Жонка Дзяніса Івашына пра перавод мужа ў турму: Досыць дзіўна гэта ўсё выглядае


Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі на строгі турэмны рэжым у жодзінскую турму з магілёўскай калоніі. Пра гэта стала вядома на мінулых выходных. У эфіры «Белсату» паразмаўлялі з жонкай Дзяніса аб тым, што стала прычынаю пераводу і што вядома пра ўмовы ўтрымання палітвязня.

Вольга і Дзяніс Івашыны. Фота з сямейнага архіву

Жонка Дзяніса Івашына Вольга распавядае, што ўжо 840 дзён ейны муж застаецца ў палоне і дакладных звестак пра тое, як ён сябе адчувае пасля пераводу ў турму, яна не мае. «Лістоў пакуль няма, і не ведаю, з чым гэта звязана. Можа быць, на пошце затрымаліся ці цэнзура ў адпачынку, невядома», – кажа Вольга.

Таксама Вольга дакладна не ведае, што сталася прычынаю пераводу Дзяніса Івашына з калоніі ў турму.

«Пра гэта мы не ведаем, і досыць дзіўна гэта ўсё выглядае. Наколькі мы ведаем, за паслугі адваката не плацілі, а значыць, яго нікуды не выклікалі. А як падобны перавод можна было без суда аформіць, нават такога бутафорскага, гэта ніяк немагчыма патлумачыць. Мы пакуль яшчэ не ведаем, як гэта адбылося, але хацелі б даведацца», – распавядае яна.

Асноўнай з імаверных прычынаў пераводу Вольга Івашына называе пагаршэнне ўмоваў утрымання за кратамі. Паводле ейных словаў, найбольш вядомых палітвязняў, такіх як філосаф Уладзімір Мацкевіч ці палітык Павел Севярынец, у сярэднім праз 1,5 года ўтрымання ў калоніі пераводзяць на турэмны рэжым, каб пагоршыць умовы. Але Вольга зазначае, што і ў цяперашніх калоніях «выжыць без добрага здароўя цяжкавата».

«Я ведаю, што Дзяніса збівалі ў калоніі № 15, неяк неўзлюбілі яго і, можа быць, такім чынам вырашылі адпомсціць. А можа гэта быць такі цэнтралізаваны загад, каб усіх палітвязняў пераводзіць на турэмны рэжым», – мяркуе жонка палітзняволенага журналіста.

«Трымаемся толькі вераю ў тое, што праўда за намі, на нашым баку і праўда мусіць перамагчы», – дадае Вольга.

У верасні мінулага года журналіста Дзяніса Івашына прыгаварылі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу памерам 150 базавых велічынь. Кожнаму з дзевяці «пацярпелых» Івашын павінен выплаціць 2000 рублёў. Суд над журналістам пачаўся 15 жніўня і праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суда Дзяніс Івашын выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Журналісту выставілі абвінавачванне паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). КДБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскаю выведкаю. Сваякі і калегі кажуць, што затрыманне звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых байцоў украінскага «Беркута», якія пасля ўцёкаў з Украіны ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Дзяніс Івашын правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 18 месяцаў. За гэты час ён перажыў сэрцавы прыступ, перахварэў на невядомую інфекцыю. На вязня ціснулі: яму блакавалі ліставанне з роднымі, яго неаднаразова кідалі ў карцар. У траўні 2021 года ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі на пахаванне.

Трэба пагаварыць
«Магчыма, у нас ужо не будзе дзяцей», – жонка палітвязня Дзяніса Івашына
2023.01.22 12:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў