Пратэст ІП 14 сакавіка. Вынікі


Некалькі соцень ІП прыйшлі сёння да будынку Міністэрства падаткаў і збораў. Галоўнае патрабаванне да ўладаў – тэрмінова адмяніць указ № 222, які спаралізаваў працу большасці дробных бізнесоўцаў. Выйсці на вуліцу заклікалі прадпрымальнікаў былы палітзняволены Мікола Статкевіч і лідар абʼядання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

«Калі б гэта была санкцыянаваная акцыя людзей было б у 10 разоў больш. Таму ўлада і не пайшла на яе», – упэўнены Мікола Статкевіч, былы палітзняволены.

У міністэрства перадалі калектыўную заяву. Апрача скасавання абавязковай сертыфікацыі на тавары лёгкай прамысловасці гандляры патрабуюць вярнуць юрыдычную моц ранейшым нормам, якія прадугледжвалі максімальнае спрашчэнне працоўнай дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Да пратэстоўцаў выйшаў прэс-сакратар ведамства. Прыняўшы звароты, чыноўнік паабяцаў, што іх разгледзяць цягам 15 дзён.

«І такая колькасць людзей каля Дому ўраду – гэта сігнал уладам, што і цярпенне на зыходзе. Улада мусіць зрабіць высновы», – зазначае Мікола Статкевіч.

А далёка не ўсё ахвотныя здолелі дабрацца да сталіцы. Некаторым дробным бізнесоўцам далучыцца да пратэсту ў Менску перашкодзіла міліцыя. Гэтак, у Слоніме ДАІ затрымала мікрааўтобус, які меўся даставіць гандляроў на планаваны мітынг. Замест удзелу ў акцыі яны на некалькі гадзінаў трапілі ў пастарунак. У сваю чаргу лідару прадпрымальніцкага руху з Баранавічаў Мікалаю Чарнавусу на сёння ўручылі позву ў гарадскі аддзел унутраных справаў. Колькі такіх выпадкаў па краіне, застаецца здагадвацца.

«Нехта дабіраўся цягнікамі, нехта на машыне. Некаторых заварочвалі. Але людзі сваіх прадстаўнікоў прыслалі. Усе канешне не змаглі прыехаць», – распавядае ўдзельнік акцыі Анатоль Змітровіч.

Пакуль спробы ІП дабіцца развязання сваіх праблемаў не прынеслі значных вынікаў. У розных мясцінах Беларусі раней прайшлі стыхійныя мітынгі. Нярэдка на сустрэчу з гандлярамі прыходзілі мясцовыя чыноўнікі, аднак абяцанні дапамагчы людзям засталіся на словах.

Некалькі дзён таму Пётр Арушаньянц, дырэктар дэпартаменту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі, паведаміў, што пра адмену ўказу № 222 не ідзецца, затое плануюць ажно ў сто разоў зменшыць памеры штрафаў, абмежаваўшы яго нават дзвюма базавымі велічынямі. Бізнесоўцы пакуль не вераць чыноўнікам.

«Мы страцілі свой заробак. На няма за што карміць і вучыць сваіх дзяцей», – прызнаецца гандлярка.

«Мы прыехалі падтрымаць іншых прадпрымальнікаў і самых сябе. Трэба ж неяк жыць», – кажа гандлярка з гораду Крупкі.

Таму не выключана, што пратэсты працягнуцца. Сённяшняя акцыя была чацвёртай у Менску за апошні месяц. Хоць мітынг прайшоў без затрыманняў, на некаторых удзельнікаў міліцыянты склалі пратаколы. А гэта значыць, што, як і раней, варта чакаць судоў і буйных штрафаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў