Падрыхтоўка да касмічнай місіі ў пустэльні і эвакуацыя насельніцтва з Ваўчанску. Фатаграфіі тыдня


Пратэсты ў Грузіі з-за прыняцця закону аб замежных агентах, перформанс экаактывістаў у Італіі, падрыхтоўка да місіі на Месяц у пустэльні Арызоны – сабралі фотаздымкі за тыдзень.

Жанчына трымае сцяг Грузіі і ЕЗ перад байцамі спецназу, якія блакуюць вуліцу, каб не дапусціць дэманстрантаў падчас акцыі пратэсту супраць гэтак званага законапраекту аб замежных агентах да будынку парламенту ў Тбілісі. Парламент Грузіі ўхваліў у трэцім і канчатковым чытанні законапраект аб празрыстасці замежнага ўплыву, які выклікаў шматтысячныя пратэсты ў краіне. Тбілісі, Грузія. 14 траўня 2024 года.
Фота: Zurab Tsertsvadze / AP Photo / East News
Вершнік з племя Бені-Арус супакойвае свайго каня падчас традыцыйнай коннай гульні і прадстаўлення «Мата» каля вёскі Зніед (Znied), Марока. 17 траўня 2024 года.
Фота: Fadel Senna / AFP / East News
Дзяцей эвакуююць з Ваўчанску, гораду ў 4 км ад расейска-ўкраінскай мяжы. 10 траўня расейская армія перайшла ў наступленне на поўначы Харкаўскай вобласці, дзе актыўных баявых дзеянняў не вялося з 2022 году. 16 траўня ДСНС паведамілі, што ратавальнікам атрымалася эвакуяваць амаль 9 тысяч чалавек з прыфрантавых раёнаў Харкаўскай вобласці з-за наступу расейскай арміі і бесперапынных абстрэлаў. Ваўчанск, Украіна. 15 траўня 2024 года.
Фота: Narciso Contreras / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Замежныя журналісты здымаюць наступствы ракетнай атакі ў Харкаве, Украіна. 17 траўня 2024 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Паваленыя дрэвы ля галоўнага ўезду ў горад Лажэаду (Lajeado) у паўднёвым штаце Рыў-Грандзі-ду-Сул, які пацярпеў ад магутных паводак. Колькасць ахвяр паводак дасягнула 151 чалавек, яшчэ 104 лічацца зніклымі без вестак. Лажэаду, Бразілія. 14 траўня 2024 года.
Фота: Nelson Almeida / AFP / East News
Пратэст актывістаў з радыкальнага руху «Апошняе пакаленне» (Letzte Generation) супраць дызайнерскіх лэйблаў у крамах на Вія-дэй-Кандоці. Удзельнікі вылілі на вітрыны змыўную фарбу аранжавага колеру. У сакавіку экаактывісты падпалілі пад Берлінам падстанцыю, паралізаваўшы працу завода Tesla у Грунхайдзе, супраць пашырэння якога яны і пратэстуюць. Рым, Італія. 16 траўня 2021 года.
Фота: Cecilia Fabiano / LaPresse / Shutterstock / East News
Жанчына з дзіцем на руках працуе на фабрыцы па перапрацоўцы пластыкавых бутэлек у Дакке. Рабочыя сартуюць выкінутыя пластыкавыя бутэлькі, сабраныя са смеццевай кучы, і рыхтуюць іх да перапрацоўкі. Дакка, Бангладэш. 14 траўня 2024 года.
Фота: Suvra Kanti Das / Abaca Press / East News
Астранаўты NASA Кейт Рубінс і Андрэ Дуглас рыхтуюцца да даследавання Месяца падчас тыднёвых палявых выпрабаванняў на штучна створаным палігоне ў пустэльні Арызоны. Па дадзеных NASA, вучэнні абапіраюцца на папярэднія палявыя выпрабаванні і ўяўляюць сабой найбольш рэалістычны на сённяшні дзень сімулятар місіі «Артэміда». Копія паверхні Месяца ўключае кратары, разломы і вулканічныя асаблівасці, памерам і размяшчэннем набліжанымі да рэальных. 16 траўня 2024 года.
Фота: NASA / Josh Valcarcel / Cover Images / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў