€ 200 000: такую суму сабралі для палітзняволеных за першую палову марафону салідарнасці


За 6 гадзінаў працы марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!» гледачы сабралі суму € 200 000.  Заданаціць на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com

Скрыншот з сайту salidarnasc.com станам на 16:18 менскага часу.

Падчас эфіру гучала інфармацыя, што ініцыятары марафону спадзяваліся сабраць 100 000 ці максімум 200 000 за увесь час працы марафону. Але найбольшы прагназаваны лік сабраны за палову 12-гадзіннага марафону.

У сярэднім за хвіліну ахвяруюць € 500, за гадзіну – каля € 33 000.

Да марафону далучыліся больш за 20 беларускіх незалежных медыяў, у тым ліку і «Белсат». Трансляцыя працягнецца да 22:00 менскага часу. Спасылка на данаты будзе дзейнічаць да канца дня 30 ліпеня.

Святлана Ціханоўская у эфіры марафону выказала спадзеў на тое, што ўдасца сабраць не менш за € 500 000. Бо, на ейную думку, «калі мы не збяром хаця б па 1 еўра ці долару ад кожнага чалавека, то гэта пакажа нас не з самага лепшага боку». Яна разлічвае на дапамогу беларускага бізнесу, які апынуўся за мяжой.

У той жа час арганізатары марафону просяць жыхароў Беларусі дзеля ўласнай бяспекі не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыі з персанальных акаўнтаў і данаціць толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой. Падтрыманнем вязняў таксама будзе распаўсюд у прыватных размовах інфармацыі пра марафон салідарнасці сярод знаёмых.

Фота вокладкі: Белсат

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў