігуруе расейскі бізнесовец Сяргей Кананенка, які ў офісе кампаніі «Еўратарэкс», што выбаляе мяхі, перадаваў хабар дырэктарам цукровых заводаў.

Чаму беларускі цукар даражэйшы за расейскі?

Цукровая галіна – адна з ключавых у харчовай прамысловасці Беларусі. Каля 370 сельскіх гаспадарак краіны вырошчваюць цукровыя буракі ды пастаўляюць іх на згаданыя заводы для перапрацоўкі. Але аўдытары характарызавалі фінансавае становішча цукровых заводаў як «складанае». Непакрытыя страты за 2018 год там перавысілі 50 млн рублёў. Залетась тры з чатырох заводаў (акрамя Слуцкага) трымаліся толькі дзякуючы падтрымцы дзяржавы. Яны не выходзілі на рэнтабельнасць, і дзеля набыцця сыравіны і прыроднага газу бралі крэдыты ў банках пад гарантыі ўраду. Акрамя таго, ім на 15 % панізілі кошты на набыццё буракоў і паліва.

Летась у Беларусі сабралі 5 млн тонаў цукровых буракоў. Фота NICHOLAS PFOSI / Reuters / Forum

Але ўсё адно ў Беларусі айчынны цукар каштаваў нашмат больш за расейскі аналаг. Каб падтрымаць беларускага вытворцу, улады падвышалі цэны на цукар. Да 1 сакавіка ён у беларускіх крамах павінен каштаваць не менш за 1,5 рубля за кілаграм.

Hавiны
«Цукровая справа»: разбіраемся, што адбываецца з цукрам і чаму ў Расеі ён таннейшы
2020.01.28 16:01

На экспарт жа беларускі цукар пастаўляўся значна танней – па 30-40 цэнтаў за кілаграм. У выніку ў расейскіх крамах наш цукар каштуе танней, чым у беларускіх. У адным з сеткавых супермаркетаў яго можна набыць усяго за 24,9 расейскіх рублі, то бок за 83 нашыя капейкі.

Сярод прычын непаспяховасці цукровай галіны ў Беларусі былы дарадца міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Казімір Раманоўскі назваў нізкую ўраджайнасць цукровых буракоў у параўнанні з расейскай; нізкія кошты на газ для вытворчасці для расейскіх прадпрыемстваў; вельмі дарагая мадэрнізацыя беларускіх заводаў, стратнасць гаспадарак па вырошчванні буракоў і празмерная закрэдытаванасць.

У сваю чаргу эканаміст Леанід Заіка заяўляў, што Беларусі даводзілася рэалізоўваць тавар па кідкіх цэнах, каб выканаць план па вытворчасці.

Паводле звестак Белстату, за студзень–лістапад 2019 года Беларусь паставіла ў Расею 188,8 тыс. тонаў цукру на $ 76,7 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года экспарт скараціўся прыблізна на чвэрць.

цукар, карупцыя,
У беларускіх крамах цукар каштуе паўтары рублі

Эксперт: Так склаўся рынак

У каментары belsat.eu прадстаўнік рэдакцыйнай калегіі сайту sugar.ru Вадзім Гомаз адзначыў, што беларускія заводы не маюць дачынення да высокіх коштаў на цукар, бо павінны выконваць патрабаванні ўраду.

«На заводах у Беларусі так дорага не таму, што заводы вырашылі нейкі звышпрыбытак атрымаць, а таму, што ўрад прыняў такое рашэнне», – заявіў суразмоўца.

Паводле яго, у выніку перавытворчасці цукру ў Расеі беларускі цукар у РФ стаў неканкурэнтаздольным.

«У нас трэці год ідзе перавытворчасць. Прычым сёлета перавытворчасць амаль у 2 млн тонаў. Самі расейскія кампаніі плачуць ад цяперашняга кошту на цукар, але зрабіць нічога не могуць. Рынак», – заявіў Вадзім Гомаз.

Паводле яго, з прычыны перавытворчасці беларускі цукар цяпер амаль не ўплывае на расейскі рынак.

«Проста Беларусь страціла рынак збыту для свайго цукру, які заўсёды быў. Добры рынак збыту, куды можна было вялікія аб’ёмы цукру паставіць, якія выраблялі вашыя заводы. Фактычна гэты рынак страчаны з эканамічнага пункту гледжання, бо кошт на гэтым рынку стаў скрайне нізкім», – заявіў суразмоўца.

Паводле яго, беларускія заводы і іхныя дырэктары ў гэтым невінаватыя, бо «так проста рынкавая кан’юнктура склалася».

Даведка:

  • У Беларусі 1 кг цукру каштуе 1,5 рубля. У Расеі, паводле сайту «О’кей», кошты вагаюцца ў эквіваленце ад 1 да 1,5 рубля за 1 кг белага цукру.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў