У СІЗА трапіў яшчэ адзін прыхільнік «русского мира», які называў Беларусь «звар’яцелай недадзяржавай», а беларускі акцэнт – «прыкметай нізкага паходжання». Палітолаг Павел Усаў аднак лічыць, што барацьба з «русским миром» у Беларусі не будзе сістэматычнай.
Аўтар публікаваў абразлівыя для Беларусі артыкулы на шавіністычным сайце «Регнум».
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», «Ала Бронь» – гэта 45-гадовы жыхар Берасця Дзмітрый Алімкін, колішні выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.
Алімкін доўгія гады працаваў у «Белдзяржстраху». Апошнім часам быў вартаўніком у школе і пісаў артыкулы на расейскія сайты, змест тэкстаў каардынаваў з рэдактарам сайту «Імперыя» і шэф-рэдактарам «Регнума» Юрыем Баранчыкам.
Як паведаміла «Нашай Ніве» жонка Алімкіна, яго затрымалі раніцай 6 снежня ў Берасці. Затрымліваў АМАП, у хаце быў праведзены ператрус.
Алімкіна падазраюць у здзяйсненні злачынстваў паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы або розні». Алімкін знаходзіцца ў адным з СІЗА Менску.
Палітолаг Павел Усаў заўважыў у каментары Belsat.eu, што затрыманне двух адэптаў «русского мира» – гэта сведчанне, што да ўладаў Беларусі паступова даходзіць разуменне небяспекі ад дзейнасці прарасейскіх сілаў. Праўда, як заўважыў адмысловец, пакуль невядома таксама, наколькі сурʼёзна ўлады Беларусі будуць успрымаць затрыманых і якім будзе пакаранне для іх.
«Мы бачым цяпер захады, скіраваныя супраць прарасейскіх грамадзянаў Беларусі, але нашмат больш небяспечныя за блогераў расейскія медыі, якія зʼяўляюцца праваднікамі «русского мира» ў Беларусі», – адзначыў палітолаг. На ягоную думку, небяспечная ў Беларусі таксама школьная адукацыя, якая фармуе свядомасць маладых беларусаў у рэчышчы расейскай культуры.
«Я не думаю, што ўлады Беларусі будуць весці сістэматычную барацьбу з «русским миром». Гэта будзе хутчэй кропкавае змаганне, бо інакш гэта выкліча вострую негатыўную рэакцыю з боку расейскіх уладаў, з якім афіцыйны Менск і так знаходзіцца цяпер у досыць напружаных адносінах», – заўважыў спадар Усаў.
Больш жонка паведаміць адмовілася, спаслаўшыся на падпіску пра неразгалошванне.
Учора стала вядома пра затрыманне іншага аўтара расейскіх імперскіх сайтаў Юрыя Паўлаўца – выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.
МЯ, паводле nn.by