Музыкі з гурта «Irdorath», якія выступілі супраць гвалту сілавікоў, падазраваныя ў крымінальнай справе


Жорсткае затрыманне гурта «Irdorath» і крымінальныя справы супраць музыкаў сталі нечаканымі для іхных сяброў і паплечнікаў. У размовах з «Белсатам» яны выказалі думку, што дзяржава цяпер палюе на яскравых і цікавых людзей і імкнецца да таго, каб грамадства было запалоханым, а грамадзяне падпарадкоўваліся дзяржаўным загадам.

Даведка
Музыкі Irdorath.
Фота: Instagram

Музыкі з фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath» і іхныя сябры: Зміцер Шыманскі, Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп застаюцца за кратамі. Працаўнікі ГУБАЗіКу, якія іх затрымалі, кажуць, што нібыта дудары «неаднаразова ўзначальвалі калону пратэстоўцаў» у 2020 годзе, «з выкарыстаннем духавых інструментаў уцягвалі ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мінакоў», а музыка «ўзмацняла пратэставыя настроі ўдзельнікаў шэсця і штурхала іх да проціпраўных дзеянняў адносна міліцыянтаў». Яны падазраваныя паводле арт. 342 КК РБ.

«Я думаю, што гэта вельмі несправядліва. Музыкі не могуць заклікаць, яны ж граюць на дудах, валынках. У іх жа занятыя рукі і вусны, калі казаць аб’ектыўна, яны ж проста музыкі – музыкі, якія супраць гвалту», – распавёў у размове з «Белсатам» сябра вязняў.

Увогуле, паводле суразмоўцы «Белсату», у сувязі з каронавірусам у 2020 годзе гурт «Irdorath» не ладзіў аніякіх канцэртаў. Але пасля гвалту з боку сілавікоў у жніўні музыкі не маглі заставацца ўбаку ад падзеяў у краіне. Таму яны выйшлі на вуліцы з тысячамі беларусаў.

«Музыкі яшчэ летась не раз вялі размовы між сабою пра затрыманні, арышты і пераслед. Але не ішло гаворкі пра адʼезд з Беларусі. Казалі і разважалі пра тое, што будзе, калі нас затрымаюць, што рабіць далей. Але час мінаў, людзі неяк працягвалі жыць, і гэтыя размовы адышлі на другі план. Але нядаўна Надзея сабралася выехаць у Нямеччыну. Яна набыла квіток. Верагодна, набыццё квітка і стала штуршком для сілавікоў, каб затрымаць музыкаў. Магчыма, сілавікі баяліся, што 9 жніўня выйдуць людзі, таму і хапалі ўсіх навокал. Для нас гэта было наагул нечакана. Проста спачатку вялі арышты ў буйных кампаніях, а потым паступова ўзяліся і за тых, хто прыцягвае ўвагу», – кажа сябра гурта «Irdorath».

Затрыманне адбылася 2 жніўня на лецішчы пад Менскам, дзе кампанія сабралася святкаваць дзень народзінаў вакалісткі «Irdorath» Надзеі Калач. Байцы без апазнавальных знакаў, якія напалі на кампанію, былі ўзброеныя аўтаматамі і драбавікамі, шмат стралялі, але нікога не паранілі.

«Затрыманне было эпічнае і жахлівае. Спачатку нават здалося, што гэта нейкі жарт, бо было вельмі нечакана, вельмі гучна. Мне здаецца, што страляніну сілавікі ўжылі толькі і выключна дзеля эфектнасці. Я падазраю, што міліцыянты ведалі пра дзень народзінаў, бо яны адразу ж пачалі шукаць імянінніцу. Яны паклалі нас усіх на зямлю. І адразу ж узялі Надзею. Зацягнулі, прычым вельмі шчыльна, ёй кайданкі, яна нават прасіла іх аслабіць. Ніхто пры гэтым не аказваў супраціву. Дзяўчат адразу ж завялі ў дом. Хлопцы засталіся на вуліцы. Надзею завялі ў дом, дзе і размаўлялі з ёй», – распавёў «Белсату» ўдзельнік вечарыны, на якой схапілі ягоных сяброў.

Паводле яго, падчас нападу сілавікоў выглядала, што працаўнікам ГУБАЗіКу было цікава, іх забаўляла сітуацыя. Яны добра ведалі, што ідуць супраць музыкаў, якія не стануць адбівацца і не акажуць ім супраціву.

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў затрымалі музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath». Менскі раён, Беларусь. 2 жніўня 2021 года. Скрыншот: МВД Беларуси / Youtube

Тады сілавікі агулам затрымалі 16 асобаў. Частку асудзілі за «непадпарадкаванне» – нібыта яны не адчынілі варотаў узброеным байцам без апазнавальных знакаў. На судзе затрыманыя казалі, што і варотаў не было – толькі зламаная брамка.

Абноўлена
Музыкі «Irdorath» не выйшлі на волю праз 10 дзён па затрыманні
2021.08.13 15:05

У МУС затрыманых называюць «групай дудароў» і цвердзяць, што яны каардынавалі леташнія пратэсты.

«Складана зразумець, на падставе чаго будзе грунтавацца следства. Пакуль лагічна нічога не зразумела. У сітуацыі з гуртом можам казаць, што музыкі сабраліся і без рэпетыцыяў гралі абсалютна без памылак. Але ў вачах дзяржавы людзі, якія бліскучыя, іх імкнуцца зрабіць рахманымі, каб следавалі і падпарадкоўваліся нейкім загадам», – кажа сябра гурта.

Музыкі гурта «Irdorath» прызнаныя палітзняволенымі.

Беларуская Рада культуры ініцыявала кампанію збору сродкаў для арыштаваных музыкаў і іхных сем’яў.

Hавiны
Музыкі Irdorath пра сваё звальненне: «Падчас апошняга дваровага канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон»
2020.11.18 14:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў