«Нам не ўсё адно!»: марафон салідарнасці з палітвязнямі. ОНЛАЙН


29 ліпеня з 10:00 да 22:00 праходзіць першы вялікі 12-гадзінны онлайн-марафон салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Галоўная мэта гэтай акцыі – падтрымаць і сабраць грошы для палітзняволеных і іх сем’яў. У марафоне бяруць удзел больш за 20 незалежных медыяў. У тым ліку і «Белсат».

22:00. Марафон скончыўся акапэльным выкананнем песні «Да дому – да хаты». Агулам за 12 гадзінаў марафону сабралі 355 135 еўраў. Але сайт для ахвяраванняў працягне працу да канца дня 30 ліпеня. Далучайцеся! І дзякуй, што былі сёння разам!

Ахвяраваць можна тут: salidarnasc.com. Але з Беларусі лепш не данаціць, а папрасіць сяброў за мяжой зрабіць гэта са сваіх рахункаў.

Ахвяраванні станам на 22:05 менскага часу. Скрыншот: salidarnasc.com

21:55. Паводле арганізатаў, сабраныя грошы будуць накіраваныя палітвязням і іх сем’ям праз 13 фондаў, якія сталі тэхнічнымі партнёрамі марафону. Наста расказвае, што усе медыі – удзельнікі онлайну працавалі ў гэты дзень бясплатна, што таксама важкі ўнёсак у падтрыманне палітзняволеных.

21:46. Наста Базар разам з Вольгай Сямашкай пачынаюць падводзіць вынікі марафону. Наста кажа, што нягледзячы на розныя погляды і пазіцыі, мноства людзей і арганізацый аб’ядналіся дзеля падтрымання палітвязняў. Арганізатары вельмі ўражаныя актыўнасцю ахвярадаўцаў, сабраная сумма ўжо перавышае ўсе прагнозы. Таксама Наста нагадала, што дасылаць грошы праз сайт salidarnasc.com можна будзе яшчэ да канца дня 30 ліпеня. Адзінае, што наўпрост з Беларусі гэтага лепш не рабіць, а папрасіць знаёмых за мяжой зрабіць данат са сваіх рахункаў. На дадзены момант ужо сабрана больш за 351 000 еўраў.

Гурт «Дай дарогу» грае на канцэрце салідарнасці з палітвязнямі. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

21:40. Гурт «Дай дарогу» выканаў некалькі пратэсных песняў, а таксама песню пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і песню на верш народнага паэта Максіма Танка «Жыве Беларусь».

На марафоне ў падтрымку вязняў сабралі ўжо 348 000 еўраў. Ахвяраваць можна тут: salidarnasc.com. Але з Беларусі лепш не данаціць, а папрасіць сяброў за мяжой зрабіць гэта са сваіх рахункаў.

21:15. «Belarusian Truestory» – так называецца гурт, яшчэ адзін удзельнік марафону. Музыкі расказалі, як ладзілі дваровыя канцэрты ў Санкт-Пецярбурзе ў 2020 годзе і як хадзілі на акцыі да амбасады Беларусі. У горадзе на Няве тады ўтварылася моцная і салідарная дыяспара, у якой беларус беларусу – беларус. Тым часам сума ахвяраванняў перавысіла 337 000 еўраў.

Заданаціць на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com. Але з Беларусі лепш не данаціць, а папрасіць сяброў за мяжой зрабіць гэта са сваіх рахункаў.

Музыка Піт Паўлаў падчас рэпетыцыі перад канцэртам салідарнасці з палітвязнямі. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

20:50. Піт Паўлаў далучыўся да марафону, выканаўшы песню, з якой пачыналіся падчас пратэстаў усе дваровыя канцэрты з ягоным ўдзелам. Музыка таксама расказаў, што дагэтуль не можа пазбавіцца ад трыгераў. Нават жывучы за мяжой, кожны раз, бачачы паліцыянта, адчувае вельмі непрыемныя рэчы, але потым выдыхае – «гэта ж паліцэйскі, ён тут дзеля маёй бяспекі».

20:28. Да марафону далучылася «Радыё Ўнэт». Пра неабходнасць падтрымкі палітвязняў сказала і спела салістка гурта «Atesta». Гурт удзельнічаў у пратэстах, хаця на той момант салістцы не было 18 гадоў. Кажа, што галасаваць тады не магла, а рабіла, што ўмела, каб падтрымаць перамены.

Барыс Гарэцкі і Алег Грузділовіч. Скрыншот з онлайн-эфіру. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

20:00. Прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў размове з журналістам радыё «Свабода» былым палітвязням Алегам Груздзіловічам расказаў пра падтрымку зняволеных журналістаў. Многія з іх, як блогер і журналіст Ігар Лосік, былі ўвязнгеныя яшчэ да пачатку пратэстаў. І многіх асудзілі на велізарныя тэрміны зняволення. Лосік учыняў спробу самагубства і галадаў у турме. На два гады пасадзілі ягоную жонку Дарʼю – за падтрыманне мужа.

Вядома, што агулам з пачатку рэпрэсіяў каля 400 журналістаў прайшлі праз затрыманні, арышты, збіццё, турму. Больш за 30 чалавек застаецца ў вязніцах.

19:54. Трошкі менш чым за 11 гадзінаў працы марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!» гледачы сабралі суму € 300 000. Заданаціць на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com. Але з Беларусі лепш не данаціць, а папрасіць сяброў за мяжой зрабіць гэта са сваіх рахункаў.

19:30. Алег Кулеша з Асацыяцыі палітвязняў расказаў, што гэтая грамадскае аб’яднанне ствараецца адмыслова для дапамогі палітычным зняволеным. Ён мяркуе, што палітвязні не могуць лічыцца былымі, пакуль не вярнуліся ў Беларусь. Усё пачалося з нефармальнай супольнасці. Асацыяцыя дапаможа палітвязням пасля вызвалення хутчэй рэабілітавацца і вярнуцца да нармальнага жыцця. Апроч таго, запрацаваў праект «Лісты, якія не дайшлі», што збірае на сваёй платформе копіі лістоў палітвязням. Ідэя простая: лісты не даходзяць, і палітвязням здаецца, што ім ніхто не піша. Таму, калі захаваць копіі лістоў перад адпраўкай, то пасля вызвалення вязняў будзе чакаць прыемны сюрпрыз.

19:18. Вядоўца «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў расказаў, што пакуль паказвалі відэа інтэрвʼю з псіхолагам, гукарэжысёр вырашыў праверыць, наколькі хутка сістэма адлюстроўвае данаты. І высветлілася, што лічбы данатаў адлюстроўваюцца ў рэальным часе.

Тым часам, на 19:20 сума збору ўжо перавысіла 286 000 еўраў. Самае большае ахвяраванне ўяўляе з сябе знакавы для беларусаў лік 2334 еўраў.

Заданаціць любую, нават самую арыгінальную суму на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com. Але з Беларусі лепш грошай не пераводзіць, а папрасіць сяброў за мяжой зрабіць гэта са сваіх рахункаў.

19:00. Доктар-псіхіятар Сяргей Папоў ў эфіры выдання «Зеркало» расказаў, што ў вязніцах на палітвязняў аказваюць вялізны ціск, каб расчалавечваць і маральна забіваць. Таксама ажыццяўляецца моцны ціск на сем’і, каб іх раздзяляць і знішчаць. Магутны ўціск аказваецца і на грамадства, якое сёння амаль цалкам траўмаванае рэпрэсіямі. І адзін з самых моцных спосабаў гэтаму супрацьстаяць – гэта звяртаць увагу на патрэбы адно аднаго.

Псіхолаг Сяргей Папоў. Скрыншот з онлайн-эфіру. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Пры гэтым усе гэтыя жоўтыя біркі і ўціск дапамагаюць палітвязням саміх ідэнтыфікаваць сябе ў гэтым свеце як менавіта палітычных зняволеных.

Вельмі важна сваякам палітвязняў працягваць падтрымліваць сваіх і падтрымліваць уласную бяспеку. Падтрымліваць фізічнае здароўе, асабліва тым, хто ўжо вызваліўся. Камунікаваць паміж сабой, даваць час на аднаўленне, размаўляць, прагаворваць свае цяжкасці і патрэбы, не ціснуць і чакаць.

18:48. Прадстаўнік «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў расказаў, што праект працуе над тым, каб усе палітвязні атрымалі дапамогу. Паводле звестак платформы, цяпер у Беларусі 1741 палітвязень. Пра кожнага з іх збіраецца і публікуецца інфармацыя, якая потым дапамагае засведчыць факты пераследу.

Вячаслаў Касінераў. Скрыншот з онлайн-эфіру. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Рэжым навучыўся рабіць з палітвязняў «наркаманаў», «хуліганаў», «крымінальнікаў», таму ў гэтай справе трэба быць пільным, каб не абмінуць ніводнага асуджанага з палітычных прычынаў. З другога боку, патрэбна верыфікацыя і для таго, каб пад выглядам палітвязняў затым за мяжу і ў дэмакратычныя структуры не траплялі агенты рэжыму. Паводле Вячаслава, дэмакратычная і праваабарончая супольнасць навучылася гэтаму супрацьстаяць.

Ён пацвердзіў таксама, што многія палітвязні ўжо ведаюць пра марафон і тую справу салідарнасці, якая робіцца, і чакаюць дапамогі.

18:18. Вольга Шпарага , філосафка і чалец з фем-групы Кардынацыйнай рады, расказала аб гвалце, з якім сутыкаюцца жанчыны-палітзняволеныя ў вязніцах і як яму супрацьстаяць. Паводле суразмоўцы, сутыкаюцца з гвалтам і мужчыны, але жанчынам бывае псіхалагічна і фізічна цяжэй, хоць яны ўмеюць пераадольваць ціск. Сілы трымацца ім дае тое, што жанчыны ставяць перад сабой задачу клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых. Гэтак працуе і марафон салідарнасці, бо, клапоцячыся пра іншых, на самай справе атрымліваем сілу не здавацца.

Яна таксама адзначыла, што трэба працягваць узнімаць голас за вязняў на ўсіх палітычных міжнародных узроўнях, бо глабальная Еўропа залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці дэмакратыі ў Беларусі, як яна залежыць і ад перамогі ці паразы Украіны.

18:00. Іна Кавалёнак з платформы politzek.me адзначыла, што шмат палітвязняў за кратамі, але некаторыя ўжо і выходзяць, у тым ліку і праз прашэнне аб памілаванні. У сувязі з гэтым паўстае далікатнае палітычнае і юрыдычнае пытанне, ці захаваюць яны статус палітвязняў і ўвогуле як да гэтага ставіцца. Вядоўца эфіру журналіст Зміцер Лукашук у гэтай сувязі згадаў вопыт арміі Ізраілю, дзе дазволена выдаваць сакрэты, здаўшыся ў палон, бо жыццё чалавека – найвышэйшая каштоўнасць.

Падчас марафону яго гледачы адзначылі, што праз гэту агульную справу 20 медыяў і мноства дэмакратычных стуктураў, праз суму ўжо сабраных грошай, праз колькасць удзельнікаў і меркаванняў, якія гучаць у эфіры, складваецца адчуванне вельмі высокага ўзроўню салідарнасці, не ніжэйшага, чым у 2020 годзе.

17:55. Сабралі 250 000 еўраў. Найбольшы на сёння разавы данат склаў 2000 еўраў. Заданаціць на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com. Але з Беларусі лепш грошай не пераводзіць, а папрасіць сяброў за мяжой зрабіць гэта са сваіх рахункаў.

17:35. Распрацаваны канцэпт праграмаў і працэсаў рэабілітацыі палітзняволеных. Ён будзе рэалізаваны ў пераходны перыяд. Аднак распрацоўваюцца і пэўныя захады для рэабілітацыі і падтрымання палітвязняў, якія выходзяць цяпер. Аб гэтым падчас марафону расказала дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

17:05. Палітолаг Арцём Шрайбман падчас марафону патлумачыў, што перамовы з рэжымам аб вызваленні палітвязняў амаль немагчымы. Але ёсць розныя ўскосныя захады, кшталту ўручэння даверчых граматаў пасламі заходніх краінаў, наўзамен якіх рэжым можа пайсці на пэўныя паслабленні.

17:00. Эстафету онлайн-марафону падхапіла «Еўрарадыё».

17:45. Палітык Зянон Пазняк зазначыў важнасць марафону як спосабу прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі, бо ў краіне цяпер «адбываецца генацыд нацыі, а людзі, якія сядзяць у вязніцах, яны не палітвязні, а палонныя». Пазняк не верыць, што рэжым некага вызваліць, таму гэтую незаконную ўладу трэба зрынуць, і тады ўсе вязні будуць вольныя.

Святлана Курс
Пісьменніца Святлана Курс у студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

16:30. Пісьменніца Святлана Курс у эфіры студыі «Белсату» зазначыла, што марафон салідарнасці з палітвязнямі і іх семʼямі патрэбным вольным не менш, чым зняволеным, таму што для беларусаў вельмі важна яднанне і салідарнасць, «гэта дазваляе нам зменшыць пачуццё віны, што мы на свабодзе, а яны ў канцлагерах».

Аляксандр Кабанаў
Блогер Аляксандр Кабанаў у студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

16:17. Палітычны блогер, былы палітвязень, а цяпер прэсавы сакратар «BELPOL» Аляксандр Кабанаў расказаў пра тое, што кошт адной харчовай пасылкі, якія дазваляюць раз на тры месяцы дасылаць вязням, складае прыблізна 300 еўраў. Ён кажа, што далёка не кожная сям’я палітвязня можа дазволіць сабе такія выдаткі, таму ім патрэбна дапамога.

16:08. Сабрана 200 тысячаў еўраў для падтрымання палітвязняў.

Павел Латушка
Павел Латушка ў рэдакцыі «Белсату» прэзентуе некаторыя лоты, якія НАУ выставіла на аўкцыён падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

15:45. Палітык, кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка паказаў падчас марафону выдадзеную адразу на некалькіх мовах кнігу «Дзікае паляванне караля Стаха» і падпісаны гульцамі «Дынама» (Кіеў) футбольны мяч, якія выстаўлены як лоты дабрачыннага аўкцыёну ў «Інстаграме» НАУ. Грошы за гэтыя лоты будуць пералічаныя на рахунак марафону.

Таксама кіраўнік НАУ зазначыў, што зроблены важныя крокі для прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў да адказнасці за ваенныя злачынствы, звязаныя з прымусовым перамяшчэннем украінскіх дзяцей у Беларусь. І таксама зроблены важны крок для прыцягнення самазванага кіраўніка дзяржавы да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя да палітзняволеных і ўдзельнікаў пратэстаў у Беларусі. Падрыхтаваная справаздача па лініі «Justice Hub», паводле якой ахвярамі рэжыму з 2020 года сталі больш за 136 тысячаў чалавек.

15:43. Да марафону далучыўся амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, які сказаў, што памятае твары, словы і дзеянні прыгожых і шляхетных людзей, якія цяпер палітвязні. Яны любяць Беларусь, хочуць, каб яна была сапраўды незалежнай. Амбасадар заклікаў усіх, хто любіць Беларусь, памятаць пра палітвязняў і пра іхныя сем’і і падтрымліваць іх на справе.

15:40. Тэлевядоўца Валярына Кустава сказала, што вельмі каштоўна ўдзельнічаць у марафоне, бо такім чынам мы спрычыняемся да дапамогі людзям, якія жывуць, змагаюцца, пакутуюць за нашы каштоўнасці.

Дар'я Чульцова
Журналістка і былая палітзняволеная Дар’я Чульцова ў студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

15:30. Журналістка і былая палітзняволеная Дар’я Чульцова ў студыі марафону заклікала не забывацца пра палітвязняў і шукаць шляхі, каб падтрымаць іх, бо гэта вельмі натхняе тых, хто застаецца за кратамі. Дар’я не сумняецца, што звесткі пра марафон салідарнасці ўжо дайшлі ў калоніі і турмы, бо дастаткова, каб нехта адзін у тэлефанаванні хоць неяк пра гэта намякнуў, і інфармацыя разыходзіцца праз так званае сарафаннае радыё.

15:15. Палітычны актывіст і былы бізнесовец Вадзім Пракоп’еў у інтэрвʼю блогеру Сцяпану Пуцілу выказаўся за неабходнасць перамоваў і актыўных дзеянняў для вызвалення палітвязняў ці іх абмену на прыхільнікаў рэжыму, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі на Захадзе, альбо пра якіх вядома, што яны займаюцца супрацьзаконнай дзейнасцю. Напрыклад, выведнікі-нелегалы і іншыя, хто таемна працуе на рэжым.

Пракопʼеў лічыць, што ў краінаў Захаду яшчэ багата нескарыстаных інструментаў для ўздзеяння на балючыя месцы дзейсных у Беларусі ўладаў. Гэтыя ўлады, як лічыць палітычны актывіст, ёсць крымінальнай групоўкай, а з такой групоўкай трэба размаўляць моваю сілы – адзінай зразумелай ім. Пракоп’еў парэкамендаваў наняць для перамоваў аўтарытэтнага заходняга перамоўцу, а беларусам за мяжой параіў вучыцца штомесяц ахвяраваць невялікія сумы для падтрымкі палітычных структур у эміграцыі, тым самым дэманструючы на практыцы адказнасць за пабудову новай дэмакратычнай Беларусі.

14:45. Сцяпан Пуціла з NEXTA адзначыў, што яго вельмі ўражвае, што ўсе медыі падчас онлайн-марафону аб’ядналіся і сабраліся дзеля такой важнай мэты – дапамагчы палітзняволеным.

Галоўныя словы гэтай падзеі: «нам не ўсё адно», і гэта вельмі важна данесці да ўсіх. Бо, на думку Сцяпана, тыя, хто застаўся ў Беларусі, могуць думаць, што астатнім усё адно. Але гэта не так, трэба працягваць дапамагаць. Таму Сцяпан прапанаваў хіба штомесяц праводзіць нешта падобнае, не абавязкова эфір, а нейкія сустрэчы з вядомымі людзьмі, каб паказаць, што нам не ўсё адно.

Фёдар Паўлючэнка
Рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў рэдакцыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

14:30. Эстафету онлайн-марафону падхапіла студыя «Белсату». Вядоўцы падкрэслілі, што за 4 гадзіны было зроблена 3610 ахвяраванняў, таму атрымліваецца, што кожныя 4 секунды прыходзіць па адным данаце. На рахунак на дадзены момант залічана больш за 155 000 еўраў.

Першым госцем «Белсату» стаў Фёдар Паўлючэнка з Reform.by, які прызнаўся, што, на ягоную думку, можна было разлічваць хіба на 30–40 тысяч еўраў. Таму ён прыемна ўсцешаны, што ужо цяпер сума перавышае ягоныя прагнозы амаль у 5 разоў.

Вядоўца Сяргей Падсасонны адзначыў, што з адной з калоніяў было тэлефанаванне, падчас якога палітвязень паведаміў родным пра тое, што там ёсць інфармацыя пра марафон. Гэта значыць, што палітвязні ведаюць пра гэтую падзею і яны вельмі і вельмі ўдзячныя за тое, што гэты марафон адбываецца.

14:20. Радыё «Свабода» сустрэлася з Андрэем Шарэндам, мужам Паліны Шарэнды-Панасюк.

Тое, што адбываецца з палітвязнямі ў турмах, – гэта блакада, адзначыў Андрэй Шарэнда. Апошні ліст ад Паліны прыйшоў у канцы сакавіка. Фактычна гэты ліст прарваўся адзіны за некалькі месяцаў, і цэнзура яго прапусціла толькі таму, што Паліна адрасавала яго не Андрэю, а дзецям. У ім, ведаючы сваё цяжкое становішча, яна фактычна развітвалася з дзецьмі (у Паліны і Аляксандра двое хлапчукоў). Толькі пазней стала вядома, што Паліна да гэтага адмовілася ад беларускага грамадзянства.

«Зразумела, што Паліна вымучаная гэтымі сотнямі содняў у штрафным ізалятары, была проста выматаная і фізічна, і маральна. І менавіта гэты ліст, каб зрабіць балюча родным, якраз і прапусціла цэнзура», – адзначыў Андрэй Шарэнда

14:12. Беларусы сабралі ўжо больш за 145 000 еўраў на дапамогу палітвязням. Заданаціць можна праз гэтую спасылку.

А тым часам госця онлайн-марафону – кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Засулінская – расказала, што з кастрычніка 2020-га да сённяшняга дня фонду ўдалося акумуляваць каля паўмільёна тысяч еўраў. Пры гэтым яна адзначыла, што гэтыя грошы могуць быць патрачаныя толькі на палітзняволеных па спецыяльнай заяўцы: прадукты харчавання (бо калі адзін з бацькоў знаходзіцца ў зняволенні, то астатняй сям’і цяжка пракарміцца), паслугі адвакатаў, аплата медыкаментаў і шмат што іншае. Спектр дапамогі вельмі шырокі. І ніводнай капейкі з гэтых ахвяраваных грошай не можа ісці на каманду фонду ці нейкія бягучыя выдаткі, падкрэсліла Засулінская.

13:40. Андрэй Павук у размове з Настай Роўдай расказаў пра адзін цікавы выпадак, які здарыўся з ім падчас размоваў з «ябацькамі». Ён датэлефанаваўся да адной жанчыны, якая скардзілася на тое, што на адным з дамоў вісеў бела-чырвона-белы сцяг. Пасля размовы з ёй высветлілася, што ў гэтай жанчыны дзіця з рэдкім генетычным захворваннем і пра яго некалі пісаў партал TUT.by, у той час як дзяржаўныя медыі адмовіліся. І ў выніку пасля доўгай размовы з Андрэем яна папрасіла прабачэння за тое, што зрабіла данос.

Наста Роўда і Андрэй Павук падчас онлайн-марафону «Нам не ўсё адно!». Скрыншот з онлайн-эфіру. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Андрэй Павук выказаў неразуменне, чаму беларусы ў замежжы не далучаюцца да тэлефанаванняў чыноўнікам беларускіх установаў, каб выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі, і сказаць, што ёсць людзі, якім не падабаецца гэта.

«Трэба тэлефанаваць і нагадваць, што ёсць палітзняволеныя, што ёсць і забітыя людзі, і што рэпрэсіі, і што санкцыі, і што вайна. Работайце, каб не я адзін», – падкрэсліў Андрэй Павук.

13:20. Эстафету онлайн-марафону падхапіла рэдакцыя «Нашай Нівы». У студыі галоўная рэдактарка выдання Наста Роўда паразмаўляла з Андрэем Стрыжаком, кіраўніком фонду «BYSOL».

Андрэй расказаў пра ініцыятывы, якімі займаецца ягоная арганізацыя, дапамагаючы палітзняволеным. Так, ён распавёў, што ёсць адукацыйная праграма для былых палітвязняў, ужо была набраная першая група з 40 чалавек, якія будуць атрымліваць новыя веды ў новых прафесіях: у медыямаркетынгу, СЕО-аптымізацыі сайтаў, англійскай мове, таксама будзе асобны курс па маркетынгу.

Акрамя таго, Андрэй Стрыжак расказаў, што фонд працуе з персанальнымі зборамі і разавымі выплатамі для канкрэтных палітвязняў, а таксама аказвае медычную дапамогу тым, хто толькі выйшаў з-за кратаў. Проста цяпер, адзначыў госць студыі, праводзіцца збор грошай для дзетак палітзняволеных, якія пойдуць у школу: мэта яго – забяспечыць усім неабходным 236 дзяцей.

12:46. Падчас онлайн-марафону гледачы сабралі суму ў 100 000 еўраў за 2 гадзіны 45 хвілін. 2300 чалавек адправілі свае данаты на падтрымку палітзняволеных і іхных сем’яў. Ахвяраваць грошы на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com

12:37. Вольга Гарбунова ў эфіры «Краіны для жыцця» расказала пра поўную назву марафона «Нам не ўсё адно! І няхай яны пра гэта даведаюцца». Другая частка назвы, «І няхай яны пра гэта даведаюцца», гаворыць пра жаданне, каб пра гэтую падзею даведаліся ўсе: і прапагандысты, і блізкія палітзняволеных, і самі палітзняволеныя. Паводле словаў Вольгі, калі яна была ў СІЗА, то ў кожнай камеры быў тэлевізар, і па ім усё паказвалі: і скрыншоты з тэлеграм-каналаў, з «Фэйсбуку». Таму, калі выключыць гук, каб не чуць каментароў, можна было ведаць усе навіны. Таму тыя, хто застаецца ў калоніях і ў СІЗА, таксама маюць магчымасць даведацца пра тое, што праходзіць такі марафон, і што мы памятаем пра іх, збіраем для іх дапамогу, падтрымліваем іхных блізкіх.

12:00. У эфіры онлайн-марафону радыё «Свабода» і журналіст і былы палітвязень Алег Груздзіловіч, у якога нядаўна выйшла кніга «Мае турэмныя муры». У кнізе аўтар успамінае свой асабісты досвед 9 месяцаў, праведзеных за кратамі.

11:47. Эстафету онлайн-марафона падхапілі вядоўцы «Маланка-медыя». На гэты момант сабрана звыш 74 000 еўраў. Заданаціць на палітзняволеных можна тут: salidarnasc.com

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sachelle Babbar / Zuma Press / Forum

11:30. У студыі «Обычного утра» – вядоўца YouTube-шоу «Жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў. Ён падзяліўся гісторыямі пра палітвязняў, якія ўразілі яго найбольш: пра Дар’ю Чульцову, Аляксандра Кабанава і Аляксандра Івуліна.

11:20. Да онлайн-марафону ў студыі «Обычного утра» далучыўся прадпрымальнік, інвестар і сузаснавальнік парталу TUT.by Кірыл Валошын.

11:01. У студыі «Обычного утра» – абраная прэзідэнтка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская. Асноўнае, пра што гаварыла Святлана Ціханоўская падчас эфіру, можна прачытаць тут.

10:46. У студыі «Обычного утра» – Аляксандр Івулін. Былы палітзняволены расказвае пра тое, што для людзей, якія застаюцца за кратамі, любая падтрымка вельмі важная: «Лісты, пасылкі, перадачы, нават элементарная шакаладачка – гэта вельмі натхняе, і ты разумееш, што ты не адзін».

10:39. На дадзены момант сабрана ўжо 31 680 еўраў. Падтрымаць палітзняволеных Беларусі можна тут: salidarnasc.com

10:30. У студыі «Обычного утра» – Аляксандр Чарнуха, які расказвае пра зняволеных музыкаў.

10:15. У Беларусі 9 палітзняволеных-падлеткаў, якім споўнілася 18 гадоў ужо за кратамі, адзначылі вядоўцы «Обычного утра». У эфіры агучылі гісторыю кожнага з іх, гэта: Мікіта Залатароў (2004 г. н.), затрыманы ў жніўні 2020-га; Сяргей Гацкевіч (2003 г. н.), затрыманы ў сакавіку 2021-га; Дзяніс Хазей (2003 г. н.), затрыманы ў сакавіку 2021-га; Эдуард Кудынюк (2003 г. н.), затрыманы ў траўні 2021 года; Аляксандр Вінярскі (2003 г. н.), затрыманы ў траўні 2021 года; Іван Пацяйчук (2004 г. н.), затрыманы ў ліпені 2021 года; Максім Імховік (2004 г. н.), затрыманы ў ліпені 2021 года; Павел Піскун (2004 г. н.), затрыманы ў сакавіку 2022 года; Арцём Вайцяховіч (2007 г. н.), затрыманы ў студзені 2023 года.

Палітзняволеныя, якія трапілі за краты яшчэ падлеткамі. Скрыншот з онлайн-эфіру. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

10:07. З моманту адкрыцця спасылкі для данатаў (яна стала актыўнай 28.07) сабрана ўжо звыш 19 000 еўраў. І сума ўсё расце.

10:00. Онлайн-марафон салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі «Нам не ўсё адно!» пачаўся ў студыі «Обычного утра» разам з вядоўцамі Канстанцінам Каверыным і Людмілай Міласлаўскай.

У онлайн-марафоне «Нам не ўсё адно!» бярэ ўдзел больш за 20 незалежных медыяў, а трансляцыя будзе весціся на YouTube-каналах «Klopat BY», «Святлана Ціханоўская», «НАУ Беларусь», «БЕЛСАТ NEWS», «Еўрарадыё», «Наша Ніва. NEWS», «ТОК | TALK», «ЗЕРКАЛО», «Салідарнасць» і інш.

Падчас 12-гадзінны онлайн-марафону будуць збірацца ахвяраванні для палітвязняў і іх сямей.

Дзеля бяспекі гледачоў марафону, якія жывуць у Беларусі, арганізатары заклікаюць не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыі са сваіх персанальных акаўнтаў і ахвяраваць толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.

Далучыцца да марафону і падтрымаць палітзняволеных і іх семʼі можна на сайце https://salidarnasc.com/.

Анонс
Беларусы аб’яднаюцца ў 12-гадзінным онлайн-марафоне салідарнасці з палітзняволенымі
2023.07.24 20:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў