Як Камітэт выратавання прадпрымальніцтва збіраецца ратаваць ІП?


Бізнесоўцы, палітыкі і актывісты абʼядноўваюцца ды выстаўляюць палітычныя патрабаванні. Каб іхны голас напэўна пачулі, Камітэт выратавання прадпрымальніцтва абяцае акцыі, у тым ліку флэш-моб з нераспраданымі панчохамі ды ўсеагульны страйк ІП.

Мітынг за мітынгам, пакуль не пачуюць

Адстаўка Прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, кардынальныя змены ўмоваў вядзення малага бізнесу, выхад Беларусі з Мытнага Саюзу і Еўразійскага Эканамічнага Саюзу – такія патрабаванні ў выніку паседжання высунуў Камітэт выратавання прадпрымальніцтва.

Каб гэтыя патрабаванні былі пачутыя, Камітэт пастанавіў падрыхтаваць цэлы шэраг акцый пратэсту.

Бліжэйшая з іх – акцыя салідарнасці 28 лютага а 15-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Рэжысёрка Вольга Мікалайчык выказала ідэю на прыступках Палаца рэспублікі правесці флэш-моб з нераспраданым таварам: панчохі, майткі, джынсы – кожнага віду тавару па адзінцы.

1 сакавіка – усеагульны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі на заклік слонімскіх гандляроў. 7 сакавіка – акцыя «Пара мяняць лысую гуму» на прапанову ІП з Баранавічаў. 14 сакавіка – Марш прадпрымальнікаў, заяўку на які падалі старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч.

Калі і гэтыя захады не дадуць чаканых паслабленняў для ІП, то прадпрымальніцкія ініцыятывы падтрымаюць агульнанацыянальную акцыю 25 сакавіка. Яна, як запэўніў Мікалай Статкевіч, адбудзецца ў цэнтры сталіцы незалежна, ці будзе санкцыя ўладаў.

«Не ачоліць, а скаардынаваць»

Cход у менскім офісе партыі БНФ сабраў сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

«У пачатку лютага да нас звярнуліся разгубленыя прадпрымальнікі. Мы не прэтэндуем на тое, каб ачоліць ці агучваць заявы ІП, але лічым патрэбным скаардынаваць людзей», – адкрыў сустрэчу палітык.

У сходзе ўзялі ўдзел таксама экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч ды дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Андрэй Клімаў. Вядоўца апошніх мітынгаў, прадпрымальнік Алесь Макаеў прадстаўляе Рух салідарнасці «Разам». Прадпрымальніцкія аб’яднанні прадстаўлялі намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук і Аляксандр Таўстыка, намеснік старшыні ініцыятывы «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва», зарэгістраванай у Кіеве.

З Менску ды іншых гарадоў прыехала каля дзясятка былых і цяперашніх бізнесоўцаў. Некалькі з іх заявілі, што паплаціліся ўласнаю справай за палітычныя погляды.

Алесь Абрамовіч з Барысава ганлядаваў піламатэрыяламі і аргтэхнікай. Пасля ўдзелу ў альтэрнатыўных выбарах апазіцыі ў 1999 годзе ягоны бізнес задушылі, сам ён эміграваў у ЗША, але неўзабаве вярнуўся.

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык распавяла, што ў 1997 годзе «Лукашэнка разбурыў» кінастудыю, але жанчына збіраецца яе аднавіць, калі ўмовы будуць больш спрыяльныя. Каардынатар аргкамітэту партыі БХД у Беарсцейскай вобласці Віктар Гарбачэўскі – наадварот, прыйшоў у ІП, таму што некалі быў звольнены з дзяржаўнай працы.

Дыялогу больш няма?

«Перамовы на рабочай групе не прыносяць жаданага выніку, – паведаміў Вячаслаў Піліпук. – Было прынята палітычнае рашэнне: не проста ўзмацненне дзяржаўнага сектара, але каб усе сферы эканомікі ўзяць у свае рукі. Там няма месца малому і сярэдняму бізнесу».

Ён заўважыў, што не дзейнічаюць і эканамічныя захады: нясплата падаткаў ці арэнды. З гэтай прычыны лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка звярнуўся да Мікалая Статкевіча, каб разам зладзіць Марш прадпрымальнікаў.

«Цяпер шмат чаго залежыць ад лідараў прадпрымальніцкіх супольнасцяў. Калі яны пачынаюць паміж сабой сварыцца, асабліва публічна, фокус увагі людзей перамяшчаецца з праблемы на канфлікты. Давайце дамовімся казаць адзін аб адным або добра, або нічога», – падсумаваў Піліпук.

Раней старшыня РГА «Перспектывы» уласнаручна адклікаў заяву на мітынг 15 лютага, бо быццам пачаўся доўгачаканы дыялог ІП з уладамі.

26 лютага пройдзе чарговая сустрэча групы ў Мінэканоміцы, дзе ўдзельнічае Анатоль Шумчанка і сябры «Перспектывы» з рэгіёнаў.

«Учорашні дзень» для 1/5 працаздольных беларусаў

У раздзеле «Актуальна» на сайце Міністэрства эканомікі амаль месяц змешчана інтэрвю намесніцы міністра Ірыны Касцевіч «Клетчаты баул – гэта ўчорашні дзень». Пазіцыя чыноўніцы, якая, ачольвае рабочую групу пры Грамадска-кансультатыўнай радзе па развіцці прадпрымальніцтва: ІП павінны працаваць так, як іх калегі з развітых краін.

«На гэты аргумент я мог бы адказаць сваім уражаннем ад Іспаніі, – кажа Андрэй Клімаў. – Калі некалькі год таму я выйшаў з турмы і па лініі Еўразвязу мне было арганізавана там лячэнне. На адной вуліц я ўбачыў кірмаш еўрапейскіх тавараў. Там было ўсё: ад шлёпанцаў да дарагіх гадзіннікаў. Усё прымяралася на кардонках ды вісела на вуліцах. Гэта была акцыя мэрыі гораду для прыцягнення турыстаў і ажыўлення гандлю».

З палітыкам-бізнэсоўцам пагаджаецца і лідар ініцыятывы «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Алесь Таўстыка. Ён сам да пачатку 2016 году прадаваў прылады для кампутараў і гаджэты. Актывіст сцвярджае, што ва ўсіх краінах Еўразвязу ёсць рынкі з таварам з Пакістана, Турцыі, Кітая.

«Калі намесніца міністра ходзіць толькі ў крутыя боксы і павільёны, то гэта не значыць, што ўсе людзі карыстаюцца гэтымі ж паслугамі. Работнікі заводаў ці бюджэтнай сферы могуць дазволіць сабе купляць у тых прадпрымальнікаў, што гандлююць у намёце з кардонкі. Іх заробак не адпавядае заробкам у Міністэрстве эканомікі», – каментуе Алесь Таўстыка.

Лічбы Міністэрства эканомікі кажуць, што паводле Указа №143, які дазваляў ІП распрадаць рэшткі тавараў без дакументаў да 1 студзеня 2016 году, 40 тысячаў прадпрымальнікаў зарэгістравалі свой тавар. У канцы мінулага году па іх заплацілі падатак на даданую вартасць 12 тысяч асобаў. «Атрымліваецца, больш за 20 тысяч ІП яшчэ да 1 студзеня перайшлі на новы ўзровень працы. У адносінах да іх Указ №222 дасягнуў сваёй мэты», – сцвярджае Ірына Касцевіч.

Камітэт выратавання прадпрымальніцтва глядзіць на пытанне больш шырока. Праблема ахоплівае каля 1 мільёна чалавек: ІП, чальцоў іхных семʼяў і занятых у гэтым бізнесе. Гэта, паводле дадзеных 2014 году, 1/5 ад усей колькасці працаздольных беларусаў.

ХМ, belsat.eu

Фота аўтара

Стужка навінаў