21 красавіка выйшлі з калоніяў, цалкам адбыўшы тэрміны, музыкі гурта «Irdorath» – муж і жонка Уладзімір і Надзея Калачы. Яны правялі за кратамі 1 год, 8 месяцаў і 19 дзён, адзначае праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Irdorath» з 2011 года грае фолк-рок з элементамі фэнтэзі, выкарыстоўвае яскравыя фэнтэзі-касцюмы і нярэдка ладзіць канцэрты-перформансы з неонавым і вогненным шоу. Кампазіцыю «Быў. Ёсць. Буду» назвалі ў 2016-м «Песняй года» на партале Tuzinfm.by.
Удзельнікі гурта гралі на маршах пратэсту ў 2020 годзе, сярод іншага выконвалі песню «Перамен» на дудах і бубнах. За ўдзел у дваровых канцэртах салідарнасці музыкаў у канцы 2020-га звольнілі з працы ў цэнтры для дзяцей і моладзі «Вікторыя» ды пазбавілі пляцоўкі для рэпетыцыяў.
Музыкаў затрымалі 2 жніўня 2021 года: узброеныя байцы без апазнавальных знакаў схапілі 16 чалавек, якія адзначалі дзень народзінаў Надзеі Калач на лецішчы. Шасцёх асудзілі на 15 содняў за «непадпарадкаванне», пакінулі за кратамі і зрабілі падазраванымі ў крымінальнай справе.
Лідараў гурта «Irdorath» Надзею і Уладзіміра Калачоў 14 снежня 2021 года суддзя Аляксандр Якунчыхін асудзіў на 2 гады калоніі за музыку на маршах. Музыкаў прызналі вінаватымі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні або іншым рыхтаванні асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 2 арт. 342 КК)
28 снежня 2021 года вынеслі прысуд іншым музыкам гурта. Пятру Марчанку, Юліі Марчанкавай і Антону Шніпу прысудзілі 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.
Якуб Хруст belsat.eu