Музыкі Irdorath пра сваё звальненне: «Падчас апошняга дваровага канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон»


Музыкаў беларускага фэнтэзі-фолк-гурта Irdorath звольнілі з працы за ўдзел у дваровых канцэртах салідарнасці. Сам гурт пазбавіўся дома – пляцоўкі для рэпетыцыяў і захоўвання інструментаў. Пра грамадзянскую пазіцыю, беларускую рэвалюцыю і планы на будучыню «Белсат» пагутарыў з вакалісткай гурта Надзеяй Ірдарат.

Звольненыя за грамадзянскую пазіцыю

Музыкі ды заснавальнікі Irdorath Надзея і Уладзімір працавалі педагогамі дадатковай адукацыі ў цэнтры для дзяцей і моладзі «Вікторыя», дзе выкладалі традыцыйную, народную ды сярэднявечную музыку. На базе цэнтру таксама месцілася і рэпетыцыйная пляцоўка гурта Irdorath.

– Наш кабінет быў своеасаблівай творчай майстэрняй для ўсяго нашага гурта, дзе мы рэпетавалі, запісвалі дэмкі, рыхтаваліся да канцэртаў і выраблялі дэкарацыі, – кажа Надзея.

Аднойчы музыкам патэлефанавалі ды паставілі перад выбарам: або напісаць заявы «паводле ўласнага жадання» і забраць усе свае рэчы, або іх звольняць за прагул. Прычынаў такога імклівага звальнення Надзеі і Уладзіміру кіраўніцтва не патлумачыла. Але музыкі перакананыя – іх звольнілі за грамадзянскую пазіцыю.

– Нас звольнілі, бо мы адкрыта удзельнічалі ў маршах, гралі ў дварах, рабілі відэа, каб падтрымаць народ. Гэта ўсё замінала нашаму цэнтру захоўваць нейтралітэт у гэтай сітуацыі. Мы ж лічым, што нейтралітэт – гэта маўклівая згода. Нас звольнілі адразу ж пасля серыі дваровых канцэртаў. Падчас апошняга канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон: кіраўніцтва бачыла нашыя выступы, у тым ліку і на плошчы Пераменаў.

«Жаданне быць карыснымі ды натхняльнымі нікуды не падзелася»

Паводле Надзеі, звальненне з працы не было ні для каго сюрпрызам: цягам некалькіх месяцаў да звальнення кіраўніцтва цэнтру «Вікторыя» праводзіла з музыкамі прафілактычныя гутаркі пра тое, што ім варта знізіць сваю актыўнасць.

– Сябры нашага абʼяднання па інтарэсах ужо даўно ўсё разумелі ды ведалі, што нашая музычная дзейнасць у нейкі момант можа прывесці да звальнення, – кажа Надзея. – Безумоўна, цяпер нам давядзецца зрабіць перапынак у дзейнасці. Цяпер мы сканцэнтраваныя на тым, каб выратаваць абсталяванне: больш каштоўныя інструменты захоўваюцца дома – займаюць месца да столі, а менш важныя інструменты і абсталяванне – у неацяпляльным гаражы. Тым не менш, нашае жаданне быць карыснымі ды натхняльнымі для нашага неймавернага народу нікуды не падзелася.

Belsat Music Live
Фэнтэзі-фольк ад «Irdorath» у «Belsat Music Live»
2017.12.09 21:00

«Мы ўсё яшчэ мы: такія ж упартыя, з жаданнем ствараць»

Надзея заўважае, што для гурта не мець уласнага дому – гэта ўсё адно, што не мець зямлі пад нагамі. Таму цяпер Irdorath займаецца пошукам новага месца.

– Але ў любым выпадку Irdorath – не сцены, а людзі, і мы ўсё яшчэ хочам працягваць свой творчы шлях. Таму будзем пераадольваць перашкоды і рухацца наперад. Калі мы толькі пераехалі ў Менск у 2011 годзе, мы хацелі запісаць свой першы альбом, і ў нас не было ні сувязяў, ні месца, ні грошай на гэта. Мы амаль цэлы год жылі ў нядзейным на той момант пансіянаце «Тэатральны», і там жа на сцэне з падручных матэрыялаў зрабілі нешта кшталту намёта з аксаміту, і запісалі там альбом на абсталяванні, якое нам даў наш сябар. І калі мы пераехалі ў Менск – мы не мелі ў галаве нічога, акрамя як запісаць альбом. Праз год мы сабралі ўпершыню «Рэпаблік» на прэзентацыі альбому. То бок мы запісалі яго, прэзентавалі, адыгралі файны канцэрт. Гэта быў дужа складаны час, але мы яго пераадолелі. Цяпер мы – усё яшчэ мы: такія ж упартыя, з такім жа жаданнем ствараць. Таму хвалявацца за нас не трэба. Мы проста хочам, каб людзі цанілі смеласць артыстаў, і ў цэлым хацелася б, каб народ не здаваўся.

МД belsat.eu

Стужка навінаў