Кнігі, стрымы і шмат працы: чым беларускія палітыкі займаюцца дома падчас пандэміі


Наступствы пандэміі закранулі ўсе сферы жыцця беларускага грамадства, адбіліся яны і на дзейнасці палітыкаў. Belsat.eu даведаўся, хто з іх сядзіць дома на самаізаляцыі, чым займаюцца цэлымі днямі і як абараняюць сябе і свае сем’і ад вірусу.

Фота: Адзіны кандыдат 2020

Мы распыталі 5 апазіцыйных палітыкаў пра тое, як змяніўся іхны звычайны лад жыцця. Што давялося адмяніць, а на што, наадварот, стала хапаць часу? Ці адпускаюць яны дзяцей у школу? Якія кнігі чытаюць і ці ходзяць у крамы?

Кавалькова: Праходжу курс маркетынгу, працую па 8 гадзін

Вольга Кавалькова

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Вольга Кавалькова працуе бухгалтарам у прыватнай кампаніі і кажа, што для яе падчас пандэміі змянілася не так і шмат.

«Мая праца асабліва не змянілася, бо яна і так была аддаленая. Што новага? Больш самаізаляцыі, карыстанне сродкамі бяспекі, менш кантактаў з бацькамі, сваякамі, сябрамі. Гэта, канешне, галоўны мінус.

Што да палітыкі, то кампанія праймерыз, канешне, моцна пацярпела. Адным з ключавых момантаў у ёй былі сустрэчы з людзьмі, а калі яны нас бачаць толькі праз інтэрнэт, губляецца кантакт, вельмі бракуе зваротнай сувязі. Відавочна, што паездкі па рэгіёнах не працягнуцца. У свой час гэта было правільнае рашэнне, бо бяспека людзей важнейшая за любыя нашыя палітычныя мэты.

Выходзіць з дому мне ўсё адно даводзіцца. Стандартны набор пры выхадзе ў горад па справах: шматразовыя маска, дэзынфекуючы сродак, у краму – пальчаткі.

Дадатковага часу ў мяне не з’явілася: наадварот, павялічылася колькасць розных заданняў. Мой працоўны дзень цягнецца 8 гадзін. Гэта, у тым ліку, і самаадукацыя – я праходжу курсы па маркетынгу на адной з онлайн-пляцовак. Часу на кнігі асабліва не хапае, але ў планах – прачытаць «Стратэгію блакітнага акіяну», гэта кніга пра бізнес і рынак.

Дастаўкай прадуктаў на дом я не карыстаюся, бо мне зручней набываць іх самастойна. Да цырульні пакуль не дайшла, але планую пайсці, бо там жа таксама карыстаюцца і маскамі, і пальчаткамі, а манікюр я раблю дома сама.

Губарэвіч: Мае дачкі навучаюцца дыстанцыйна, я ўдзячны настаўнікам

Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч перавёў большасць сваіх штодзённых спраў у онлайн-фармат.

«Праз два дні мы падвядзем вынікі онлайн-галасавання на праймерыз і будзем вырашаць, як праводзіць кангрэс па абранні адзінага кандыдата. Калі праз месяц сітуацыя не выправіцца (а мы назіраем толькі пагаршэнне), то адзін з варыянтаў – правесці яго онлайн і са значным скарачэннем колькасці ўдзельнікаў.

Прагназаваць нешта вельмі складана, бо Беларусь выбрала надта ўнікальны шлях барацьбы з эпідэміяй. Калі ў некаторых краінах пік ужо прайшоў, дзякуючы жорсткім каранцінным мерам, то ў нас кіраўніцтва краіны заклікае да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Гэта поўная бязглуздзіца.

Абысціся без выхаду ў горад немагчыма. Гэта паход за прадуктамі і за лекамі. Нават асобныя выезды ў рэгіёны: нядаўна мы з калегамі былі ў Магілёве, дзе запісваліся ў студыі онлайн-тэлебачання. Таксама Рух «За Свабоду» праводзіць кампанію па інфармаванні сталага насельніцтва пра меры бяспекі: выязджаем у іншыя гарады, дзе раздаём памяткі і маскі людзям. Пры гэтым мы самі ў масках, пальчатках і з санітайзерамі.

Hавiны
Каранцін без каранціну. Як каронакрызіс змяніў жыццё беларусаў
2020.04.10 16:32

Грамадскім транспартам я не карыстаюся – езджу на ўласным аўто адзін або з сям’ёй. Прадукты набываю сам у крамах, але абіраю час, калі там мала людзей. Позна ўвечары або з самага ранку ў гіпермаркетах на кальцавой людзей па мінімуме.

Вельмі не хапае жывых сустрэчаў з людзьмі. Сродкі онлайн-камунікацыі сталі займаць у два-тры разы больш часу, чым займалі раней. У выніку працоўны дзень займае больш за 10 гадзін.

Абедзве мае дачкі-школьніцы знаходзяцца дома і навучаюцца дыстанцыйна. Я ўдзячны настаўнікам, якія знайшлі магчымасць гэта наладзіць. Дзеці без адукацыі не сядзяць. Яны займаюцца і самаадукацыяй – штодня слухаюць онлайн-курсы, лекцыі. Таксама яны працягваюць наведваць гурток ангельскай мовы і маляванне, але ў онлайн-фармаце.

Hавiны
Канікулы не падоўжылі, але мы сабралі парады, чым заняць дзіця
2020.03.17 17:20

Кастусёў: Увесь дзень на нагах

Рыгор Кастусёў.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца на вёсцы, дзе працуе ў гародзе, а пасля сядае за камп’ютар.

«Мы ў Партыі БНФ прынялі ўсе меры перасцярогі. Ужо напрыканцы сакавіка Сойм праводзілі ў онлайне. Адмяніліся таксама ўсе сустрэчы з замежнымі партнёрамі, паездкі ў Капенгаген, Польшчу і Літву.

Яшчэ напрыканцы 2019 году мы прапісалі ў статуце Партыі БНФ магчымасць праводзіць Сойм онлайн і нават атрымалі адпаведны дазвол Мінюсту.

Апошнімі днямі я займаўся гародам на вёсцы. Я не тое, што ізаляваўся там: цяпер прыйшоў час саджаць бульбу і я рабіў бы гэта незалежна ад каронавірусу. Таксама выязджалі прыбрацца на могілкі дзядоў-прадзедаў.

Калі паехаў у райцэнтр аплаціць электраэнергію і газ, на ўваходзе ва ўстанову пабачыў абвестку, што без маскі нельга ўваходзіць, і я яе апрануў. А па вуліцы проста хаджу без маскі.

Рукі стараюся мыць часта, тым больш што я з унукамі сустракаюся. Пра дзяцей мы клапоцімся ў першую чаргу. Старэйшых унукаў бацькі ў школу не пускаюць. А напаўненне ў школе цяпер вельмі нізкае, там літаральна адзінкі ў класах.

Цяпер складана вызначыць – праца ў цябе ці не. Пад’ём а 7-ай ранку, кладземся а 12-ай. Фактычна, увесь дзень на нагах! Папрацаваў на гародзе – сядаю за камп’ютар.

Калі выпадае час – што мне ў рукі трапіла, то і чытаю. Не зацыкліваюся на нечым адным. Вось цяпер у мяне ў руках працоўны сшытак назіральніка на выбарах 2012 году. У рамках падрыхтоўкі да назірання на сёлетніх выбарах пераглядаю свае архівы.

Севярынец: Перачытваю Біблію і Флабэра

Павел Севярынец на акцыі пратэсту ў Менску. 21 снежня 2019 г.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

Паводле сустаршыні БХД Паўла Севярынца, той 98 % часу знаходзіцца дома.

«У краму хаджу раз на тыдзень – закупіўся на ўсю сям’ю і ўсё. Выходжу ў масцы, часам у пальчатках, пасля абавязкова мыю рукі не менш чым 20 секундаў.

Не хапае часу на жывое сумоўе, натуральна. А больш часу стала на працу з кнігамі. Цяпер я рыхтую да друку тры свае кнігі – «Беларусалім. Сэрца святла», «Алесь Чаркашын» [пра загінулага на Данбасе беларускага добраахвотніка. – Belsat.eu] і «Ісус Хрыстос гаворыць па-беларуску: 33 доказы».

Таксама я стаў больш часу стаў праводзіць з сям’ёй. Больш часу на сацсеткі, стрымы, каналы, перапіску з людзьмі. Праца ў мяне звычайна цягнецца 14-15 гадзін, з перапынкамі на перакус ці гульню з сынам.

Чытаю я звычайна некалькі кнігаў адразу, паралельна, акрамя сваіх, зразумела. Цяпер перачытваю Біблію, вершы Ларысы Геніюш і «Мадам Бавары» Флабэра.

Караткевіч: Чытаю кнігу, якую мне параіла Алексіевіч

Лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч лічыць, што людзям можа надакучыць працаваць у онлайне, бо ім патрэбны жывы кантакт.

«Пандэмія вельмі моцна змяніла мой лад жыцця. Калі ты грамадскі дзеяч, то ўвесь час мусіш сустракацца з людзьмі, ездзіць па краіне. А цяпер усе сустрэчы ў онлайне, рэгіянальныя паездкі адмененыя.

У мяне стала штук на 30 больш працоўных чатаў у сацсетках. Колькасць працоўных гадзін таксама павялічылася. Хоць нікуды не трэба ехаць, але трэба гатаваць ежу, і ў выніку цэлы дзень заняты.

У прынцыпе я ізалявалася, выходжу толькі па неабходнасці: на закупы і сустрэчы з валанцёрамі, якія немагчыма адмяніць, бо я ўдзельнічаю ў акцыі дапамогі лекарам. Калі выходжу, апранаю маску і пальчаткі. На прабежку сродкі абароны не апранаю.

Я хаджу ў крамы, але заўжды апрацоўваю рукі на ўваходзе і на выхадзе. Дастаўка прадуктаў мяне расчаравала, бо вельмі доўга трэба чакаць замову плюс немагчыма вярнуць тавар, калі ты нечым незадаволены. У мінулым месяцы набыла імбір амаль па 40 рублёў за кілаграм у «Кароне», бо не звярнула ўвагі на кошт. Пабачыла ўжо дома.

Час на самаадукацыю ёсць толькі на выходных. Я зацікавілася новай сістэмай кіравання праектамі «Agile», падключылася і пакуль праходжу першы вэбінар у сваім тэмпе. Гэта прыватная ініцыятыва ІТ-мэнеджара Надзеі Ручанавай. Перыядычна я слухаю розныя стрымы, напрыклад, Наталлі Лёгкай (Берташ), якая цяпер шмат вучыць, як працаваць у онлайне. Відэафармат – гэта незвычайна і крэатыўна, але галоўнае, каб ён не надакучыў, бо людзям, я мяркую, усё ж патрэбны жывы кантакт.

Таксама я пачала чытаць навукова-папулярную кнігу «Бягучая з ваўкамі» аўтаркі Кларысы Эстэс, якую мне параіла Святлана Алексіевіч. Я паехала адмыслова ў горад і набыла яе.

Фота
Чарнобыльскі шлях-2020 у адным фотаздымку
2020.04.26 20:20

КА belsat.eu

Стужка навінаў