Канікулы не падоўжылі, але мы сабралі парады, чым заняць дзіця


Фота: Ірына Арахоўская /«Белсат»

Міністэрства адукацыі зняпраўдзіла інфармацыю аб пераносе школьных канікулаў. Афіцыйна дзеці пойдуць на вясновыя вакацыі 30 сакавіка. Але ёсць і тыя, хто ўжо абмяжоўвае сябе і дзяцей хатнім каранцінам. Belsat.eu распавядае, як зрабіць каранцінна-канікулярныя дні цікавымі і насычанымі.

Каб дні не цягнуліся і не былі аднолькавымі, іх можна зрабіць святочнымі. Новы дзень – новае свята! Кожная сям’я можа выбраць ці прыдумаць свята на свой густ: гэта можа быць дзень доўгіх абдымкаў, дзень сустрэчы вясны, блінны дзень, дзень мараў, дзень камплементаў ці ласкавых словаў. Калі вы ўвечары сядзеце сям’ёю і пачняце планаваць канікулы, то здзівіцеся, колькі крэатыўных ідэяў народзіцца ў вас.

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

А як бавяць час тыя сем’і, якія ўжо з гэтага тыдня прынялі рашэнне не хадзіць у навучальныя ўстановы?

Ганна Севярынец, настаўніца:

«Старэйшая – студэнтка, у яе свая праграма. Сярэдняя ўзрадавалася магчымасці дачытаць «Вайну і мір», набрала яшчэ кніжак. Хатняя бібліятэка ў нас вялікая, магчымасцяў начытацца хапае. Да таго ж яна шмат малюе, і на маляванне заўсёды ёй не хапае часу, цяпер хопіць. Нядаўна цэлы вечар іграла на гітары і флейце, даўно мы такога не чулі, бо яна моцна занятая ў нас, а тут зрабіла такую прыемнасць! Малодшаму набыла кніжку пра космас, дамовіліся, што кожны вечар ён мне расказвае тры цікавыя факты адтуль. Прынесла навюткія фламастэры, дык намаляваў ужо дзве карцінкі. Выпускаю яго гуляць з сябрамі на вуліцу, свежае паветра – найлепшы доктар. Таму не сумуем!»

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Юлія Сівец, журналістка

«У мяне сітуацыя – выйгрышная, бо ў мяне двое дзяцей: яны могуць пэўны час гуляцца адно з адным, без бацькоў. Разам жа мы глядзім кіно ці мультфільмы, выбіраем такія, каб было цікава і дарослым і дзецям. Разам будуем з «лега» і кубікаў цэлыя гарады. Дзеці захапляюцца ролевымі гульнямі: пераапранаюцца ў піратаў, Ката ў ботах, пажарных, рыцараў і амаль бясконца могуць гуляцца з вадою з самымі рознымі цацкамі і прадметамі».

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Яніна Мельнікава, медыяэкспертка:

«Мы сядзім у хаце, выходзім на гадзінку ў бязлюднае месца падыхаць паветрам і зноўку вяртаемся. З амаль шасцігадовай дачушкай сядзець – заўсёды трэба адказваць на пытанні, уключацца ў гульні, сачыць, каб не зацягнула ў планшэт. Мы набылі некалькі новых настольных гульняў, пазлы, маем лега, зараз актыўна займаемся трэніроўкай навыкаў чытання. У планах – вершы і некалькі добрых мультыплікацыйных фільмаў, якія даўно хацелі глянуць. Плюс мая дзетка займаецца мастацкай гімнастыкай, то яшчэ на гэта пэўны час сыходзіць (тут яна ўжо самастойная). Але, канечне, гэта не проста: без падрыхтоўкі столькі разам часу правесці».

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Кацярына Ткачэнка, журналістка

«Замовіла ў інтэрнэт-краме канструктар з больш як 4000 дэталяў. Па маіх падліках яго мусіць хапіць на 4-5 дзён адноснага спакою. Апошні, дарэчы, канструктар. Кажуць, што яны цяпер карыстаюцца попытам большым, чым перад Раством. Нездарма ўзнік анекдот, што шматдзетная маці ўжо на чацверты дзень каранціну вынайшла вакцыну ад каронавіруса! Перажыць два тыдні вакацыяў – ого-го як!»

