«Дзяржаўны рэкет» натхняе на масавы пратэст і самагубствы


Ордэн Айчыны трэцяй ступені атрымаў сёння старшыня Гомельскага аблвыканкаму Уладзімір Дворнік з рук Аляксандра Лукашэнкі. Так кіраўнік Беларусі ацаніў выдатныя дасягненні Дворніка ў грамадскай дзейнасці, накіраванай на падвышэнне дабрабыту грамадзянаў і ўмацаванне магутнасці краіны.

А пакуль у Менску раздавалі ордэны, у Мазыры пачалі збіраць подпісы пад зваротам на імя таго ж Уладзіміра Дворніка. Кіраўніка вобласці просяць звярнуць увагу на адчайны стан, у якім аказаліся індывідуальныя прадпрымальнікі Гомельшчыны, і не ігнараваць справу Таццяны Дупанавай.

«Мы ўсе ў жалобе аб трагічна загінулым чалавеку, гамяльчанцы Таццяне Дупанавай, прадпрымальніцы. Мы акажамся ў падобнай сітуацыі, у выпадку, калі кантралюючыя органы пачнуць праверкі. Эканамічны крызіс, які ўпарта замоўчвалі перад прэзідэнцкімі выбарамі, усё грамадства і мы, прадпрымальнікі, адчулі на сабе», – зазначае Валерый Баркавец, прафсаюз «Садружнасць».

Пра Таццяну Дупанаву цяпер размаўляюць па рынках Беларусі. Гомельская прадпрымальніца выскачыла з 8-га паверху за дзень да суда. Незадоўга да смерці ў яе сканфіскавалі тавар на вялікую суму, далі непадʼёмныя штрафы нібыта за парушэнне правілаў гандлю.

«Асабіста я ўжо на мяжы, каб тое самае не зрабіць. Але мне гэта не дае зрабіць дзіцё, дзеля якога я мушу жыць сёння», – дзеліцца Святлана Раманава, мазырская прадпрымальніца.

Пасля трагічнай смерці прадпрымальніцы праверкі з канфіскацыяй, які прадпрымальнікі клічуць «дзяржаўным рэкетам», працягваюцца з той жа інтэнсіўнасцю. І кожнаму з малых бізнесоўцаў пагражае банкруцтва.

«Заходзілі на рынак, ішлі на нейкую канкрэтную кропку. Калі дакументаў не хапае, то канфіскоўвалі, неслі торбамі тавар», – распавядае Ірына Крукава, тутэйшая гандлярка.

«Мы стаім і дрыжым – што далей будзе? І гэта не жыццё, гэта не праца. Мы людзі. Мы беларусы. Мы народ, за які так пячэцца наш урад у газетах ці на словах. Хай яны клапоцяцца на справе», – кажа Валерый Філін.

У Мазыры 200 подпісаў сабралі ўсяго за дзень. Далей збіраць подпісы будуць не толькі ў суседніх гарадах Гомельскай вобласці, а па ўсёй Беларусі, каб улады ва ўмовах крызісу не ўжывалі законы і ўказы, якія папросту забіваюць прадпрымальніцтва.

«Выканаць умовы, пазначаныя ў 222-м указе і ў 48-м, нам практычна немагчыма», – прызнаецца ІП Павел Калесніковіч.

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў у другім чытанні прынялі папраўкі ў Адміністратыўны кодэкс, ды знізілі штрафы за парушэнне тэхрэгламентаў Мытнага і Еўразійскага эканамічнага саюзу. Але канфіскацыю 100 % тавару за адсутнасць сертыфікатаў у індывідуальных прадпрымальнікаў дэпутаты пакінулі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў