Андрэй Стрыжак: Рэпутацыя – гэта самая галоўная праверка


Фонд салідарнасці «BYSOL» ужо выплаціў 49 500 еўраў, атрыманых ад марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Па словах заснавальніка фонду Андрэя Стрыжака, ужо былі зацверджаныя 99 заявак, але яшчэ можна патрапіць у новую групу выплатаў. У жывым эфіры «Белсат» ён заклікае запоўніць заяўкі тых, каму патрэбная дапамога.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Зараз, дзякуючы таму, што шмат медыяў кажуць пра магчымасць атрымання дапамогі, канешне, заявак павялічалася. І гэта дае дадатковую працу нашай камандзе, але мы спраўляемся і спраўна выплачваем гэтыя грошы. На сённяшні дзень, як было адзначана, 99 заявак ужо было закрыта, мы яшчэ чакаем 101 у межах гэтага траншу, які мы атрымалі ад сродкаў, якія былі сабраныя на марафоне салідарнасці».

Андрэй Стрыжак зазначае, што фонд дамовіўся з усімі групамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія займаюцца размеркаваннем гэтых грошай, каб уся сабраная сума была перададзеная ў якасці дапамогі. На адміністрацыйныя ж выдаткі адтуль не будзе выдаткавана нічога.

Падзяліўся ён і тым, наколькі складана размяркоўваць атрыманыя сродкі, бо нават на стадыі верыфікацыі заявак пачынаюць узнікаць пытанні:

«Трэба быць упэўненым, што на тым баку проваду сядзіць насамрэч сям’я, якая мае патрэбу ў дапамозе, а не сілавік, напрыклад. І гэта заўсёды дастаткова складаная праца, але за апошнія тры гады мы выпрацавалі больш-менш нармальнае разуменне, як гэта рабіць, у нас ужо ёсць база кантактаў і мы дастаткова хутка можам верыфікаваць па ёй тыя ці іншыя заяўкі».

Заснавальнік фонду за гэтую дзейнасць, як і ўсе ўдзельнікі марафону, атрымаў крымінальную справу, але не засмучаны гэтым:

«Гэта дарагога каштуе, бо гэта такая своеасаблівая адзнака нашай працы. Кожная крымінальная справа дадае вагу таму, што мы насамрэч робім, бо ўсё, што ўлада называе “чорным”, насамрэч ёсць белым у адносінах да правоў чалавека».

Гэта не апошняя мерапрыемства салідарнасці з палітвязнямі, бо, па словах Стрыжака, у Офіса Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў па гуманітарных пытаннях у далейшых планах маюцца розныя іншыя кампаніі, а сам «BYSOL» неўзабаве плануе правесці калядную акцыю для дзяцей зняволеных.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў