Правяральнік прадпрымальніцы: «Хачу, каб ты ў мяне на каленях маліла аб дараванні»

video

Сваю гісторыю банкруцтва менская прадпрымальніца і ўжо былая гаспадыня кавярні ў гандлёвым цэнтры аўтазапчастак на вуліцы Ляшчынскага Таццяна Аляхновіч сёння падсумоўвае сцісла.

«Пакуль я ляжала месяц у шпіталі з нервовым зрывам пасля правярання, у мяне сапсавалася ўся прадукцыя, у мяне вельмі вялікая арэнда і вялікія камунальныя плацяжы – у сувязі з гэтым, я была вымушаная яе прадаць папросту за запазычанасці», – дзеліцца спадарыня Таццяна.

Праблемы ў прадпрымальніцы пачаліся яшчэ 23 лютага – на гэтак званы Дзень мужчынаў, калі ў кавярню прыйшоў невядомы і купіў булачку. Неўзабаве ён заявіў, што булачка сапсаваная і запатрабаваў Br 200 тыс кампенсацыі. Таццяна на шантаж не паддалася.

«Я кажу: «Мужчына, чаго вы ад мяне хочаце?»

Ён кажа: «Я хачу, каб ты ў мяне са слязьмі на каленях у судзе маліла аб дараванні».

Я кажу: «За што?» – «За тое, што грошы не дала. Я працую ў сертыфікацыйных органах, я магу ўсяго дамагчыся, бо ў мяне там сувязі і ўсё астатняе. І ўвогуле я хачу табе сказаць, каб ты вельмі ўважліва і асцярожна хадзіла цягам усяго гэтага года».

Міліцыя дапамагчы запалоханай жанчыне адмовілася: маўляў, стукне вас нажом – тады і прыходзьце, а вымагаць грошы да Br 1 млн заканадаўствам нібыта не забаронена. Праз два дні санэпідэмстанцыя аштрафавала Аляхновіч амаль на Br 8,5 млн – за крышкі на стале, якія засталіся пасля наведніка.

На дзень смеху, 1 красавіка, у кавярню ўварваліся рэвізоры з Міністэрства гандлю, якія ўчынілі гвалтоўнае правяранне, нават не прадставіўшыся. Сваіх шматлікіх парушэнняў парадку правярання не заўважылі, аднак зачэпак да прадпрымальніцы зафіксавалі цэлы стос. На падставе складзеных пратаколаў 23 чэрвеня адбыўся суд над прадпрымальніцай – у гэткай жа шакавальнай манеры.

«Суддзя вяла так працэс, што Таццяна Аляхновіч нічога не разумела. І калі яе муж запытаўся ў суддзі і прапанаваў ёй гаварыць больш разборліва, яна ўзяла яго і выдаліла. Потым выдаліла маці. Потым накрычала на Таццяну, якая тут хуценька і страціла прытомнасць. Ну ці ж гэтак можна?», – абураецца Мікола Аўтуховіч, прафсаюз прадпрымальнікаў.

Як у дурным сне дзейнічалі і медыкі, якія замест дапамогі жанчыне, у якой была здарылася панічная атака, білі яе і цягалі па падлозе, пакуль не прыехала іншая брыгада. Але ці скончылася гэтая жахлівая гісторыя сёння, калі кавярні больш няма, а агульныя страты склалі больш за Br 70 млн, Таццяна не ўпэўненая. Наступнае паседжанне суду прызначанае на 14 ліпеня.

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары