Лукашэнка пра скандал з вынікамі ЦЭ: Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела


«Трэба рабіць звычайную, зразумелую сістэму», – так Лукашэнка адрэагаваў на скандал, які разгарэўся ў Беларусі пасля правядзення Цэнтралізаванага экзамену і падліку балаў па ім. Аднак менавіта цяперашняя сістэма некалькі разоў абмяркоўвалася на нарадах з яго ўдзелам.  

Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на скандальны Цэнтралізаваны экзамен, прымаючы кадравыя рашэнні. Менск, 30 траўня 2023.
Фота: belta.by

30 траўня Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на скандал, які ўзнік у Беларусі пасля правядзення Цэнтралізавана экзамену і падліку балаў. Ён кажа, што сістэма правядзення ЦЭ і падліку балаў павінна быць «звычайнай і зразумелай».

«Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага іспыту. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на кампʼютары. Каму гэта трэба? Па-мойму, мы паступалі: ведаеш – тройка, вельмі добра ведаеш – чацвёрка, вельмі-вельмі добра – выдатна. А тут нейкія балы на кампʼютары вылічвалі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка загадаў тэрмінова зрабіць «звычайную, зразумелую сістэму» і вярнуцца праз тыдзень да разгляду гэтага пытання. Ён не задаволены вынікамі рэформы, якую ж сам і ачоліў.

«Семʼі кантралююць паступленне сваіх дзяцей, і гэта натуральна. Але яны не разумеюць, чаго мы хочам ад гэтых дзяцей. І, самае галоўнае, пішуць мне, што сёлетні іспыт «паказаў сваю ідэнтычнасць» з мінулымі двума гадамі, калі яны ў школе здавалі іспыты. Дык навошта мы гэтую катавасію тады зладзілі?» – выказаўся Лукашэнка.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка патлумачыў, якія крокі цяпер будуць зроблены, каб неяк выправіць сітуацыю. Галоўны крок – праверка.

«Пастаўлена задача арганізаваць праверку арганізацыі цэнтралізаваных экзаменаў, якія прайшлі ў маі ва ўсіх сярэдніх навучальных установах нашай краіны, углыбіцца ў гэты працэс, праверыць, удакладніць, якія вынікі атрыманы», – расказаў Ігар Сяргеенка.

Цэнтралізаваны экзамен прайшоў па рускай і беларускай мовах, у ім прынялі ўдзел звыш 53 тыс. старшакласнікаў, з іх каля 900 чалавек паказалі вынік 100 балаў. Па звестках Сяргеенкі, 29 траўня пачалі паступаць звароты ад дзяцей і бацькоў з просьбай растлумачыць, чаму такі бал, чаму бал ніжэйшы, чым быў у час рэпетыцыйнага экзамену.

«Скаргаў паступае дастаткова шмат», – канстатуе кіраўнік Адміністрацыі.

Сяргеенка паабяцаў разгледзіць усе скаргі, кантралёры правераць працу Міністэрства адукацыі, «наколькі ўсё справядліва, наколькі методыка, якая выкарыстоўвалася і зацверджана Міністэрствам адукацыі, адпавядае сённяшнім патрабаванням, ці ёсць там парушэнні». Пры гэтым чыноўнік кажа, што тэсты «максімальна былі складзены на падставе навучальных праграм» і быццам бы збояў і парушэнняў падчас правядзення экзаменаў і падліку балаў не было. Аднак Лукашэнкам «пастаўлена задача ў жорсткія, кароткія тэрміны разабрацца па кожным звароце».

Hавiны
Абураныя бацькі і вучні патрабуюць патлумачыць сістэму падліку ЦЭ
2023.05.29 23:16

Як паведамляў «Белсат», 29 траўня разгарэўся скандал з вынікамі цэнтралізаванага экзамену. Абураныя бацькі і выпускнікі сабраліся ў будынку РІКВ і патрабавалі патлумачыць сістэму налічэння балаў. У сваю чаргу чыноўнікі кажуць, што ніякіх праблемаў няма.

Пасля таго, як сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамену, некаторыя выпускнікі пабачылі дзіўныя адзнакі – адны атрымалі больш за 100 балаў, а некаторыя наагул тысячныя часткі ад адзінкі. Пасля таго, як абураныя бацькі сабраліся ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў (РІКВ), стала вядома, што дырэктар РІКВ ужо паехаў да міністра. Між тым, бацькі паведамлялі ў рэдакцыю «Белсату», што працы правяралі вельмі доўга, вынікі прыйшлі на 15-ты дзень замест 10-га. Апроч таго, у многіх вучняў першасны і тэставы балы супадалі, чаго дагэтуль не было. РІКВ спачатку сказаў бацькам, што ўвечары 29 траўня будуць новыя вынікі, але потым прайшла навіна, што ніякага пераліку балаў не будзе.

І сапраўды, дырэктар РІКВ Юрый Міксюк заявіў 29 траўня, што ніякіх праблемаў няма.

«Пераліку вынікаў цэнтралізаванага экзамену не будзе. Тыя балы, якія абітурыенты бачаць у асабістым кабінеце на сайце РІКВ, актуальныя, правільныя. Яны пойдуць у сертыфікат».

Аднак, як бачым, скандал дайшоў да Лукашэнкі, і ён адрэагаваў на падзеі падчас «кадравага дня» 30 траўня. Выглядае так, што ён быццам забыўся, што сам прымаў удзел у распрацоўцы новых правілаў, па якіх сёлета праводзіўся Цэнтралізаваны экзамен.

 

Hавiны
Будзе і ЦТ, і ЦЭ. У Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ
2022.12.02 15:34

Раней паведамлялася, што новыя правілы правядзення Цэнтралізаваных экзаменаў і тэставання 2 снежня 2022 разглядаліся на нарадзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Тады аб зменах дакладваў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Падчас нарады Лукашэнка запатрабаваў паставіць кропку ў бясконцым рэфармаванні сістэмы экзаменаў.

Усе прапановы былі сабраныя ў адзін дакумент, які самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы ўзгадніў. Пасля чаго Мінадукацыі РБ у каторы раз скарэктавала правілы правядзення цэнтралізаванага іспыту. Тады вызначылі, колькі настаўнікаў павінна быць у аўдыторыі падчас тэставання, устанавілі форму сертыфікату ЦЭ і дазволілі выкарыстоўваць калькулятар. Усе новаўвядзенні былі падрабязна распісаны ў пастанове міністэрства адукацыі нумар 509 ад 30 снежня 2022 года, апублікаванай  на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Hавiны
Цэнтралізаваны экзамен для выпускнікоў школаў яшчэ раз скарэктавалі
2023.01.20 22:17

Мірона Маліна belsat.eu

Стужка навінаў