Караткевіч пашкадавала беларусафобаў: Арышт гэтых публіцыстаў стаўся непрыемнаю навіною


Былая кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі пракаментавала затрыманне прыхільнікаў «русского мира» Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца.

У інтэрвʼю пракрамлёўскаму парталу eadaily Караткевіч кажа, што асабіста ведае Юрыя Паўлаўца, які на розных пляцоўках «проста выказваў сваё меркаванне».

«Арышт гэтых публіцыстаў, вядома, стаў вельмі непрыемнай навіной. Юрыя Паўлаўца я ведаю асабіста, для мяне гэта чалавек, які на розных пляцоўках проста выказваў сваё меркаванне, усяго толькі спрабаваў разважаць услых. Я лічу, што вельмі няправільна, калі ўлада арыштоўвае людзей за тое, што яны думаюць услых, выказваюць сваю пазіцыю. Лічу гэта, вядома, некарэктным», – сказала Караткевіч.

Пры гэтым яна адзначыла, што не падзяляе поглядаў аўтараў расейскіх сайтаў и не згодная з іх ацэнкамі сітуацыі ў Беларусі. Палітык зрабіла акцэнт на тым, што не трэба «перакручваць гісторыю».

«Я лічу, што корань праблемы можа быць не ў тым, што гэта аўтары, якія пішуць для расейскіх СМІ і прапагандуюць прарасейскія погляды. Трэба дачакацца афіцыйных абвінавачванняў. Але, па вялікім рахунку, гэта ўсяго толькі меркаванне аўтараў. Досыць рэзкае і грубае, але пакуль што ўсё тое, што я бачыла, знаходзіцца ў рамках паняццяў пра свабоду слова, правоў на выказванні і ацэнкі, хоць, вядома, вельмі дыскусійныя», – заявіла яна.

Следчы камітэт распачаў у дачыненні Алімкіна і Паўлаўца крымінальныя справы за распальванне варожасці. Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары