Прадпрымальнікі абʼядноўваюцца і ствараюць уласны прафсаюз

video

Тэма прадпрымальнікаў пасля сканчэння пратэстаў адышла ў цень, але барацьба гандляроў за выжыванне працягваецца. Камітэт падтрымання прадпрымальніцтва «Салідарнасць» правёў устаноўчы зʼезд, мэта якога – утварыць новую альтэрнатыўную структуру, пад дахам якой абʼяднаюцца беларускія ІП. Наступны крок – стварэнне незалежнага прафсаюзу.

Актыўныя пратэсты беларускіх прадпрымальнікаў, якія адбываліся гэтай зімой, не мінулі бясследна. Большасць апазіцыйных палітычных структураў выступіла са сваймі ініцыятывамі, прызванымі дапамагчы айчыннаму дробнаму бізнесу ў змаганні з новымі суворымі законамі. Сярод іх і «Рух салідарнасці «Разам»

Арганізацыі яшчэ няма, а рэпрэсіі ўжо ёсць

Сёння арганізацыя правяла ўстаноўчы зʼезд «Камітэту падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць». Старшынёю камітэту абралі Мікалая Аўтуховіча, яшчэ 15 асобаў былі абраныя чальцамі рады арганізацыі. Наступны крок – перадача спісаў удзельнікаў у Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі.

«Зараз паўстане грамадская арганізацыя прадпрымальнікаў «Салідарнасць», а потым спадзяемся дарасці і да прафсаюзу», – распавёў Алесь Макаеў, Рух салідарнасці «Разам».

Абʼяднанне яшчэ не пачало сваю дзейнасць, а ўлады ўжо замінаюць удзельнікам. Раніцай міліцыя затрымала аўтобус з прадпрымальнікамі з Ваўкавыску ды Зэльвы. 8 асобаў даставілі ў пастарунак, дзе актывістаў пратрымалі больш за тры гадзіны. Прадпрымальнікі ўжо заявілі, што затрыманне мела на мэце запужаць і разʼяднаць рух гандляроў.

Дакументы на рэгістрацыю ў камітэце абяцаюць здаць яшчэ да парламенцкіх выбараў.

Ігар Кулей, «Белсат», фота – belprauda.org

Глядзі таксама
Каментары