На дапамогу бацькам прыходзяць псіхолагі і педагогі, якія расказваюць, як з найбольшай карысцю правесці час з дзецьмі. Гэтак, дзіцячы псіхолаг Святлана Ройз тлумачыць, што чым больш гуляюць дзеці, тым лепш будзе праяўляцца іх вучэбная матывацыя ў школе. У гульнях жа важна, каб дзеці атрымлівалі стымулы ў розных каналах успрыняцця.

Візуальны канал:

  • маляванне: зубной шчоткай, далонямі ці з заплюшчанымі вачыма;
  • выкладванне малюнкаў ніткамі;
  • кожны дзень тыдня назваць «сваім колерам»: панядзелак – чырвоны, аўторак – памаранчавы і г. д., выкарыстоўваючы колеры вясёлкі. Кожны дзень надзяваць дэталь адзення пэўнага колеру, паспрабаваць знайсці харчы такога колеру або час ад часу крычаць, напрыклад, «чырвоны» – і трэба хутка дакрануцца да прадмета гэтага колеру.
Фота: Ірына Арахоўская /«Белсат»

Вербальнай канал:

  • вучыць кожны дзень адно новае слова на замежнай мове;
  • з літараў аднаго слова складаць іншыя словы;
  • гульня «Тэлеграма»: на кожную літару задуманага словы прыдумаць слова, каб атрымалася прапанова;
  • спяваць;
  • казаць хуткамоўкі.

Тактыльны канал:

  • падносы з крупамі, у якіх можна пісаць, маляваць, хаваць прадметы;
  • гульні з вадой: запускаць караблікі па вадзе, перамяшчаць іх подыхам;
  • памацаць і здагадацца, які гэта прадмет (можна прапаноўваць адрозніваць ежу на густ, спецыі і харчы – паводле водару).

Аўдыяльны канал:

  • слухаць цішыню;
  • заплюшчыць вочы і адрозніць як мага больш гукаў;
  • напісаць літару «р» у радок – ад зусім маленькай да велізарнай. А ў іншым радку – ад велізарнай да маленькай. Прасіць дзіця, каб прамаўляў гук, падвышаючы гучнасць (чым менш літара, тым цішэй голас);
  • з заплюшчанымі вачыма адгадаць, па якім прадмеце ўдарылі (лыжкай, алоўкам).«Сацыяльныя гульні»:
  • ролевыя гульні з лялькамі і цацкамі, хатні тэатр, міні-спектаклі запісваць на камеру тэлефона;
  • разам займацца кухарствам, гуляць у рэстаран (гэта выдатна дапамагае, калі трэба хутка прыгатаваць абед, пасадзіць дзіцяці за маляванне меню);
  • рабіць домік з падушак і коўдраў і хадзіць адно да аднаго ў госці.

А тым часам тыя, хто раней распачаў каранцін на ўласнае жаданне, ужо дзеляцца сваймі ўражаннямі: «Каранцін – гэта зусім не нудна! Але як гэта можа быць, каб у адным кілаграмовым пакеце з рысам было 2789 зерняў, а ў другім – 2804?!»

Калі ўдосталь нагуляецеся, то можна пераключыцца і на іншыя прыемнасці, напрыклад, не выходзячы з дому наведаць Венскую оперу, якая ў сувязі з каранцінам будзе весці онлайн-трансляцыі сваіх спектакляў. Гэтак жа паступілі і шматлікія іншыя філармоніі ды тэатры свету. Навучальныя ўстановы таксама адкрываюць бясплатны доступ да сваіх унікальных праграмаў. І, вядома ж, кнігі – электронныя і аўдыя на розных мовах! Беларускамоўную літаратуру знойдзеце на Kamunikat.org («Камунікат»), на сайце knihi.com ды ў суполцы «Беларуская літаратура» ва «УКантакце».

Выглядае на тое, што каранцін – гэта абмежаванне кантактаў, але не абмежаванне нашых магчымасцяў забаўляцца ды развівацца!

ВС belsat.eu

Стужка навінаў