Шасцёх затрыманых з гуртом «Irdorath» асудзілі на 15 дзён арышту за «непадпарадкаванне»


Музыкаў затрымлівалі са стралянінай байцы без апазнавальных знакаў.

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў затрымалі музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath». Менскі раён, Беларусь. 2 жніўня 2021 года. Скрыншот: МВД Беларуси / Youtube

На выязным паседжанні суд Менскага раёну асудзіў шасцёх чалавек, затрыманых 2 жніўня на лецішчы пад Менскам, на 15 дзён арышту за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню» паводле арт. 23.4 КаАП РБ, пішуць праваабаронцы ў Telegram-канале «Вясна назірае».

Асуджаныя – бубнач фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath» Аляксей Палаўчэня, а таксама Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў. Усе яны былі на вечарыне з нагоды дня народзінаў вакалісткі гурта «Irdorath» Надзеі Калач, калі туды ўварваліся байцы без апазнавальных знакаў з аўтаматамі і драбавікамі.

Паводле ГУБАЗіКу, гурт затрымалі за тое, што дудары «неаднаразова ўзначальвалі калону пратэстоўцаў» у 2020 годзе, «з выкарыстаннем духавых інструментаў уцягвала ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мінакоў», а музыка «ўзмацняла пратэставыя настроі ўдзельнікаў шэсця і штурхала іх да проціпраўных дзеянняў адносна міліцыянтаў». Затрымалі 16 чалавек.

Аднак цяпер судзілі не за пратэсты, а нібыта за «непадпарадкаванне» – маўляў, людзі не адчынілі варотаў невядомым узброеным людзям у цывільным. На судзе затрыманыя казалі, што і варотаў не было – толькі зламаная брамка.

«Усе сабраліся, і перад пачаткам святкавання усе пабачылі, як з двух бакоў на іх пабеглі людзі ў вайковай фоме і пачалі страляць. Аляксандра дадала, што было так шмат выстралаў, што яна не зразумела, чаму пакуль усе жывыя», – перадавалі назіральнікі з суда.

Тым часам у межах крымінальнай справы затрыманыя Уладзімір і Надзея Калач, Пётр і Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп і яшчэ адзін чалавек, імя якога невядомае. Яны падазраваныя ў «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Штрафамі ў 870–1160 рублёў ужо пакаралі Юлію Варламаву, Аляксандру Грахоўскую, Вольгу Міхно і дзяўчыну па прозвішчы Шулякова.

«Irdorath» з 2011 года грае музыку, падобную ў стылі да фолку, але з элементамі фэнтэзі, выкарыстоўвае яскравыя фэнтэзі-касцюмы і нярэдка ладзіць канцэрты-перфомансы з неонавым і вогненным шоу.

Кампазіцыю «Быў. Ёсць. Буду» назвалі ў 2016-м «Песняй года» на партале Tuzinfm.by. Выдалі тры студыйныя альбомы, апошні на сёння – «Wild» 2017 года.

Гурт актыўна гастраляваў да пандэміі каронавіруса, у 2017 годзе выступаў на найбуйнейшым метал-фэсце Еўропы «Wacken», што ладзілі на поўначы Нямеччыны.

Удзельнікі гурта гралі на маршах пратэсту ў 2020 годзе, у тым ліку выконвалі песню «Перемен» на дудах і бубнах. За ўдзел у дваровых канцэртах салідарнасці музыкаў у канцы 2020-га звольнілі з працы ў цэнтры для дзяцей і моладзі «Вікторыя», пазбавілі пляцоўкі для рэпетыцыяў.

Hавiны
Кліп «Баю-бай» берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!» сабраліся прызнаць «экстрэмісцкім»
2021.08.03 13:12

АА belsat.eu

Стужка навінаў